Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Асабістыя кепскія адносіны, нежаданьне дражніць Маскву пашанай памяці «архітэктара» незалежнай палітыкі Ўзбэкістану, слабыя эканамічныя сувязі з гэтай краінай — матывы, па якіх на пахаваньне Карымава паехаў не Лукашэнка, а Кабякоў.

Удзельнікі: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Карбалевіч: Хоць афіцыйна было абвешчана, што нязьменны прэзыдэнт Узбэкістана Іслам Карымаў, які кіраваў краінай 25 гадоў, памёр увечары 2 верасьня, большасьць незалежных назіральнікаў упэўненыя, што гэта адбылося значна раней. Агенцтва «Фергана» паведаміла аб яго сьмерці яшчэ 29 жніўня. Цалкам магчыма, што паплечнікі Іслама Карымава, хаваючы інфармацыю пра сьмерць уладара, па-першае, дзялілі ўладу, па-другое, асьцерагаліся, каб гэтая вестка не выклікала дэстабілізацыі ў краіне.


Нешта падобнае адбываецца з усімі дыктатарамі. Яны пазбаўленыя права на годныя сыход, бо сама іх сьмерць становіцца фактарам палітычнай барацьбы. Зьдзівіў невысокі ўзровень замежнага прадстаўніцтва на жалобных мерапрыемствах. Ўсё ж такі размова ішла аб адным з патрыярхаў сусьветнай палітыкі. На пахаваньне прыбылі дэлегацыі з сямнаццаці краінаў, прычым на вышэйшым узроўнем былі прадстаўлены толькі чатыры дзяржавы: Аўганістан, Таджыкістан, Туркмэністан і Грузія. Прэзыдэнты Расеі, Казахстану, Турэччыны зьехалі ў Пэкін на саміт G20. Для параўнаньня: у 2013 годзе разьвітацца з Уга Чавэсам прыехалі лідэры 33 дзяржаў. Беларускую дэлегацыю на пахаваньні Іслама Карымава ўзначальваў прэмʼер-міністар Андрэй Кабякоў.

Чаму не паехаў сам Лукашэнка? Усё ж такі доўгі час Беларусь і Ўзбэкістан знаходзіліся ня толькі ў СНД, але і ў АДКБ, і ЭўрАзЭС. Можа, па-першае, убачыў, што няшмат хто зь кіраўнікоў іншых дзяржаваў едзе на пахаваньне Карымава. Але галоўнае, думаю, ня гэта. У прэзыдэнтаў Беларусі і Ўзбэкістану адносіны відавочна не склаліся, яны дрэнна адзін аднаго пераносілі, рэгулярна абменьваліся ўколамі, прычым, публічнымі, што ня так часта бывае.

У тым жа 1996 годзе Іслам Карымаў, раздражнёны імкненьнем беларускага лідэра быць галоўным інтэгратарам на постсавецкай прасторы, проста адчытаў маладога калегу

Вось я паглядзе свой архіў і знайшоў там некалькі пікіровак. У 1997 годзе А. Лукашэнка расказваў журналістам тэлеперадачы і газэты «Совершенно секретно» аб адным эпізодзе, які адбыўся годам раней на прыёме ў Маскве пасьля чарговага саміту. Прэзыдэнт Беларусі вымавіў тост у гонар Барыса Ельцына. І вось што адбылося потым: «Падымаецца Карымаў. Р-раз, мяне зачапіў — што я, маўляў, камуністаў у Расеі не лаю. Падымаецца Назарбаеў. Таксама мяне падчапіў, зноў за камуністаў. Я не стрываў: ды хопіць вам, кажу, што вы, палітбюро сабралася тут! Што вы на мяне наваліліся?!»

У тым жа 1996 годзе Іслам Карымаў, раздражнёны імкненьнем беларускага лідэра быць галоўным інтэгратарам на постсавецкай прасторы, проста адчытаў маладога калегу: «Калі слухаеш прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку, ствараецца ўражаньне, што калі рэспублікі былога СССР неадкладна ня зоймуцца інтэграцыяй і ня аб’яднаюцца вакол Расеі, то ўсе яны зьнікнуць — у іх няма ніякіх пэрспэктыў, ніякіх шанцаў на выжываньне, усіх іх чакае крызыс. Патлумачыць празьмерную актыўнасьць некаторых палітыкаў, прыхільнікаў неадкладнай інтэграцыі, можна, па-першае, імкненьнем стала быць у цэнтры ўвагі, паказаць сябе заступнікам інтарэсаў ня толькі свайго народа, але і іншых, калісьці былых у складзе СССР рэспублік. Па-другое, гэта тлумачыцца жаданьнем адцягнуць увагу сваіх суграмадзян і грамадзкасьці ад важнейшых унутраных праблемаў».

Узбэкістан — адзіная постсавецкую дзяржава, якая ня мае ў Менску сваёй амбасады

Але і Аляксандар Лукашэнка не заставаўся ў даўгу. У кастрычніку 2007 года, выступаючы перад расейскімі журналістамі, ён не занадта далікатна прайшоўся па ўзбэцкім лідэры: «Памятаеце няшчасьце, якое абрынулася на Ўзбэкістан? Ён шчыльна супрацоўнічаў са Злучанымі Штатамі Амэрыкі. Як павялі сябе амэрыканцы ў адносінах да Ўзбэкістану? Яны гатовыя былі, як з Аўганістанам, пачаць вайну. Куды прыйшоў Карымаў? У СНД, да Расеі. Зьвярнуўся ў СНД: дапамажыце, абараніце. І ў ЭўрАзЭС, і ў АДКБ уступіў адразу ж. Зразумеў, дзе яго шчасьце».

У кастрычніку 2011 году Лукашэнка заявіў, што «трайная гульня, якую сёньня вядзе Ўзбэкістан, не дазваляе яму знаходзіцца ў АДКБ». А ў мінулым годзе напярэдадні дня перамогі на саміце СНД у Маскве кіраўнікі Беларусі і Ўзбэкістану публічна паспрачаліся, хто з народаў унёс большы ўклад у перамогу над Германіяй.

Таму ня дзіўна, што Узбэкістан — адзіная постсавецкую дзяржава, якая ня мае ў Менску сваёй амбасады. Карымаў ні разу не прыяжджаў у Беларусь з афіцыйным ці рабочым візытам, толькі на саміты інтэграцыйных аб’яднаньняў. А Лукашэнка зьдзейсьніў толькі адзін візыт у гэтую краіну ў сьнежні 1994 года. Зразумела, чаму і на пахаваньне ён не паехаў.

Дракахруст: Хутчэй за ўсё вы маеце рацыю, вы далі такую падрабязную рэтраспэктыву асабістых стасункаў двух кіраўнікоў. А як мы ведаем, асабістыя адносіны паміж кіраўнікамі аўтарытарных дзяржаваў шмат у чым вызначаюць адносіны і паміж самімі гэтымі дзяржавамі. І так можна разумець, што адносіны паміж Лукашэнкам і Карымавым былі хіба ня самыя горшыя ва ўсім СНД. Але мне здаецца, што акрамя гэтыя асабістых крыўдаў тут ёсьць і геапалітычны разьлік.

Так, Узбэкістан быў дыктатурай, дарэчы, адной з самых рэпрэсіўных як на тэрыторыі былога СССР, так і ўвогуле ў сьвеце. Але пры гэтым Карымаў вёў даволі незалежную ад Масквы палітыку. Ён то ўступаў у АДКБ, то выходзіў, і вельмі часта спробы Масквы распаўсюдзіць свой уплыў на Ўзбэкістан сутыкаліся з даволі жорсткім адказам Ташкента.

Узбэкістан быў дыктатурай, дарэчы, адной з самых рэпрэсіўных як на тэрыторыі былога СССР, так і ўвогуле ў сьвеце. Але пры гэтым Карымаў вёў даволі незалежную ад Масквы палітыку

Паездка на вышэйшым узроўні на пахаваньне Карымава ў пэўным сэнсе была б ухвалай гэтай палітыкі. Гэта было б пэўнай дэманстрацыяй. І вось мы бачым, што туды не паехаў ня толькі Лукашэнка, а і, скажам, Алмазбэк Атамбаеў, прэзыдэнт Кіргізстану. Каб не дражніць Маскву, не правакаваць адтуль незадавальненьня. Зараз многія экспэрты гавораць, што новыя ўзбэцкія ўлады, хутчэй за ўсё будуць збліжацца з Расеяй, адмаўляцца ад лініі Карымава. І тое, што Лукашэнка не паехаў на пахаваньне ў Самарканд, можна разглядаць як ухвалу гэтай будучай палітыкі новых кіраўнікоў Узбэкістану.

Карбалевіч: Я б хацеў трошкі паспрачацца з вамі, Юры. Вы кажаце, што Лукашэнка не паехаў, каб праявіць пэўную салідарнасьць з Масквой. Але нядаўна Лукашэнка езьдзіў у Стамбул на саміт ісламскіх дзяржаў, які быў у піку Маскве, якая ў гэты час з Турэччынай была ў канфлікце. Год таму Лукашэнка паехаў у Туркмэністан на 20-годзьдзе сьвяткаваньня палітыкі нэўтралітэту Туркмэністану. Ён там нават там паспрачаўся з Валянцінай Матвіенкай, сьпікерам Савету Фэдэрацыі РФ. А тут ён нібы праявіў салідарнасьць — ну, адно з другім не зусім стасуецца.

Дракаруст: А чаму? Справа ў тым, што ў Стамбуле і ў Ашхабадзе ён размаўляў з жывымі. А тут прысягаць спадчыне таго, хто сышоў. Навошта?

Цыганкоў: Вы закранулі і асабістыя, і палітычныя матывы. Засталіся эканамічныя матывы дачыненьняў Беларусі і Ўзбэкістану. Яны на дзіва вельмі слабыя. Таваразварот з Узбэкістанам мінімальны — 0,1% ад зьнешняга таваразвароту Беларусі за 2015 год. А Узбэкістан зьяўляецца буйной краінай Цэнтральнай Азіі і былой рэспублікай Савецкага Саюзу, традыцыйна з такімі краінамі таваразварот у Беларусі ёсьць і немалы. Пры тым у 2015 годзе ён прыблізна ў два разы зьнізіўся ў параўнаньні з 2013-м і 2014-м.

калі б ён туды паехаў, гэта было б выдзяленьнем на фоне іншых кіраўнікоў і суседніх з Узбэкістанам краінаў

Усе апошнія гады таваразварот з Узбэкістанам быў разаў у 10-15 меншы, чым з Казахстанам. Пры тым, што маштабы эканомік гэтых краінаў сувымерныя. Сапраўды так атрымалася, што паводле палітычных, асабістых і эканамічных прычынаў Узбэкістан займае вельмі сьціплае і непрыкметнае месца ў беларускай замежнай палітыцы і эканоміцы. Пагаджуся з вашымі словамі пра тое, чаму Аляксандар Лукашэнка не паехаў. Магчыма, калі б ён туды паехаў, гэта было б выдзяленьнем на фоне іншых кіраўнікоў і суседніх з Узбэкістанам краінаў. У дадзеным выпадку не паехаць, а паслаць замест сябе прэм’ер-міністра выглядала больш звычайным і традыцыйным крокам, які зрабіла і большасьць краінаў-суседзяў.

Ну а на гэта наклаліся і ня самыя лепшыя асабістыя адносіны, і малыя эканамічныя інтарэсы Беларусі. А мы ведаем, што якраз з дастаткова далёкімі ад Беларусі краінамі менавіта эканоміка кіруе беларускай зьнешняй палітыкай.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG