Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў не выключае, што вайсковую агрэсію Расея можа пачаць пад выглядам вучэньняў


Расея павялічыла групоўку войскаў Паўднёвай ваеннай акругі блізу мяжы з Украінай і на тэрыторыі анэксаванага Крыму больш як на 11 тысяч жаўнераў, а караблі Чарнаморскага флёту і Касьпійскай флятыліі выйшлі з пунктаў сталай й дысьлякацыі і пачалі пераход да раёнаў марскога палігона «Апук», дзе 9 верасьня мае адбыцца актыўная фаза вучэньняў «Каўказ-2016».

Паводле галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны, для назіраньня за вучэньнямі Расея запрасіла вайсковых аташэ, акрэдытаваных у Маскве, у тым ліку з мэтаю «легалізаваць анэксію Крыму».

«Краіны дэмакратычнага выбару адмовіліся ад правакацыйнага запрашэньня і ня будуць удзельнічаць у дэманстрацыйных мерапрыемствах Крамля. Разам з тым сваю гатоўнасьць наведаць актыўную фазу вучэньняў выказалі Віетнам, Вэнэсуэла, Калюмбія, Малайзія, Маўрытанія, Манголія, Сэрбія і Ўругвай», — паведаміў сёньня на брыфінгу ў Кіеве прадстаўнік Міністэрства абароны Ўкраіны Вадзім Скібіцкі.

Аналягічнае разьвіцьцё сытуацыі назіралася ў часе ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Грузіі ў 2008 годзе, калі напярэдадні былі праведзеныя навучаньні „Каўказ-2008“

Кіеў мяркуе, што правядзеньне вучэньняў «Каўказ-2016» мае правакацыйны характар, уяўляе непасрэдную пагрозу для Ўкраіны і падрывае рэгіянальную бясьпеку ў чарнаморскім рэгіёне. «Не выключаецца, што стварэньне вялікай расейскай міжвідавай вайсковай групоўкі каля мяжы Ўкраіны, на тэрыторыі акупаваных Данецкай і Луганскай абласьцей, а таксама на тэрыторыі анэксаванага Крыму, можа быць выкарыстана супраць нашай дзяржавы. Пра гэта сьведчыць і той факт, што расейскія войскі засталіся на палігонах пасьля афіцыйнага завяршэньня раптоўнай праверкі боегатоўнасьці. Аналягічнае разьвіцьцё сытуацыі назіралася ў часе ўзброенай агрэсіі Расеі супраць Грузіі ў 2008 годзе, калі напярэдадні былі праведзеныя навучаньні „Каўказ-2008“ і войскі былі пакінутыя на палігонах для далейшых дзеяньняў на тэрыторыі Грузіі», — аргумэнтаваў прадстаўнік ваеннай выведкі Ўкраіны.

Вадзім Скібіцкі дадаў: «Прыбыцьцё або выкананьне апэратыўных задач гэтымі злучэньнямі можа адбыцца вельмі хутка, і ўзброеная агрэсія на тэрыторыю Ўкраіны можа быць праведзена пад выглядам ці пад апэратыўнай маскіроўкай як навучаньне любога роду. Сапраўды, павялічваецца колькасьць вучэньняў, якія адбываюцца на заходнім і паўднёва-заходнім напрамках Расеі. Гэта адпрацоўка ўсіх элемэнтаў магчымых дзеяньняў на выпадак абвастрэньня стасункаў Расеі з НАТО і з краінамі Заходняй Эўропы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG