Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія спэцслужбы расьследуюць умяшаньне Расеі ў выбары ЗША


Амэрыканскія службы выведкі і праваахоўныя органы спрабуюць высьветліць дэталі і вызначыць маштабы таемнай дзейнасьці расейскіх спэцслужбаў у Злучаных Штатах, накіраванай на падрыў даверу амэрыканцаў да выбарчага працэсу і палітычных інстытуцыяў.

Пра гэта паведамляе газэта The Washington Post. Мэта намаганьняў, распачатых па ініцыятыве дырэктара амэрыканскай выведкі Джэймса Клапера — лепш зразумець якія так званыя «актыўныя апэрацыі» могуць весьці расейскія спэцслужбы ў ЗША і якія іх мэты.

Паводле крыніцаў газэты ў амэрыканскіх праваахоўных органах, ФБР актыўна расьсьледуе ўзлом кампутарных сетак Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі, у выніку якога былі абнародаваныя больш за 20 тысяч службовых дакумэнтаў, крадзеж выбарчых сьпісаў з кампутараў выбарчага савету ў Ілінойсе і спробу ўзлому кампутараў выбарчай рады ў Арызоне.

За гэтымі дзеяньнямі, як лічаць амэрыканскія экспэрты, стаяць расейскія хакеры. Афіцыйны Вашынгтон пакуль ня ўсклаў віну за іх на Расею. Як піша газэта, мэта Крамля, хутчэй за ўсё, палягае ня ў спробе паўплываць на вынік выбараў, а ў правакаваньні хаосу ў часе выбараў і дыскрэдытацыі амэрыканскага выбарчага працэсу ў вачах свайго ўласнага насельніцтва. Некалькі ўплывовых амэрыканскіх заканадаўцаў з абедзьвюх партый заклікалі прэзыдэнта ЗША Барака Абаму выступіць з публічным асуджэньнем незаконных дзеяньняў Расеі. Прадстаўнікі адміністрацыі Абамы заяўляюць, што яны пакуль ня вырашылі, якім павінен быць адказ ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG