Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Баварыі запатрабаваў ад Мэркель зьмяніць палітычны курс


Ангела Мэркель

Ангела Мэркель

Прэм’ер-міністар Баварыі і саюзьнік канцлеркі Нямеччыны Ангелы Мэркель па партыйным блёку ў бундэстагу лідэр Хрысьціянска-сацыяльнага саюзу (ХСС) Горст Зээгофэр вылучыў патрабаваньне аб зьмене палітычнага курсу пасьля паразы Хрысьціянска-дэмакратычнага саюзу (ХДС) на выбарах у фэдэральнай зямлі Мэкленбург-Пярэдняя Памэранія.

Як паведамляе ВВС, сярод найважнейшых пытаньняў, якія патрабуюць карэкціроўкі, ён назваў падаткі, ўнутраную бясьпеку, пэнсіі і міграцыю. У інтэрвію Süddeutsche Zeitung Зээгофэр сказаў, што ў краіне адбыўся раскол і давер да ўлады імкліва зьнікае.

Напярэдадні стала вядома, што на зямельных выбарах у Мэкленбургу-Пярэдняй Памэраніі партыя канцлеркі Мэркель — ХДС — заняла толькі трэцяе месца з 19% галасоў. Яна прайграла Сацыял-дэмакратычнай партыі Нямеччыны, якая набрала 30,6% галасоў, і праварадыкальным папулістам з «Альтэрнатывы для Нямеччыны», якія выступаюць з антыімігранцкімі лёзунгамі і набралі 20,8%.

Шмат якія назіральнікі лічаць вынікі гэтых выбараў важным індыкатарам настрояў у Нямеччыне напярэдадні выбараў у бундэстаг 2017 г. Выступаючы ў панядзелак на саміце G20 у кітайскім Ханчжоў, Ангела Мэркель узяла на сябе адказнасьць за паразу ў Мэкленбургу-Пярэдняй Памэраніі, але заявіла, што не зьбіраецца мяняць палітычны курс, бо па-ранейшаму лічыць слушнымі крокі свайго ўраду ў справе вырашэньня міграцыйнага крызісу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG