Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Электронны ўрад супраць прэм’ера: ці заўважыць народ «падмену»?


У Менску прэзэнтаваная канцэпцыя так званага «электроннага ўраду», які, на перакананьне аналітыкаў, ужо ў агляднай будучыні заменіць не заўсёды эфэктыўных чыноўнікаў.

Праўда такая, што ў Беларусі мала хто ведае нават прозьвішча прэм’ер-міністра, ня кажучы пра астатніх чальцоў «кабінэту». Пад беларускія рэаліі ідэю паспрабавалі адаптаваць незалежныя дасьледчыкі Дзьмітрый Маркушэўскі, Натальля Рабава і Віталь Кухарчык: «Сучаснае інфармацыйнае грамадзтва чакае ад урада простага, камфортнага, хуткага і эфэктыўнага ўзаемадзеяньня», — канстатуюць яны і прэзэнтуюць вынікі сумесных намаганьняў.

Электронны ўрад заснаваны на аўтаматызацыі кіраўнічых працэсаў з мэтай зьніжэння выдаткаў на сацыяльныя камунікацыі з кожным жыхаром дзяржавы. Стварэньне электроннага ўраду мае на ўвазе «рэінжынірынг» разьмеркаванай сыстэмы кіраваньня, зьвязанай перадусім з працэсам апрацоўкі дакумэнтаў.

Ініцыятары пераходу на новыя формы ўзаемадзеяньня ўлады і грамадзтва адзначаюць, што ў Беларусі ўжо назіраецца прагрэс у стварэньні інфраструктуры і сэрвісаў электроннага ўраду. У першую чаргу, гэтыя посьпехі абумоўлены паскораным разьвіцьцём інфармацыйна-камунікацыйных тэхналёгій. Разам з тым, уцягнутасьць людзей у працу электроннага ўраду — на ўзроўні ніжэй за сярэдні ў параўнаньні зь іншымі краінамі Ўсходняй Эўропы, тлумачыцца слабой «прасунутасьцю» інтэрактыўных функцый і онлайн-паслугаў на сайтах дзяржаўных органаў і арганізацый.

Галоўным тэхнічным рашэньнем гэтай праблемы можа стаць прынцыпова новая тэхналёгія блокчэйн. У сваёй сутнасьці гэта азначае празрыстае разьмеркаваньне базы дадзеных, якая ўтрымлівае інфармацыю аб усіх транзакцыях, праведзеных удзельнікамі сыстэмы. А ў тэрміналёгіі электроннага ўрада — інфармацыя аб выніках усіх узаемадачыненьняў грамадзянаў і дзяржавы.

Важна адзначыць, што ўсе дадзеныя ўзаемазьвязаныя і захоўваюцца ў зашыфраваным выглядзе адначасова ва ўсіх удзельнікаў сыстэмы, і аўтаматычна абнаўляюцца пры кожнай зробленай зьмене. Карыстальнікі выступаюць у якасьці «калектыўнага натарыюса», які пацьвярджае праўдзівасьць інфармацыі ў базе дадзеных і забясьпечвае абарону ад маніпуляцый і злоўжываньняў.

Так блокчэйн нівэлюе ўплыў эгаістычных фактараў, якія прыводзяць да стварэньня карупцыйных схемаў і падрываюць грамадзкі інтарэс і дзяржаўны сувэрэнітэт. Разам з тым, для ўдзельнікаў зьяўляецца стымул працаваць сумленна, бо ўзьнікае новая форма сацыяльнай адказнасьці — правілы прымяняюцца да ўсіх у роўнай ступені. Тэхнічна блокчэйн-плятформа дазваляе карыстальнікам прыйсьці да пагадненьня без пасярэднікаў, што забясьпечвае аснову для сацыяльных кантрактаў і дэцэнтралізаваных формаў кіраваньня, заснаваных на кансэнсусе, дазваляючы падтрымліваць балянс у інтарэсах грамадзтва.

Асноўныя характарыстыкі блокчэйну:

  1. Аўтаномнасьць. Няма ніякай арганізацыі, цэнтру ці агенцтва, якія яго адмініструюць маюць «ключ» да выпраўленьня дадзеных.
  2. Пастаянства. Паколькі зьмест базы дадзеных увесь час капіюецца на тысячы кампутараў, нават калі 99% зь іх у нейкі момант апынецца па-за сеткай, запісы разам абновяцца, як толькі яны вернуцца ў рэжым онлайн. Адзіным спосабам прыпыненьня працы ёсьць адключэньне інтэрнэту і электрычнасьці ва ўсім сьвеце.
  3. Бясьпечнасьць. Кадаваньне, якое выкарыстоўваецца для блокчэйнаў, адкрытае для дапрацоўкі і яшчэ ніводнага разу не было ўзламана. Заўсёды існуе магчымасьць «крыптаграфічнага аўдыту» — матэматычная праверка, ці быў зьменены зьмест.
  4. Адкрытасьць. Распрацоўка прадуктаў, праграмаў і сэрвісаў не належыць якой-небудзь карпарацыі, не ахоўваецца аўтарскім правам альбо правам на інтэлектуальную ўласнасьць. Ужываньне тэхналёгіі блокчэйн. У шэрагу краінаў блокчэйн-тэхналёгіі актыўна ўкараняюцца ў наступных сфэрах: рэгістрацыя рухомых і нерухомых актываў і дадзеных як інтэлектуальная ўласнасьць, тэстамэнты, сацыяльнае забесьпячэньне, дадзеныя ў пэнсыйнай сыстэме і галіне аховы здароўя. Маюцца апрабаваныя блокчэйн-рашэньні для правядзеньня аўкцыёнаў і падвышэньня празрыстасьці дзяржаўнага і мясцовага бюджэтаў, забесьпячэньня сумленнага падліку галасоў на выбарах, стварэньня краундфандынгавых пляцовак, якія дазваляюць інвэстарам адсочваць, на што трацяцца сродкі.

У Беларусі таксама вядуцца дасьледаваньні на ўжываньне тэхналёгіі блокчэйн у галіне электроннай камэрцыі і ў банкаўскай сфэры, дзе яе перавагі заўважылі найперш у частцы аўтаматызацыі і шматразовага ўздзешаўленьня ўсіх відаў фінансавых паслугаў.

Але пакуль у Беларусі «крыптавалюты» знаходзяцца ў прававым вакуўмуе — іх абарот афіцыйна не існуе, бо яны і не дазволеныя, і не забароненыя — у «падвешаным» стане знаходзіцца і тэхналёгія блокчэйн. Пры гэтым блокчэйн — гэта ня грошы, манаполію на вытворчасьць якіх мае дзяржава, а тэхналёгія, якой могуць карыстацца і дзяржава, і грамадзяне. Патэнцыял блокчэйн-тэхналёгій можа быць выкарыстаны для ўдасканаленьня працы з рэгістрам нерухомасьці, у якім зараз зарэгістравана блізу 7,5 мільёна абʼектаў, а штомесяц дадаецца яшчэ каля 100 тысяч запісаў аб пераходзе правоў уласнасьці. У гэтыя працэсы далучаюцца натарыюсы, рыэлтары, а пераход права сапраўдны толькі пасьля выплаты дзяржаўнай пошліны і адпаведнага запісу ў рэгістры. У той жа час кантракт паміж пакупніком і прадаўцом можа быць зафіксаваны ў блокчэйне, а астатнія ўдзельнікі зьдзелкі (дзяржава, банк, натарыюс) могуць проста сачыць за працэсам і выкананьнем умоваў.

Акрамя таго, улічваючы вялікі аб’ём дзяржаўнай маёмасьці ў Беларусі і карупцыйныя рызыкі ў гэтай сфэры, разумна разгледзець магчымасьць ужываньня тэхналёгіі блокчэйн для правядзеньня электронных аўкцыёнаў. Ўяўляецца магчымым выкарыстаньне тэхналёгіі блокчэйн у працэсе выбараў і рэфэрэндумаў — найперш, як варыянт галасаваньня «на хаце» або па месцы знаходжаньня выбарцаў. Для кожнага кандыдата ці для пытаньня, вынесенага на рэфэрэндум, Цэнтральная выбарчая камісія завядзе «кашалёк», у які грамадзяне змогуць накіроўваць свае галасы, адпаведна, кожная такая транзакцыя будзе заверана «калектыўным натарыюсам».

Як робяць высновы ініцыятары электроннага ўраду, досьвед камэрцыйнага і грамадзкага выкарыстаньня тэхналёгіі блокчэйн у розных краінах паказвае яго відавочныя перавагі ў параўнаньні з традыцыйнымі працэдурамі. Новыя тэхналёгіі лепш за ўсё ўжываюцца ў тых сфэрах, дзе патрабуецца захоўваньне, пастаянная апрацоўка і абнаўленьне вялікіх аб’ёмаў абароненых дадзеных.

Разам з тым, цяжка ўявіць спалучэньне блокчэйн-тэхналёгій з супэр-цэнтралізаваным кіраваньнем эканомікай. Яны найбольш эфэктыўна працуюць у сыстэме дзяржаўнага кіраваньня зь мінімальным умяшаньнем у эканоміку, гэта значыць, там, дзе рэгулятар толькі вызначае «правілы гульні» і забясьпечвае іх выкананьне, а таксама служыць арбітрам у спрэчных выпадках. Паколькі вынік усякай адміністрацыйнай працэдуры на практыцы зводзіцца да ўнясеньня запісу ў той ці іншы рэгістар, то блокчэйн бачыцца адначасова ўнікальнай і ўнівэрсальнай тэхналёгіяй, якая дазваляе аптымізаваць і нават аўтаматызаваць практычна любую адміністрацыйную працэдуру, падвысіўшы эфэктыўнасьць і празрыстасьць электроннага ўраду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG