Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама адмяніў сустрэчу з прэзыдэнтам Філіпінаў пасьля абразы


Прэзыдэнт Філіпінаў Радрыга Дутэртэ

Прэзыдэнт Філіпінаў Радрыга Дутэртэ

Прэзыдэнт ЗША Барак Абама адмяніў сустрэчу з прэзыдэнтам Філіпінаў Радрыга Дутэртэ, які назваў яго «сукіным сынам».

Абама сказаў, што зьверне дадатковую ўвагу на зьвязаныя з наркагандлем пазасудовыя забойствы на Філіпінах, якія абураюць праваабаронцаў.

Аднак спадар Дутэртэ, з санкцыі якога адбываюцца забойствы наркагандляроў, сказаў, што калі гэта адбудзецца, то ён публічна назаве яго лаянкавым выразам «Putang ina» (сукін сын).

Замест прэзыдэнта Філіпінаў лідэр ЗША сустрэнецца цяпер з прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі.

Сустрэча адбудзецца ў Лаосе ў рамках саміту Асацыяцыі дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі.

Прэзыдэнт Дутэртэ, які прыйшоў да ўлады ў чэрвені гэтага году, узяў жорсткую лінію ў барацьбе з наркагандлем.

З тых часоў на Філіпінах былі забітыя каля 2400 падазраваных у гандлі наркотыкамі.

Ён назваў «грубымі» спробы амэрыканскага прэзыдэнта ўмешвацца ў яго палітыку.

«Кампанія супраць наркотыкаў будзе працягвацца. Многія людзі памруць, многіх заб’юць, пакуль на вуліцах не застанецца ніводнага дылера... мы будзем працягваць, пакуль ня будзе забіты апошні вытворца», — сказаў спадар Дутэртэ.

Раней ён ужо ўжываў лаянкавыя словы на адрас іншых публічных асобаў.

Папу Францішка прэзыдэнт Дутэртэ таксама называў «сукіны сынам», дзяржсакратара Джона Керы — «вар’ятам», а амбасадара ЗША на Філіпінах — «гомасэксуальным сукіным сынам».

Карэспандэнты кажуць, што такія калярытныя фармуляваньні добра ўспрымаюцца яго выбарнікамі, аднак могуць дорага абысьціся спадару Дутэртэ на міжнароднай арэне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG