Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У каго цяпер кіраўнік Беларусі можа папрасіць 300 мільёнаў заплаціць Расеі за газ


Чаму Расея заяўляе, што не зьбіраецца павялічваць пастаўкі нафты ў Беларусь?

Удзельнікі: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Расея пастаўляе Беларусі нафту зыходзячы з гадавога абʼёму 18 мільёнаў тон. «Цяпер мы ажыцьцяўляем сапраўды скарочаны абʼём паставак», — заявіў міністар энэргетыкі РФ Аляксандр Новак 3 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі на Ўсходнім эканамічным форуме. Варта адразу нагадаць, што гэта сапраўды скарочаны аб’ём, бо паводле міждзяржаўных пагадненьняў, Расея павінна была сёлета паставіць у Беларусь каля 21 тоны нафты.


Новак адзначыў, што на працягу месяца яшчэ ёсьць магчымасьць працягнуць перамовы з нагоды графіка чацьвёртага квартала. «Шмат у чым гэта будзе залежаць ад рашэньня газавага пытаньня і дасягненьня тых дамоўленасьцяў, якія зараз абмяркоўваюцца адносна пагашэньня запазычанасьці, назапашанай перад пастаўшчыком газу, і адносна вызначэньня новай формулы, новых парамэтраў узаемаадносінаў у частцы разьліку цаны на газ» — сказаў Новак.

За дзень жа гэтага віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч заявіў журналістам, што РФ не будзе павялічваць пастаўкі нафты ў Беларусь да таго часу, пакуль беларускі бок не пагасіць доўг за газ. Дварковіч таксама паведаміў, што Расея і Беларусь пакуль не дамовіліся па формуле цаны на газ. Беларускі бок ужо вылучыў свае прапановы, а расейскіх пакуль няма.

Пакуль бакі не дамовяцца па газу, вяртаньня ранейшага абʼёму паставак нафты ня будзе

Цікава, што беларускія аналітыкі, ды і мы з вамі, калегі, у канцы жніўня ўжо абмяркоўвалі заканчэньне газавай спрэчкі паміж Менскам і Масквой. І якраз аналізавалі, што Беларусь нібыта перамагла ў гэтым газавым канфлікце. Перш за ўсё, дзякуючы таму, што адбудзецца пераход у разьліках на расейскія рублі, як паведаміла тады газэта «Коммерсант». Калі пераход на рублі сапраўды адбудзецца, то, паводле разьлікаў расейскага выданьня, газ для Беларусі ўжо ў наступным годзе патаньнее прыкладна на 30% — зь цяперашніх 132 даляраў за тысячу кубамэтраў да 100.

Але цяпер высьвятляецца, што гэта яшчэ зусім не дамова, а як выказаўся Дварковіч, толькі «прапановы беларускага боку». І выглядае, што пра «перамогу» ранавата гаварыць. Тым часам Беларусі зьніжэньне абʼёмаў паставак нафты ўжо абышлося ў 0,2% ВУП. Вельмі верагодна, што ў гэтую дыскусію зноў уступілі нейкія палітычныя і геапалітычныя матывы. Як бы тое не было, але гэтыя заявы расейскіх чыноўнікаў кажуць пра тое, што магчыма тэму «газавай вайны» мы яшчэ неаднаразова будзем абмяркоўваць.

Карбалевіч: З нафтай усё зразумела. Пакуль бакі не дамовяцца па газу, вяртаньня ранейшага абʼёму паставак нафты ня будзе. Тут цікава іншае. Паводле газэты «Коммерсант» яшчэ ў ліпені была дасягнутая дамоўленасьць на ўзроўні першага віцэ-прэмʼера Беларусі Васіля Мацюшэўскага і віцэ-прэмʼера РФ Аркадзя Дварковіча. Прайшоў месяц. Тая ж газэта паведаміла, што дасягнутая новая дамоўленасьць, апавяла пра дэталі. Але прэсавая служба міністэрства энэргетыкі Беларусі гэтую інфармацыю дэзавуявала. І вось ужо афіцыйныя асобы кажуць, што пакуль не дамовіліся, перамовы працягваюцца. На якім узроўні блякуецца пагадненьне, зь якога боку? Можна меркаваць, што на палітычным узроўні.

Гэта частка перамоўнага працэсу, пэўнай стратэгіі перамоваў

Выкажу меркаваньне, што, магчыма, для беларускага боку знайсьці 300 млн даляраў жывых грошай, — гэта доўг за газ, ёсьць праблема. Прычым, калі зыходзіць з праўдзівасьці інфармацыі, якую паведаміў «Коммерсант», то вынікае, што Беларусь можа атрымаць выгоду потым. А цяпер, давядзецца плаціць доўг за газ, ды яшчэ атрымліваць страты з-за недапаставак нафты. То бок цяпер — гэта суцэльны мінус. А беларускія ўлады жывуць сёньняшнім днём, таму і моцна ўпарцяцца.

Дракахруст: Мне падаецца, што публікацыі «Коммерсанта», спачатку ліпеньскі праект дамовы, потым жнівеньскі — гэта не зусім чыстае інфармаваньне публікі. Гэта частка перамоўнага працэсу, пэўнай стратэгіі перамоваў. Вось укідаецца ў інфармацыйную прастору нейкая інфармацыя, а потым глядзіцца на рэакцыю розных бакоў — беларускага і розных «вежаў» Крамля, і потым ужо прымаюцца рашэньні.

Што тычыцца 300 мільёнаў даляраў, у мяне такое ўражаньне, што для Беларусі гэта ўсё-такі пазыцыя запыту

Магчыма гэтыя тэксты, гэтыя праекты нават маюць аддаленае дачыненьне да тых варыянтаў, якія насамрэч ляжаць на стале. Геапалітычныя чыньнікі сапраўды ёсьць, і магчыма яны дзейнічаюць значна больш наўпрост, чым нам здаецца. Я нясьціпла пахвалю сябе, скажу, што калі зьявілася гэтая інфармацыя пра дамову ў жніўні, я напісаў блог «У гародзе — танны газ, а ў Кіеве — Макей» пра тое, што такую дамову ўжо нібыта гатовыя заключыць, а ў Кіеў едзе Макей, дорыць Парашэнку слуцкі пояс, гаворыць усялякія прыемныя для ўкраінцаў словы.

Я не перабольшваю сваё сусьветна-гістарычнае значэньне, але я думаю, што спалучэньне гэтых фактаў, магчыма, заўважылі і ў Крамлі. І, магчыма, зрабілі пэўныя высновы і скасавалі ўжо гатовую дамоўленасьць з тае прычыны, што Беларусь прадэманстравала большую незалежнасьць, чым у Крамлі хацелі б. Не выключана, што менавіта гэты фактар стаў прычынай таго, што дамоўленасьць, якая была ўжо амаль гатовая, была сарваная.

Што тычыцца 300 мільёнаў даляраў, у мяне такое ўражаньне, што для Беларусі гэта ўсё-такі пазыцыя запыту. Беларускі бок разумее, што за тое, што ўжо пастаўлена, плаціць усё роўна давядзецца па поўнай. Так было заўсёды, так было ва ўсіх перамовах Беларусі з Расеяй. Расея ніколі не даруе мінулыя недаплаты, а спрэчка ідзе пра тое, што наперадзе, пра тое, за што давядзецца плаціць гадамі. І гледзячы па ўсім, яна будзе яшчэ працягвацца прынамсі пэўны час.

Цыганкоў: Памятаеце, як у 2010 годзе Аляксандар Лукашэнка папрасіў 200 мільёнаў даляраў у свайго азэрбайджанскага сябра, прэзыдэнта Азэрбайджану Ільхама Аліева, калі трэба было заплаціць Расеі за газ? У каго зараз кіраўнік Беларусі можа папрасіць 300 мільёнаў, якіх магчыма сапраўды няма ў беларускім бюджэце?

Дракахруст: Прычым я хачу нагадаць, тады была ўвогуле дзіўная сытуацыя — Беларусь была вінная, але і Расея была вінная прыкладна столькі ж. То бок пры жаданьні можна было зрабіць клірынг — узаемны залік даўгоў. Аднак не, расейцы тады сказалі: кладзі 200 мільёнаў на бочку. І давялося класьці. Ну а што да цяперашняга доўгу, то сьвет не бяз добрых людзей — той жа спадар Аліеў пакуль жывы-здаровы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG