Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд скасаваў штраф, накладзены на актывістку БНФ за тое, што «кепска пасьвіла цяля»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Пухавіцкі раённы суд 5 жніўня адправіў на перагляд пастанову начальніка мясцовага ДАІ, у адпаведнасьці зь якой кандыдатка ў дэпутаты ад Партыі БНФ Натальля Ільініч мусіла сплаціць штраф за тое, што быццам бы «пакінула жывёлу без нагляду» на дарозе, праз што адбылося дарожна-транспартнае здарэньне.

9 ліпеня начальнік ДАІ РАУС Пухавіцкага раёну вынес пастанову, якой Натальля Ільініч прызнаная вінаватай у адміністратыўным правапарушэньні паводле артыкула 18.23 КаАП «Парушэньне правілаў дарожнага руху пешаходам».

«Быццам бы я „пакінула жывёлу без нагляду“, праз што адбылося дарожна-транспартнае здарэньне». На самой справе мы гналі карову з маленькім цяляткам з поля ўтраіх з суседкамі. Калі жывёла ўжо была на мастку і вароты ў двор адчынены, па нашай паласе пад’ехаў чырвоны аўтамабіль, спыніўся і прасыгналіў проста на вуха жывёле. Цяля спалохалася і выскачыла паміж намі на дарогу, а ў гэты час па другой паласе нёсься на вялікай хуткасьці другі аўтамабіль. Жывёліна трапіла пад яго. Сапраўдныя вінаватыя ў здарэньні — кіроўцы гэтых аўто. Іх начальнік ДАІ апраўдаў, а мяне пакараў. Відавочна, што гэтая справа замоўленая дзеля таго, каб змусіць мяне адмовіцца ад удзелу ў палітычнай кампаніі«, — сказала Натальля Ільлініч.

Пры гэтым памер штрафу незвычайны: у пастанове зафіксавана, што штраф складае пяць базавых адзінак, але пры гэтым адзначана, што ў грашовым вымярэньні Натальля Ільініч мусіць сплаціць у бюджэт 1050 дэнамінаваных рублёў. Між тым пасьля дэнамінацыі памер базавай адзінкі складае 21 новы рубель — значыць, сума штрафу 105 руб., а не 1050.

Суд накіраваў справу зноў у ДАІ РАУС Пухавіцкага раёну «для высьвятленьня ўсіх абставінаў».

«У міліцыі нават ня высьветлілі, зь якой хуткасьцю ехала аўта. Невядома, хто сыгналіў, бо тая машына зьехала. Таксама ёсьць несупадзеньні вусных сьведчаньняў кіроўцы і таго, як яго маршрут абазначаны на схеме», — распавядае актывістка і дадае, што, магчыма, рашэньне адправілі на дапрацоўку, бо пачалося галасаваньне.

«Уладам ня хочацца, каб лішні раз гучала інфармацыя пра ціск на кандыдатаў. Таму троху спусьцілі на тармазах. Разам з тым магчыма, што як скончыцца выбарчая кампанія, усё закруціцца яшчэ з большай сілай, і штраф мне давядзецца выплаціць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG