Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус ня даў інтэрвію беларусу


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Беларуская мова – як адкрыты пароль без сакрэтных слоў, знакаў, лічбаў. Як сказаў паэт, родная мова адкрывае сэрцы.

Як ключык. Вы, ты і незнаёмец ці незнаёмка, карыстаецеся сваёй мовай і гэтага дастаткова, каб наладзіць кантакт.

Так, як у любых замежнікаў бывае. Толькі з розьніцай, што тыя радуюцца, сутыкнуўшыся зь земляком за мяжою. У нас — што раптам зь невядомым чалавекам маеш адну мову на вуснах, беларускую, унутры краіны.

Хаця не заўсёды будзеш мець магчымасьць парадавацца. Можаш застацца часам у непаразуменьні. Як я цяпер. Беларускія шыльды ў Горадні — рэдкасьць вялікая. І раптам прыватная кнігарня, шыльда плюс да яе партрэт Скарыны, які бачаць штодня тысячы людзей. Як не напісаць? Зазірнуў, гаспадара не было, але вось візытовачка. Тэлефаную, называюся, тлумачу, што хацеў бы зрабіць матэрыял. І, дарэчы, кажу, буду рыхтаваць новы нумар літаратурнага альманаху «Новы Замак», у ім нататка аб кнігарні са Скарынам таксама будзе дарэчы.

Кнігар мне: дык давайце сустрэнемся ў кнігарні, што мы па тэлефоне толькі. Адказваю: выдатна, я «за». Дамаўляемся пра сустрэчу. Тэлефаную: тэлефон адключаны. Ну што ж, наступным разам, у мяне прафэсія — дазвоньвацца. Нарэшце, дамаўляемся аб сустрэчы, я на месцы на дзесяць хвілін раней. Заходжу, чую званок, прадавачка: гаспадар затрымаецца на дваццаць хвілін. А яму: а ён ужо прыехаў і пытаецца — як мяне назваць? Я зьлёту: журналіст, зь якім дамаўляліся аб сустрэчы. Добра, пачакаю на вуліцы.

Доўга чакаў. Ні чалавека, ні званкоў: ні ў кнігарню, ні мне. А мог бы: хаця б сказаць, што ня змог, ці перадумаў. Я ж не валацуга нейкі. Дома выняў з заплечніка «Новы Замак», думаў кнігару ўручыць. Чалавек прадае кнігі, але пра «Новы Замак», на жаль, ніколі ня чуў.

Так што беларуская мова не абавязкова можа спрыяць кантактам паміж двума носьбітамі. І нават любоў да Скарыны.

Ляжу аднойчы ў шпіталі, і мне гавораць: тут працуе адзін чалавек, што таксама размаўляе толькі па-беларуску. І я трапляю да яго! Гэта анэстэзыёляг. Ён будзе рабіць мне «замарозку». Ён зьвяртаецца да мяне, я адказваю. Прыемна! І раптам бачу і чую, як ён ніякавее ды пачынае пераходзіць на расейскую. Я ў непаразуменьні, чым выклікана такая зьмена? Але мне трэба засынаць.

Мне кажуць аднойчы: у цябе па-суседзтву ў оптыцы акуліст беларускай карыстаецца, прынамсі калі па тэлефоне размаўляе. Іду замаўляць акуляры. Акуліст не прызнаецца, што валодае беларускай, больш за тое, глядзіць на мяне строга, зь нецярплівасьцю: калі ж я пайду?

Як такія прыклады патлумачыць? Чаму чалавек хаваецца, як сьлімак у ракавіну, замест таго, каб скарыстаць зь нячастай магчымасьці паразмаўляць па-беларуску? У чым прычына? Можа падсьвядома ўзьнікае ўнутраны супраціў: не дапускаць незнаёмых на сваю тэрыторыю? На дзялку роднай мовы, дзе ты сам-насам, гаспадар кветніка? Ня ведаю.

Цяпер часьцей убачыш людзей каля беларускай паліцы ў кнігарні. Кароткае адраджэньне пры Шушкевічу надало штуршок. Раней жа ніхто не падыходзіў. Але аднойчы бачу: кабета разглядае кніжку, гэта быў пераклад Байрана. Сам я зусім не «кашуля наросхрыст», але тут прыемна ўражаны, зьвяртаюся да спадарыні, кажу: кніга сапраўды вартая, пераклад добры, перакладчык вядомы. І раптам замест дыялёгу – рэзкая рэакцыя: чалавек ставіць кніжку назад і сыходзіць, не сказаўшы ні слова.

Я проста ў шоку. Я задаю сабе пытаньне ў такіх выпадках: чаму? Які адказ? Мабыць да мовы ў беларуса часам стаўленьне, скажам, цнатлівае, інтымнае. Мова — пакаёвая кветка ў гаршчку, сьціплая, як ён сам у душы. Якую нікому не паказваюць. Не таму, што хаваюць ці саромеюцца, маўляў, асабліва няма на што глядзець. Не, зусім не. Проста яна — асабісты талісман, як дарагая фотакартка ў партманэце, якую заўжды трымаюць пры сабе.

І так будзе, пакуль галоўны начальнік не загаворыць па-беларуску. З трыбуны, з усіх рупараў. Ня зьдзекліва і не па паперцы даклад прачытае ў рэдкую нагоду, са строгім тварам. А загаворыць лагодна, прыхільна, з прыязнасьцю. Па-бацькоўску. Як было, скажам, калісьці пры цары Гароху, у кароткі час дэмакратызацыі. Бо дэмакратыя і беларусізацыя — гэта бакі аднаго мэдаля. Як мы змаглі пераканацца на сваім горкім вопыце.

І яшчэ адно назіраньне. Калі чалавек адчуе, што ён горш за вас валодае роднай мовай, гэта можа выклікаць у яго абарончую рэакцыю і размовы ў вас не атрымаецца. Усё нашы комплексы віною, як іх пазбыцца?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG