Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску будзе як у Празе. Ну калі не зусім так, дык прынамсі вельмі блізка да таго. Закутыя ў жалеза рыцары будуць біцца ў Менскім замку на штогадовым турніры ў гонар параду, які тут у пачатку верасьня 1514 году прыняў кароль і вялікі князь Жыгімонт І Стары, адпраўляючы свае войскі пад Воршу.

Калісьці ў мяне была мара... Я і яшчэ яе ня зрокся, хоць надзея на ўвасабленьне меншае з кожным годам. Вось яе маленькая цытата з 11-га нумару «Нашай Нівы» за 2005 год:

«...Вы верыце, што ў адроджаную частку Замчышча гараджане і госьці сталіцы будуць заходзіць празь перакідны мост над Нямігай, за валам на Замкавым пляцы зьявяцца камянічкі рамесьнікаў, там будуць працаваць кавалі і мынцары. У замку ж будуць і музэі беларускага гарадзкога, шляхецкага і народнага строяў, а таксама музэй беларускай зброі... Вы верыце, што ў новым Старым Горадзе будзе адноўленая традыцыя шэсьцяў і парадаў менскіх цэхаў. З цэхавымі харугвамі і сьцягамі, са сьпевамі па Нізкім Рынку будуць калёнамі шпацыраваць гарадзкія майстры... Вы верыце, што ў дварах і будынках Старога Гораду будуць дзясяткі розных тэатраў, а акторы тэатраў дзяржаўных будуць падзарабляць, даючы беларускія інтэрмэдыі XVII—XVIIІ стагодзьдзяў проста на вуліцах старога гораду... Уначы па вуліцах будзе хадзіць сярэднявечная варта, а выхады са старога гораду і ўваход у замак будуць сымбалічна на ноч перакрывацца кабылінамі. Паўсюль будуць кнігарні, пякарні, гасподы і шынкі...»

Мара ажыла з новай сілай, калі ў нядзелю 4 верасьня 2016 году ў Празе заканчваліся ўрачыстасьці з нагоды 700-годзьдзя нараджэньня Карла IV. Тэатралізаваныя касьцюміраваныя шэсьці і мерапрыемствы праходзілі поўныя два дні. Каранацыя, праезд караля з каралевай і сьвітай па горадзе, працэсіі, малебны, пасьвячэньні ў рыцары...

Але зусім мяне дабіў рыцарскі турнір проста ў цэнтры Прагі — на Старамесцкім пляцы. Кароль і арыстакратыя Чэскага каралеўства (а разам і я зь імі) тры гадзіны зачаравана глядзелі, як на засыпаным паўмэтровым слоем пяску (!) Старамесцкім пляцы абсалютна рэальна біліся закаваныя ў жалеза францускія, баварскія і чэскія рыцары. На загалоўным здымку — момант прадстаўленьня каралю і публіцы пяцёркі чэскіх паноў-удзельнікаў турніру. Іхнія дзіды, шчыты і шаломы — у цэнтры здымка на фоне шатра.

Гэта было фантастычнае відовішча! Імітацыя даўніны і мадэрацыя сьвята былі дасканалыя. Перад пачаткам спаборніцтваў каралеўскі сакольнічы паказаў выступы паляўнічых сокалаў, якія са сьвістам праносіліся над галовамі гледачоў. Рыцары рэальна доўга надзявалі на кальчугі латы, пад шаломамі былі тканыя каптуры і жалезныя меншыя шаломкі, я ня мог надзівіцца на шыкоўныя гербавыя конскія гунькі і аўтэнтычныя драбіны для пасадкі рыцараў на коні, падчас спаборніцтваў на трапнасьць удзельнікі турніру цэлілі вялізнымі дзідамі ў маленькія колцы, рыцары рэальна падалі з коней, іх, амаль рэальна непрытомных, адцягвалі ўбок збраяносцы... Адчуваньне — як ад выдатнага спэктаклю або цудоўнага гістарычнага фільму.

Вось відэа з майго айфона, якое я пасьпеў зрабіць да таго, як здохла батарэя. Зьлева добра відаць, як у чарзе на двубой стаяць «францускія рыцары» ў поўным аблачэньні і шаломах:

Надзея, што такое некалі адбудзецца ў адроджаным рэгенэраваным Старым Менску меншае з кожным годам. Людзі вунь ужо захапляюцца кашмарнымі сайдынгавымі навабудамі на вуліцы Зыбіцкай, думаючы, што стары Менск такім і быў... На Замчышчы ставяць хмарачосы...

Але вера не дае надзеі памерці. Таму я і кажу: чакайма такога турніру ў нашым замку, і ён абавязкова здарыцца. І калі так, то не на псэўдагістарычнай Зыбіцкай, але ў сапраўды эўрапейскім Старым менскім замку...

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG