Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Золата Якабіні


Пісьменьнік Зьміцер Дзядзенка.

Пісьменьнік Зьміцер Дзядзенка.

Зьміцер Дзядзенка, «Гісторыі ў прыцемках»; Мінск, Кнігазбор, 2015; 148 с.

Кніга Зьмітра Дзядзенкі ня можа не парадаваць аматараў беларускай (псэўда)гістарычнай прозы. Так, гаворка тут вядзецца пра падзеі, што маглі б адбывацца ў розныя пэрыяды, аднак пра праўдзівасьць апісаных фактаў у публікі мусяць заставацца сумневы. У ідэале. Але ці ўсе беларускія чытачы гатовыя да такога «скептычна-цікаўнага» ўспрыманьня сюжэтаў усіх трох твораў, што склалі кнігу спадара Зьмітра?



Адразу ж прыгадваецца гісторыя з фотаздымкам «нібыта Цёткі», які пісьменьніку і гісторыку Сяргею Балахонаву неяк прынесла на ўрок адна з вучаніц. Спадар Балахонаў выклаў фота на сваёй старонцы ў ЖЖ з тэгам «Цётка» — і панеслася! Сёньня гэты здымак можна пабачыць як ілюстрацыю да ўсемагчымых тэкстаў пра Алаізу Пашкевіч. І калі інтэрнэт-выданьням такую хібу можна дараваць (да таго ж яе хутка выправіць), бо пошукавік сапраўды выдае гэтую ілюстрацыю ў ліку першых, то рэдактарам часопісаў, нават кніг (!) варта было б быць больш пільнымі.

Адразу ж прыгадваецца гісторыя з фотаздымкам «нібыта Цёткі», які пісьменьніку і гісторыку Сяргею Балахонаву неяк прынесла на ўрок адна з вучаніц

Таму я не зьдзіўлюся, калі Зьмітру Дзядзенку і яго містыфікацыям таксама павераць. Павераць у тое, што ў Оршы, на вуліцы Малой Мар’ямпольскай, гліняны голем, вылеплены яшчэ ў эпоху Адраджэньня, каб зьдзейсьніць пракляцьце, накладзенае на род Скарынаў, забіў доктара Скарыну (так, далёкага нашчадка нашага першадрукара) і яго сястру. Што з найкаштоўнейшых яек птушкі Рух можна вырабіць скульптуры неверагоднай прыгажосьці, а ў сутарэньнях дамініканскага касьцёла ў Оршы яшчэ з часоў БНР можа хавацца скарб ротмістра Якабіні. Магчыма, справа ў тым, што нашы чытачы занадта даверлівыя, успрымаюць як праўду ўсё тое, пра што распавядае аўтар, а можа, гэтаму спрыяе сам пэрыяд з 1917 па 1922 гады, пра які вядзе гаворку аўтар? Гэты час яшчэ надзвычай загадкавы, не вывучаны навукай пра мінуўшчыну, а значыць, тады сапраўды магло адбывацца што заўгодна.

Больш за тое, аўтар досыць пераканальны ў сваіх расповедах. Ён выдатна ведае гістарычны кантэкст, арыентуецца ў падзеях і эпохах, бездакорна валодае матэрыялам. Дарэчы, некаторыя з прыведзеных неверагодных фактаў — рэальныя. Дзіўна, але ў Оршы ў пачатку ХХ стагодзьдзя жылі... кітайцы, тут жа ў часы БНР фармаваўся Першы беларускі конны полк (ім і камандаваў наш літаратурны герой Якабіні) і той самы скарб, які мусіў быць скарыстаны дзеля ўмацаваньня БНР, таксама мог існаваць. Але куды ён зьнік ці дзе перахаваны? Як тлумачыць сам Зьміцер Дзядзенка ў пасьляслоўі да аповесьці «Вуаерыст», «ужо ёсьць некалькі вэрсіяў, і аўтар над імі працуе». Дарэчы, «плюсікам» у карму празаіку я назвала б і стыль гэтай пасьлямовы, і сам факт яе наяўнасьці ў кнізе. Без гэтага невялічкага дадатку-тлумачэньня чалавек, які толькі-толькі прачытаў кнігу, застаўся б на раздарожжы, з мноствам пытаньняў без адказаў, яму складана было б зразумець, каму і чаму верыць, а чаму — не. Дарэчы, тут жа аўтар паведамляе, што і пасьля напісаньня аповесьці не спыніў дасьледаваньне азначанага пэрыяду і ўжо мае пэўныя новыя знаходкі. Мо варта чакаць і працягу?

У ліку станоўчых момантаў кнігі назаву таксама яе лякалізаванасьць. Так, падзеі апавяданьня «Голем з Малой Мар’ямпольскай» і аповесьці «Вуаерыст» адбываюцца ў Оршы. Бачна, што аўтар выдатна ведае гісторыю свайго роднага гораду, сьмела вядзе чытача знаёмымі зь дзяцінства вулічкамі. У абыходжаньні з фактамі, любові да Дняпра і яго берагоў, захапленьні невядомым, але магчымым бачым мы і пераемнасьць з творчасьцю іншага знакамітага аршанца. Нездарма ж нават у анатацыі да кнігі падкрэсьліваецца, што Дзядзенка «з вокнаў радзільні зазіраў праз плот на двор хаты Уладзіміра Караткевіча, якая стаіць побач, і спрабаваў падгледзець „творчую кухню“ славутага пісьменьніка-земляка».

Але гэтае параўнаньне з творчасьцю Караткевіча тоіць у сабе больш глыбокія моманты, чым проста павярхоўную пераемнасьць пэўных прыёмаў і прынцыпаў любімага многімі пісьменьніка (а Зьміцер Дзядзенка — выпускнік філфака БДУ, хто, як не ён, мусіў бы пісаць новую альтэрнатыўную гісторыю Оршы). Аўтар «Гісторый у прыцемках» выдатна ведае, як выглядала Орша пачатку ХХ стагодзьдзя. Ён піша: «Павятовая Ворша наогул выглядала горадам невялікім: з брукаванай Пецярбурскай, дзе стаяла амбуляторыя, да ўтравелай Малой Мар’ямпольскай вуліцы дабраліся менш чым за чвэрць гадзіны».

падзеі адбываюцца адразу ў трох часавых вымярэньнях

Што да галоўнага твору кнігі — аповесьці «Вуаерыст», то варта зазначыць удалы выбар аўтарам формы для расповеду. Так, падзеі адбываюцца адразу ў трох часавых вымярэньнях: у 1918 годзе, дзе жыве і дзейнічае ротмістр Якабіні, ён працуе над стварэньнем коннага палка, які мусіць абараняць уладу БНР у горадзе, яму дапамагае незвычайны сябар — кітаец Ян (так ён просіць называць сябе «на беларускі манер»); у прамежку паміж 1982 і 2002 гадамі, калі мы назіраем фармаваньне і завастрэньне некаторых рысаў асобы журналіста Кміціча — яшчэ аднаго ключавога пэрсанажа; а таксама ў 2002 годзе, калі тут клубок таямніц пра золата Якабіні пачынае разблытвацца, а сам журналіст, шукаючы сувязь паміж рабаваньнямі і нават забойствамі зусім не багатых інтэлігентаў, трапляе пад увагу спэцслужбаў. Дарэчы, аўтар тлумачыць, што і ў гэтым моманце сюжэту ён стараецца не адыходзіць ад рэчаіснасьці, бо ў пачатку 2000-х сапраўды адбываліся дзіўныя злачынствы: ахвярамі рабаўнікоў і хуліганаў станавіліся прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, дасьледчыкі беларускай мовы і гісторыі.

Фантазія і знаходлівасьць аўтара выдатна спрацавалі: кавалкі пазлу склаліся, і атрымаўся захапляльны дэтэктыўны сюжэт з журналісцкім расьсьледаваньнем, пошукамі скарбу і вандроўкамі па падземных хадах у старажытнай Воршы. Вельмі цікавай падаецца і сама вэрсія існаваньня падземнага ходу, што вядзе ад аршанскага дамініканскага касьцёла да берагу Дняпра.

Многія дэталі, на якіх спыняецца аўтар падчас расповеду, пададуцца блізкімі і нават роднымі чытачу. Гаворка не толькі пра аршанцаў, але і пра ўсіх прадстаўнікоў таго пакаленьня, што памятае часы фотапавелічальнікаў, чырвоных ліхтароў у ванным пакоі і фотарэактываў у спэцыяльных шэрых і карычневых плястыкавых пасудзінах. Вынаходлівы Кміціч і на гэты раз не падвёў: з дапамогай старога павелічальніка ён разглядае загадкавую фотастужку, дзеля якой адзін небарака проста на яго вачах ахвяраваў жыцьцём. Відовішча забойства не з прыемных, і калі б у аўтара была мэта стварыць псыхалягічны трылер, то гэты момант, безумоўна, стаў бы адным з ключавых. Але тут ён, на жаль ці на шчасьце, праходзіць амаль не заўважаны ні апавядальнікам, ні чытачом.

«аматары аральных задавальненьняў ідуць у філёлягі, садысты — у хірургі, людзі без фантазіі — у якія-небудзь сьлесары ці водаправодчыкі»

Варта падкрэсьліць і пэўны эратызм «Вуаерыста» (на яго намякае ўжо і сама назва). Тут вам і выпадкова знойдзеная фотастужка з эратычнымі здымкамі, і назіраньні за дзяўчатамі ў інтэрнаце, якія пераапранаюцца недалёка ад вокнаў, і любошчы парачак у парку, і — як вынік — нездаровае (або цалкам нармальнае) жаданьне падглядваць за сваёй жа дзяўчынай у душы. Лягічным будзе пытаньне: што пра Кміціча сказаў бы дзядуля Фройд? Пэўнае тлумачэньне такой акцэнтуацыі характару журналіста дае яго дзяўчына Ксэня. І яе вэрсія досыць цікавая. Яна палягае ў тым, што выбар прафэсіі часам залежыць ад сэксуальных схільнасьцяў чалавека. Так, «аматары аральных задавальненьняў ідуць у філёлягі, садысты — у хірургі, людзі без фантазіі — у якія-небудзь сьлесары ці водаправодчыкі». А тым, хто любіць калекцыянаваць назіраньні — дарога ў кіно або ў журналісты. Як кажуць, любую тэорыю можна даказаць, таму мо і гэтая мае права на існаваньне.

Зрэшты, рэальнасьцю можа аказацца і сэнсацыйная тэорыя пра скарб Якабіні ці хаця б дапушчэньне сымбалічнасьці вобразу. Мо аўтар мае на ўвазе зусім ня золата, а нешта ня менш каштоўнае для нашай гісторыі? Мо варта працягнуць пошукі — і разгадка таямніцы знойдзецца?

Марына Весялуха

XS
SM
MD
LG