Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стывэн Сыгал у Кыргызстане: «Лукашэнка, Пуцін, Атамбаеў — вялікія людзі»


Стывэн Сыгал

Стывэн Сыгал

Стывэн Сыгал працягвае постсавецкае турнэ — цяпер ён гасьцюе ў прэзыдэнта Кыргызстану. Падарожжы Стывэна Сыгала, паводле яго словаў, маюць вялікую місію — мір ва ўсім сьвеце.

Як перадае The Guardian, галівудзкі актор, які цягам апошніх месяцаў сустрэўся з шэрагам постсавецкіх лідэраў, у тым ліку і з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіў падчас візыту ў Кыргызстан, што «ён хацеў, каб усе людзі былі разам, каб жылі ў гармоніі».

Падчас візыту ў Беларусь Стывэн Сыгал пакаштаваў моркву з рук Лукашэнкі, а таксама абмеркаваў зь ім надвор’е і ўраджай, які беларускі прэзыдэнт вырасьціў у сваёй сядзібе.

Сыгал мае цёплыя сяброўскія стасункі з Уладзімірам Пуціным і нават быў запрошаны ў рэзыдэнцыю расейскага прэзыдэнта. Ён таксама наведаў Рамзана Кадырава.

У Кыргызстане Сыгал сустрэўся з прэзыдэнтам Алмазбэкам Атамбаевым і паўдзельнічаў ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцьця «World Nomad Games». Перад гледачамі ён зьявіўся ў сярэднявечных дасьпехах і верхам на кані.

«Вам пашанцавала, таму што ў вас ёсьць, на мой погляд, выдатны прэзыдэнт. — сказаў Сыгал мясцовым журналістам у Бішкеку. — Ён ставіўся да мяне не як да госьця, але як да сябра. Мы абмяркоўвалі шмат вельмі важных пытаньняў. Асабістыя пытаньні, філязофскія пытаньні, духоўныя пытаньні».

На пытаньне, чаму Сыгал зьдзяйсьняе шэраг сустрэчаў з постсавецкімі лідэрамі, актор сказаў, што лічыць Пуціна, Лукашэнку і Атамбаева вялікімі людзьмі.

«Ты не павінен быць вялікім чалавекам, ці добрым чалавекам, ці этычным чалавекам для таго, каб быць прэзыдэнтам краіны, але факт у тым, на маю сьціплую думку, што Бог блаславіў мяне зьведаць гонар і даведацца, што яны папраўдзе вялікія людзі», — сказаў актор.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG