Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня прэм’ера скандальнага фільму «Смаленск» пра замах на польскага прэзыдэнта


Фота Леха Качыньскага з жонкай Марыяй у мэмарыяле ў Смаленску.

Фота Леха Качыньскага з жонкай Марыяй у мэмарыяле ў Смаленску.

5 верасьня ў Вялікім тэатры ў Варшаве адбудзецца ўрачыстая прэм’ера мастацкага фільма «Смаленск». Гэта першы мастацкі фільм, прысьвечаны авіякатастрофе польскага прэзыдэнцкага лайнэра, у якой загінулі 96 чалавек, у тым ліку прэзыдэнт Лех Качыньскі з жонкай Марыяй.

Фільм стаў скандальным задоўга да прэм’еры. Стужка распавядае пра журналістку, якая самастойна праводзіць сьледзтва катастрофы. Першы трэйлер фільма, які зьявіўся ўвесну, не пакідаў сумневаў, што катастрофа была старанна кімсьці заплянаваная.

У вытворцаў фільма былі складанасьці ўжо падчас кастынгу. Некалькі вядомых актораў пасьля знаёмства са сцэнарам адмовіліся ад здымкаў у фільме. У выніку галоўныя ролі ў «Смаленску» выконваюць малавядомыя акторы. Доўгі час у фільма не было спонсара. Толькі пасьля перамогі кансэрватараў Яраслава Качыньскага, брата загінулага прэзыдэнта, знайшоўся ананімны спонсар і здымкі змаглі завершыцца.

Першапачаткова прэм’ера плянавалася на 15 красавіка, але нечакана была адменена. Як паведамляла польская прэса, гэта было зьвязана з просьбай Качыньскага, старшыні кіроўнай партыі «Права і Справядлівасьць», перамантаваць некаторыя сцэны, якія яму не спадабаліся. Вытворцы фільма тлумачылі, што затрымка зьвязаная зь неабходнасьцю ўнесьці ў фільм новыя сцэны й спэцэфэкты.

Аўтарам фільма зьяўляецца вядомы польскі рэжысёр Антоні Краўзэ. Паводле яго, здымкі стужкі «Смаленск» былі ня толькі сур’ёзным выклікам, але і грамадзянскім абавязкам, паколькі смаленская катастрофа стала самай трагічнай падзеяй у Польшчы пасьля ІІ сусьветнай вайны.

Паводле сацыялягічнага апытаньня, якое праводзілася агенцтвам CBOS, ажно 33% палякаў перакананыя, што смаленская авіякатастрофа была вынікам замаху. 51% апытаных вераць, што падзеньне прэзыдэнцкага Ту-154 было аварыяй, але колькасьць прыхільнікаў гэтай вэрсіі зьмяншаецца.

У кінатэатрах фільм «Смаленск» можна будзе паглядзець ад 9 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG