Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карымава пахавалі ў Самаркандзе. Лукашэнка і Пуцін ​​не прыехалі, прыслалі прэм'ераў


Як паведамляе карэспандэнт агенцтва «Інтэрфакс», цырымонія разьвітаньня прайшла ў самаркандзкай рэзыдэнцыі кіраўніка дзяржавы.

Жалобную цырымонію адкрыў прэмʼер-міністар Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў, які ўзначаліў дзяржкамісію па арганізацыі пахаваньня. У яе таксама ўваходзяць старшыня сэнату Нігматула Юлдашаў (па законе ён фармальна ўзначальвае краіну ў выпадку сьмерці прэзыдэнта), сьпікер заканадаўчай палаты Нурдзінжон Ісмаілаў, члены ўраду, міністры, прадстаўнікі грамадзкасьці. На цырымоніі прысутнічалі жыхары Ўзбэкістану, прадстаўнікі ўраду, сваякі Карымава, дыпляматы і кіраўнікі замежных дзяржаў.

У жалобных мерапрыемствах ва Ўзбэкістане ад Беларусі ўзяў удзел прэмʼер-міністар Андрэй Кабякоў. Аляксандар Лукашэнка накіраваў спачуваньне кіраўніцтву Ўзбэкістану, а таксама сваякам Карымава.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на цырымонію не прыехаў, спаслаўшыся на шчыльны графік. Расейскую дэлегацыю ўзначаліў прэмʼер-міністар Дзмітры Мядзведзеў.

Жалобны малебен з нагоды сьмерці прэзыдэнта каля мэдрэсэ Цілі-Коры правёў муфтый Усманхон Алімаў. Паводле мусульманскіх звычаяў, у памінальнай малітве ўдзельнічалі толькі мужчыны. На плошчы іх было некалькі тысяч.

Труну зь целам прэзыдэнта раніцай адправілі самалётам з Ташкенту ў ягоны родны горад Самарканд.


Цела Карымава, пра сьмерць якога афіцыйна было абвешчана 2 верасьня, было дастаўлена зь лякарні да Ташкенцкага аэрапорта ў суправаджэньні яго родных.

У відэасюжэце, які быў паказаны па УзТВ, можна было пабачыць жонку прэзыдэнта Ўзбэкістану Тацьцяну Карымаву і яго малодшую дачку Лолу Карымаву-Цільляеву, якія суправаджалі яго труну ў аэрапорт. Старэйшая дачка ўзбэцкага прэзыдэнта, Гульнара Карымава не была заўважана побач з маці і малодшай сястрой.

Тацьцяна Карымава і Лола Карымава-Цільляева

Тацьцяна Карымава і Лола Карымава-Цільляева


У Самаркандзе па абодва бакі вуліц, якія вядуць у аэрапорт, людзі сталі «жывой сьцяной», каб сустрэць калёну з прыблізна 50 пазадарожнікаў, якая суправаджала цела Карымава.

Афіцыйныя СМІ Узбэкістану раней паведамлялі, што разьвітаньне з прэзыдэнтам пройдзе «згодна з мусульманскімі звычаямі» у Самаркандзе, дзе пахаваная яго сямʼя.

У краіне з 3 верасьня трохдзённая жалоба.

Пра сьмерць Карымава было афіцыйна абвешчана па тэлебачаньні 2 верасьня. Першыя паведамленьні пра яго сьмерць зьявіліся яшчэ ў панядзелак, 29 жніўня. У пятніцу, 2 верасьня, сьмерць Карымава пацьвердзілі дыпляматычныя крыніцы Reuters і Associated Press.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG