Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё сярод маладых эўрапейцаў больш папулярнае, чым тэлевізія


Амаль 450 мільёнаў эўрапейцаў слухалі летась радыё прынамсі раз на тыдзень, паведаміў Эўрапейскі вяшчальны саюз.

Выяўляецца, што сярод маладых эўрапейцаў радыё сёньня больш папулярнае, чым тэлевізія.

Сёньня ў Эўропе працуюць тысячы радыёстанцый. Нягледзячы на разьвіцьцё іншых СМІ, радыё працягвае займаць моцную пазыцыю і хутка адаптавалася да новых часоў. Інтэрнэт даў магчымасьць ствараць новыя радыёстанцыі. Летась ажно 85% маладых эўрапейцаў слухалі радыё прынамсі раз на тыдзень. Сярод маладых людзей ва ўзросьце ад 15 да 24 гадоў радыё слухалі 82%.

Для параўнаньня, тэлевізія карыстаецца большай папулярнасьцю — яе глядзяць 89% жыхароў Эўропы. Аднак сярод маладых людзей яна не такая папулярная, як радыё — тэлевізар глядзіць 75% маладых эўрапейцаў.

За апошнія 5 гадоў сярэдняя працягласьць слуханьня радыё зьменшылася на 13 хвілін і ў 2015 годзе склала 2 гадзіны 29 хвілін. Сярод маладых людзей гэтае падзеньне на адну хвіліну большае. Летась яны ў сярэднім слухалі радыё каля 1,5 гадзіны штодня. Адной з прычын падзеньня можа быць факт, што падлеткі і студэнты ўсё часьцей карыстаюцца сэрвісамі стрымінгу: Spotify, Deezer альбо Tidal.

Найдаўжэй радыё цягам дня слухаюць расейцы — больш за 4 гадзіны 12 хвілін. Далейшыя месцы занялі эстонцы і ірляндцы. Найменш часу з радыё праводзяць нарвэжцы й партугальцы — прыблізна па 1,5 гадзіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG