Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаўленьне «нармандзкага» фармату перамоваў па Ўкраіне, перамовы Абамы і Пуціна, парушэньні дыпляматычнага пратаколу як палітычны дэмарш — што прынёс сьвету саміт у Ханджоў?

Дракахруст: Учора ў кітайскім Ханчжоў завяршыўся саміт «Вялікай дваццаткі». У выніковым камюніке саміту краіны «дваццаткі» паабяцалі супольна змагацца зь міжнародным тэрарызмам, ратыфікаваць сёлета пагадненьне аб спрашчэньні працэдур міжнароднага гандлю, падтрымалі рэформу квот Сусьветнага банку і ўключэньне юаня ў лік рэзэрвовых валютаў Міжнароднага валютнага фонду.

Але напэўна найбольш важныя падзеі прайшлі за кулісамі саміту. У Кітаі адбылася першая за працяглы час сустрэча кіраўнікоў ЗША і Расеі Барака Абамы і Ўладзімера Пуціна.

Два лідэры размаўлялі прыкладна паўтары гадзіны. Тэмамі перамоваў былі сытуацыя ў Сірыі і ва Ўкраіне. Калі судзіць па заявах Абамы і Пуціна, зробленых пасьля перамоваў, яны не прынесьлі істотных вынікаў.

У кастрычніку ў Парыжы адбудзецца сустрэча прэзыдэнтаў Францыі, Расеі і Ўкраіны і канцлера Нямеччыны.

Таксама, як кажуць, на палях саміту адбыліся перамовы расейскага прэзыдэнта з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркэль і прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам. Нагадаю, што некалькі месяцаў таму меркавалася, што падчас саміту адбудзецца сустрэча ў «нармандзкім фармаце» з удзелам прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. Але пасьля сапраўдных ці ўяўных дывэрсіяў у Крыме Пуцін заявіў, што ня бачыць сэнсу ў перамовах у межах гэтага фармату і скасаваў сустрэчу ў Кітаі ўчацьвярых. Аднак ужо ў Ханчжоў ён зьмяніў свой погляд, заявіўшы, што «нармандзкаму» фармату перамоваў няма альтэрнатывы. «Давядзецца размаўляць з Парашэнкам» — сказаў ён.

Алянд пасьля перамоваў з Пуціным паведаміў, што ў кастрычніку ў Парыжы адбудзецца сустрэча прэзыдэнтаў Францыі, Расеі і Ўкраіны і канцлера Нямеччыны.

Да важных вынікаў саміту варта аднесьці заяву Абамы і старшыні КНР Сі Цзіньпіна пра тое, што ЗША і КНР ратыфікуюць Парыскае пагадненьне па клімаце. На Кітай і ЗША прыпадае каля 40% сусьветных выкідаў. Парыскае пагадненьне прадугледжвае абавязаньне дзяржаў па зьніжэньні эмісіі парніковых газаў.

Я таксама зьвярнуў бы ўвагу на шэраг пратакольных і непратакольных інцыдэнтаў, якія сьведчаць пра жорсткасьць сьвету палітыкі. Да самалёту прэзыдэнта Абамы ў аэрапорце не падалі трап, амэрыканскі прэзыдэнт сышоў з борту самалёта праз запасны выхад. Падчас сустрэчы Абамы з Сі Цзінпінам кітайская ахова не хацела пускаць некаторых амэрыканскіх журналістаў і справа ледзь не дайшла да бойкі.

Новы прэмʼер міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй падчас агульнай сустрэчы лідэраў «дваццаткі» не паціснула руку Пуціну. Яна зрабіла гэта толькі падчас асабістай сустрэчы.

Калі гэтыя інцыдэнты службы пратаколаў спрабавалі замяць, праўда, са сьціплым посьпехам, то з заявай прэзыдэнта Філіпінаў гэта не атрымалася. Філіпінскі лідэр Радрыга Дутэртэ меўся сустрэцца з Абамам падчас саміту. Але напярэдадні, абураны амэрыканскай крытыкай, Дутэртэ сказаў пра амэрыканскага лідэра. «Я пракляну цябе на саміце, сукін сын». Сустрэча, зразумела, не адбылася, потым філіпінскі лідэр выказаў шкадаваньне з нагоды ўласных рэзкіх словаў на адрас прэзыдэнта ЗША.

Карбалевіч: Гэты саміт можа быў самым скандальным сярод падобнага роду самітаў апошніх гадоў. І менавіта скандаламі ён запомніўся, бо нешта канкрэтнага з рашэньняў саміту вылучыць цяжка. І гэтыя скандалы зьвязаныя менавіта з ЗША, з прэзыдэнтам Абамам.

Спачатку кітайцы, ігнаруючы традыцыі ўсходняй дыпляматыі быць ветлівымі, ківаць галовамі, не казаць «не», вельмі груба паставіліся да амэрыканскай дэлегацыі і самога Барака Абамы, доўга не падаючы трапу. У краіне, дзе дыпляматычнай працэдуры надаецца надзвычайная ўвага, гэта не магло быць выпадковым. Такая грубасьць зусім не характэрная для замежнай палітыкі Кітаю. Гэта дэманстрацыя незадаволеньня дзеяньнямі ЗША ў рэгіёне Паўднёва-Ўсходняй Азіі, дзе Злучаныя Штаты актыўна спрабуюць будаваць барʼеры, каб абмежаваць рост уплыву Кітая.

Здаецца, статус Менску як цэнтра ўрэгуляваньня украінскага крызысу адыходзіць у гісторыю.

Другі эпізод здарыўся з прэзыдэнтам Філіпінаў, які абразіў Абаму. Такіх пэрсанальных абразаў не дапускаў нават Лукашэнка ў моманты самых вострых беларуска-амэрыканскіх канфліктаў. Хіба што гэта можна параўнаць толькі з заявамі нябожчыка Ўга Чавэса на адрас амэрыканскіх прэзыдэнтаў.

Апанэнты Барака Абамы называюць яго слабым прэзыдэнтам, цьвердзяць, што ён праяўляе слабасьць у замежнай палітыцы. Можа гэтыя скандалы і ёсьць ілюстрацыя гэтай слабасьці. Неяк цяжка ўявіць, каб раней іншыя краіны на афіцыйным узроўні так дэманстравалі непавагу да кіраўніка мацнейшай дзяржавы сьвету. І сымбалічна, што такія рэчы здарыліся на фінішы кіраваньня Злучанымі Штатамі цяперашнім прэзыдэнтам.

З двухбаковых перамоваў варта адзначыць сустрэчы Пуціна з Абамам, Мэркэль і Аляндам. Прычым, пасьля гэтай сустрэчы французскі прэзыдэнт паведаміў, што ў кастрычніку адбудзецца сустрэча «нармандзкай чацьвёркі» ў Парыжы. Здаецца, статус Менску як цэнтра ўрэгуляваньня украінскага крызысу адыходзіць у гісторыю.

Цыганкоў: Па выніках саміту было прынятае камюніке, у якім лідэры «дваццаткі» асудзілі тэрарызм і паабяцалі змагацца зь ім і са спосабамі яго фінансаваньня. Акрамя таго, удзельнікі саміту дамовіліся пра сумесную распрацоўку комплексу захадаў, накіраваных на забесьпячэньне росту сусьветнай эканомікі.

У палітыку прыходзяць людзі, не абцяжараныя правіламі строгага дыпляматычнага этыкету.

Магчыма, на фоне скандалаў, пра якія казалі мае калегі, гэтая тэма не самая ўдзячная, але праблемы сусьветнай эканомікі былі галоўнымі тэмамі саміту «дваццаткі» і абмяркоўваліся даволі актыўна. Але акрамя гэтага камюніке ніякіх прарыўных рашэньняў там не было прынята.

Інцыдэнты, пра якія вы распавядалі, раней былі б малаімавернымі ў міжнароднай палітыцы. Чопарны сьвет дыпляматыі зараз актыўна мяняецца пад уплывам цяперашняга жыцьця, нават сацыяльных сетак, той хвалі папулізму, якая, на думку многіх, захапіла сусьветную міжнародную палітыку.

Прыходзяць больш простыя людзі ў палітыку. Многа пісалі і пра выбары гэтага прэзыдэнта Філіпінаў, які стаў ініцыятарам такога гучнага скандалу, і параўноўвалі яго выбарчую кампанію з кампаніямі іншых папулісцкіх лідэраў. У палітыку прыходзяць людзі, не абцяжараныя правіламі строгага дыпляматычнага этыкету.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG