Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шатляндыя пачне падрыхтоўку да новага рэфэрэндуму аб незалежнасьці ад Лёндану


Першы міністар Шатляндыі Нікола Стэрджэн абвясьціла, што шатляндзкі ўрад пачне падрыхтоўку заканадаўчай базы для новага рэфэрэндуму аб незалежнасьці ад Вялікабрытаніі.

Як паведамляе BBC, спадарыня Стэрджэн назвала новы рэфэрэндум «вельмі верагодным», хоць і не непазьбежным.

Выступаючы перад шатляндзкімі парлямэнтарыямі, яна заявіла, што ўрад падрыхтуе законапраект аб рэфэрэндуме ў выпадку, калі рэфэрэндум апынецца «адзіным або лепшым» спосабам абараніць інтарэсы Шатляндыі пасьля галасаваньня Брытаніі пра Brexit.

У той жа час словы спадарыні Стэрджэн выклікалі сьмех сярод шатляндзкай апазыцыі, якая заклікала ўрад «засяродзіцца на паўсядзённай працы» па паляпшэньні працы дзяржаўнай службы.

На мінулым тыдні Нікола Стэрджэн заявіла пра пляны правесьці апытаньне грамадзкай думкі адносна новага рэфэрэндуму аб незалежнасьці.

У верасьні 2014 году ў Шатляндыі ўжо праводзіўся рэфэрэндум аб незалежнасьці — тады 55% жыхароў краіны выказаліся супраць выхаду са складу Вялікабрытаніі, тады як 45% прагаласавалі за.

XS
SM
MD
LG