Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША і Кітай ратыфікавалі Парыскае пагадненьне па клімаце. Беларусь пакуль абяцае


Прэзыдэнт ЗША Барак Абама і старшыня КНР Сі Цьзіньпін афіцыйна перадалі сёньня генэральнаму сакратару ААН Пан Гі Муну дакумэнты аб ратыфікацыі дзьвюма краінамі Парыскага пагадненьня па клімаце.

Раней, у лістападзе 2015 году Абама абвясьціў: «ЗША ня толькі прызнаюць сваю ролю ў стварэньні праблемы глябальнага пацяпленьня, мы бярэм на сябе адказнасьць, каб нешта з гэтым зрабіць». Злучаныя Штаты займаюць другое месца па колькасьці выкідаў у атмасфэру. Кітай і ЗША адказныя за 38 адсоткаў шкодных выкідаў. Парыскае пагадненьне набудзе моц, як толькі да яго афіцыйна далучацца 55 краінаў, на якіх прыпадае ня менш за 55 працэнтаў выкідаў двухвокісу вугляроду ў атмасфэру.

Парыскае пагадненьне па клімаце было прынятае ў сьнежні 2015 году, цырымонія падпісаньня завяршылася ў красавіку сёлета. Прадстаўнікі 195 дзяржаў, у прыватнасьці, дамовіліся скарачаць выкіды ў атмасфэру, каб стрымліваць павышэньне тэмпэратуры паветра на плянэце да канца гэтага стагодзьдзя ў межах двух градусаў Цэльсія ад узроўню даіндустрыяльнай эпохі. Хоць Парыскае пагадненьне не зьяўляецца юрыдычна абавязковым, дзяржавы, якія падпісалі яго, абавязваюцца кожныя пяць гадоў карэктаваць і абнаўляць свае намаганьні ў барацьбе з глябальнымі зьменамі клімату.

Подпіс пад Парыскім пагадненьнем ад Беларусі паставіў і кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей. На ўрачыстай цырымоніі падпісаньня дакумэнта ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ён паабяцаў, што Беларусь ратыфікуе пагадненьне па клімаце ў ліку першых 55 краін.

«Мы маем намер быць сярод першых 55 краін, ратыфікацыя якімі дасьць законную сілу пагадненьню», — сказаў ён.

Макей запэўніў, што Беларусь гатовая выканаць ўзятыя раней на сябе абавязацельствы па зьмяншэньню выкідаў парніковага газу як мінімум на 28% у параўнаньні з узроўнем 1990 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG