Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя праводзяць праверку па факце сьмерці ў СІЗА № 1 у Менску былога дырэктара ААТ «Узьдзенскі райаграсэрвіс» 30-гадовага Аляксандра Біча. Ён зьяўляецца адным зь фігурантаў крымінальнай справы экс-старшыні Узьдзенскага райвыканкаму Вячаслава Пахольчыка.

Пра гэта БелаПАН паведаміла афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.

Паводле Ганчаровай, прыкмет гвалтоўнай сьмерці або суіцыду ня выяўлена. Прызначана судова-мэдычная экспэртыза, апытваецца мэдпэрсанал. Адна з вэрсій сьмерці маладога мужчыны — хвароба.

Паводле СМІ, Аляксандар Біч памёр яшчэ 8 жніўня, але інфармацыя пра гэта зьявілася толькі сёньня.

Прысуд у справе аб карупцыі ў Узьдзенскім райвыканкаме абвесьцілі сёлета 1 сакавіка. Былы старшыня райвыканкаму Вячаслаў Пахольчык атрымаў сем гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй усёй маёмасьці. Былы дырэктар ААТ «Узьдзенскі райаграсэрвіс» Аляксандар Біч быў пакараны шасьцю гадамі зьняволеньня таксама з канфіскацыяй усёй маёмасьці. Нямецкі бізнэсовец Уладзімер Штрайхерт прыгавораны да трох гадоў пазбаўленьня волі. Яшчэ адзін фігурант справы, мэнэджэр гэтай кампаніі Павал Валюкевіч, атрымаў два гады пазбаўленьня волі.

Паводле сьледзтва, узьдзенскія чыноўнікі атрымалі хабар у 13 тысяч эўра на дваіх за вырашэньне пытаньня аб закупцы ў нямецкай фірмы для Уздзенскага райаграсэрвісу самаходнага буракаўборачнага камбайна «Рэксор-620» коштам амаль у 435 тысяч эўра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG