Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бывай, Алімпіяда! Як спорт № 1 не апраўдаў надзеі прэзыдэнта


У Беларусі 31 лядовы палац, а зборная па хакеі прапускае другія Алімпійскія гульні запар. У вырашальным паядынку за адзіную пуцёўку ў Паўднёвую Карэю ад групы D выхаванцы канадзкага спэцыяліста Дэйва Льюіса саступілі Славеніі, якая ніяк не адносіцца да эўрапейскіх грандаў, а балянсуе паміж элітнай кампаніяй і першым дывізіёнам.

З улікам невысокага месца ў рэйтынгу Міжнароднай фэдэрацыі хакею, які складаецца па выніках чэмпіянату сьвету, апошнім часам беларусы мусяць прабівацца на галоўныя старты чатырохгодзьдзя празь сіта кваліфікацыі. Аўтаматычна на алімпійскі турнір трапляе першая васьмёрка зводнай табліцы.

З клюшкі — па вераб’ях: шмат шуму зь нічога

Сёлета ўсё спрыяла таму, каб дасягнуць мэты зь мінімальнымі высілкамі — адборачны турнір з удзелам камандаў Беларусі, Польшчы і Славеніі праходзіў на «Менск-Арэне». Аднак, нягледзячы на бурную падтрымку запоўненага 15-тысячніка, хатнія сьцены не дапамаглі. Другі раз запар дарогу беларусам пераходзяць славенцы. Па выніках аналягічнага турніру трохгадовай даўнасьці балканскія гульцы не пусьцілі Беларусь на зімовую Алімпіяду ў Сочы.

Чарговую няўдачу на спартовым фронце можна было б не заўважыць наагул, каб не адзін немалаважны чыньнік. Хакею ў Беларусі нададзены статус спорту № 1. Яго ўласным прыкладам прапагандуе Аляксандар Лукашэнка, які з капітанскай павязкай вядзе за сабой прэзыдэнцкую каманду — «найлепшую аматарскую каманду сьвету», як не стамляюцца паўтараць афіцыйныя мэдыі. Штогод ладзіцца Калядны турнір вэтэранаў, на які выдаткоўваюцца немалыя дзяржаўныя сродкі. У 2014-м Менск прыняў чэмпіянат сьвету і падаў заяўку на аналягічны турнір 2021 году.

Ад канца 1990-х краіну накрыла сапраўдная эпідэмія «палацаманіі». Згодна са зьвесткамі Беларускай фэдэрацыі хакею, у сталіцы, абласных і раённых цэнтрах узьведзена больш за тры дзясяткі лядовых арэнаў, агулам заплянавана давесьці гэты паказьнік да паўсотні.

Ад канца 1990-х краіну накрыла сапраўдная эпідэмія «палацаманіі». Згодна са зьвесткамі Беларускай фэдэрацыі хакею, у сталіцы, абласных і раённых цэнтрах узьведзена больш за тры дзясяткі лядовых арэнаў, агулам заплянавана давесьці гэты паказьнік да паўсотні. Іх утрыманьне і абслугоўваньне зьядае вялізныя сродкі, таму ўсё часьцей даводзіцца займацца няпрофільнай дзейнасьцю: прыкладам, у Баранавічах хакейны палац пераарыентаваўся на карпаратывы і вясельлі, у Маладэчне цяпер гасьцюе дэльфінарый. У Бярозе пасьля арышту галоўнага спонсара — бізнэсоўца Юрыя Чыжа, які сам родам з гэтых мясьцін, будынак наагул стаіць калом.

Ня спраўдзіўся разьлік на тое, што колькасьць аб’ектаў выльецца ў якасьць падрыхтаваных кадраў. За прамінулы час у складзе зборнай ці базавага клюбу Кантынэнтальнай хакейнага лігі — менскага «Дынама» — не зьявілася ніводнага гадаванца з Воршы, Горак ці Пружанаў. Занятак хакеем — надзвычай затратная справа, якая не па кішэні бальшыні бацькоў. Адпаведна, ён апрыёры ня можа быць масавым, хоць бы таму, што ці не любы іншы спорт на парадак таньнейшы, калі лічыць спадарожныя выдаткі.

Тым ня меней у Беларусі існуе паўнавартасны чэмпіянат, які спраўна корміць легіянэраў — расейцаў сярэдняй рукі, украінцаў, славакаў ды іншых заежджых гастралёраў. Апроч менскага «Дынама», у КХЛ намагаецца праціснуцца сталічнае «Юнацтва». І ва ўсіх выпадках канкурэнтаздольных мясцовых кадраў на гарызонце не назіраецца.

Пантова і дорага: мінімум лёгікі, нуль рацыянальнага

Давайце шчыра: у будаўніцтве лядовых арэнаў за бюджэтныя грошы няма нічога рацыянальнага.

«Давайце шчыра: у будаўніцтве лядовых арэнаў за бюджэтныя грошы няма нічога рацыянальнага, — аналізуе галоўны рэдактар спартовага парталу by.tribuna.com Алег Гаруновіч. — Іх узьвядзеньне каштуе дорага, эксплюатацыя — дорага, заняткі хакеем — таксама дорага. Што таньнейшае за хакейныя арэны? Ды амаль усё! Усё, чаго ў краіне так не хапае: пляцовак для баскетболу, гандболу, валейболу, міні-футболу, проста футболу. Сымпатычная, але малагабарытная барысаўская арэна БАТЭ раптам стала адзіным прыстойным футбольным стадыёнам у краіне, бо ў Менску ёсьць толькі даўгабуд „Дынама“ і развалюха „Трактар“, прапанову згуляць на якім нарвэжцы, пэўна, успрынялі як няўдалы жарт».

Як далей разважае Алег Гаруновіч, беларускія хакеісты, трапіўшы на зімовую Алімпіяду-2018, яшчэ маглі прывесьці сур’ёзны аргумэнт на карысьць свайго віду спорту, але спадзяваньні чарговым разам ня спраўдзіліся.

Фактычна праваліўшы апэрацыю «лядовы палац любой цаной», спартовыя функцыянэры пачалі налягаць на іншую скрайнасьць — мабілізацыю пад сьцягі зборнай «ліпавых беларусаў». Калі раней стаўка рабілася на «некандыцыйных» расейцаў, у якіх не было шанцаў прабіцца ў асноўны склад на радзіме, то ў апошнія гады беларускія пашпарты атрымала цэлая брыгада натуралізаваных канадцаў — Джэф Плат, Кевін Лаланд, Шарль Лінгле, Нік Бэйлен. Аднак узяць на сябе ролю лідэраў яны так і ня здолелі.

Пасьля паразы ад славенцаў Джэф Плат шчыра прызнаўся, што яго «беларусізавалі» выключна зь відам на алімпійскі Пхенчанг, таму пэрспэктывы выступіць за зборную Беларусі досыць расплывістыя. Наўрад ці затрымаюцца ў калектыве і ягоныя землякі.

«У нас ёсьць і клюб у КХЛ, і нармальны ў параўнаньні з тымі ж славенцамі чэмпіянат, і сур’ёзная ўвага дзяржавы, і масавасьць і папулярнасьць нібыта вырасла, — кажа аглядальнік спартовай газэты „Прессбол“ Андрэй Вашкевіч. — Існаваньне ўсяго пералічанага як неабходнай базы для выхаду на Алімпіяду выглядае даволі лягічным. Але, як мы ўжо зразумелі, і пералічанае шчасьце не дае гарантыяў рэгулярнага зьяўленьня беларусаў на галоўных стартах чатырохгодзьдзя. Гарантаваць можна іншае: пралятаць з нашай рэгулярнасьцю міма Гульняў лёгка і без усяго гэтага».

Прэзыдэнцкі дыягназ: «зажэрліся і растлусьцелі»

Сёньня ацэнку беларусам даў Аляксандар Лукашэнка. Сустракаючыся з прэзыдэнтам Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэлем, які назіраў за кваліфікацыйным турнірам у Менску, Лукашэнка сказаў, што да гэтага ўсё ішло:

Лепей, што яны цяпер прайгралі, чым потым мы будзем сядзець ля тэлевізара і ламаць рукі з такой гульнёй, як у іх сёньня.

«Мы ж памятаем, як каманда гуляла на апошнім чэмпіянаце сьвету ў траўні гэтага году — адскочылі ў апошнім матчы (ад вылету з элітнага дывізіёну — РС). І замест таго каб усё лета займацца і рыхтавацца да гэтых гульняў, яны, відаць, на поўдні адпачывалі. Таму так і атрымалася: хто хацеў выйграць і паехаць на Алімпіяду, той выйграў. Таму я ведаў, што гэтым можа скончыцца. І лепей, што яны цяпер прайгралі, чым потым мы будзем сядзець ля тэлевізара і ламаць рукі з такой гульнёй, як у іх сёньня. Ня думаю, што за год штосьці кардынальна зьмянілася б».

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў, што цягам 2–3 гадоў у беларускім хакеі будзе наведзены парадак. Па яго словах, чыстка пачнецца з функцыянэраў, якія «растлусьцелі» і «зажэрліся», зусім забыўшыся пра свае асноўныя абавязкі. Пры гэтым ён прызнаў, што адна з галоўных праблемаў — нізкая матываванасьць гульцоў, бо ў камандзе фактычна няма канкурэнцыі. Адпаведна, насьпеў час акцэнтавацца на падрыхтоўцы рэзэрву.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG