Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беслане двойчы напалі на незалежных журналістаў


У Беслане ў суботу падчас жалобнай цырымоніі па ахвярах захопу закладнікаў у 2004 годзе невядомыя напалі на карэспандэнтак «Новой газеты» Алену Касьцючэнку і выданьня «Такие дела» Дзіяну Хачатран. Журналістак аблілі зялёнкай і адабралі ў іх тэлефоны, паведаміў заснавальнік «Таких дел» Дзьмітры Аляшкоўскі.

Пазьней ля ўваходу на могілкі невядомы зьбіў Алену Касьцючэнку.

Аляшкоўскі адзначыў, што за журналісткамі ўвесь дзень сачылі і ім паступалі пагрозы. Карэспандэнт «Новой газеты» на Каўказе Алена Мілашына напісала, што напад зьдзейсьнілі людзі ў цывільным, супрацоўнікі паліцыі ім не перашкаджалі. Па факце бязьдзейнасьці паліцэйскіх пры нападзе «Новая газета» мае намер зьвярнуцца ў Сьледчы камітэт.

1 верасьня, у гадавіну ўзяцьця закладнікаў у школе ў Беслане, некалькі жанчын, дзеці якіх загінулі або пацярпелі 12 гадоў таму, правялі акцыю пратэсту з патрабаваньнем абʼектыўна расьсьледаваць акалічнасьці трагедыі. Паліцыя іх затрымала разам з журналістамі «Новой газеты» і выданьня «Такие дела» Аленай Касьцючэнкай і Дыянай Хачатран. Суд, які праходзіў у ноч з 1 на 2 верасьня, прысудзіў жанчын да грамадзкіх прац і штрафаў.

1 верасьня 2004 году баевікі захапілі ў закладнікі больш за 1200 вучняў і настаўнікаў школы № 1 у Беслане. Ахвярамі тэракту і апэрацыі па вызваленьні закладнікаў сталі 334 чалавекі, 186 зь іх — дзеці.

XS
SM
MD
LG