Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронцы адсочаць ціск на студэнтаў падчас датэрміновага галасаваньня


Ілюстацыйнае фота. Студэнты на датэрміновым галасаваньні, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году

Ілюстацыйнае фота. Студэнты на датэрміновым галасаваньні, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015 году

Прадстаўнікі грамадзкай кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» папярэдзілі кіраўніцтва вышэйшых навучальных установаў Беларусі, што будуць пільна адсочваць выпадкі, калі студэнтаў прымушаюць галасаваць датэрмінова.

Праваабаронцы нагадалі, што адзін з асноўных прынцыпаў правядзеньня выбараў у Рэспубліцы Беларусь, замацаваных у Артыкуле 38 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Артыкуле 5 Выбарчага кодэксу, — іх свабодны характар.

«Гэта азначае, што кожны выбаршчык асабіста вырашае, ці браць яму ўдзел у выбарах і за каго галасаваць. Як паказвае назіраньне за папярэднімі выбарчымі кампаніямі, некаторыя катэгорыі выбаршчыкаў, у тым ліку і студэнты, нярэдка сутыкаюцца зь ціскам з боку адміністрацыяў вышэйшых навучальных установаў, якія прымушаюць да ўдзелу менавіта ў датэрміновым галасаваньні, ажыцьцяўляюць кантроль за яўкай студэнтаў на выбарчыя ўчасткі, прадастаўляюць датэрмінова прагаласаваўшым студэнтам адгулы. У выніку колькасьць выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у датэрміновым галасаваньні, па краіне складае да 20–35%», — тлумачыцца ў заяве.

Як сьцьвярджаюць праваабаронцы, адміністрацыі вышэйшых навучальных установаў не зьяўляюцца арганізатарамі выбарчага працэсу, а любыя формы прымусу студэнтаў да ўдзелу ў выбарах зьяўляюцца недапушчальным парушэньнем іх канстытуцыйных правоў.

Прадстаўнікі кампаніі будуць назіраць за ходам датэрміновага галасаваньня, адсочваць, зьбіраць інфармацыю пра магчымыя парушэньні і даводзіць яе да шырокага кола беларускай і міжнароднай грамадзкасьці, у тым ліку і да міжнародных місій па назіраньні за выбарамі.

Тым часам старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына, адказваючы на крытыку назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ што да непразрыстасьці датэрміновага галасаваньня ў Беларусі, адзначыла, што «калі адмовіцца ад датэрміновага галасаваньня, то можа прагаласаваць толькі 20% выбарцаў».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць у нядзелю, 11 верасьня, а датэрміновае галасаваньне пачнецца ў аўторак, 6 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG