Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дварковіч: Расея ня будзе павялічваць паставак нафты, пакуль Беларусь не пагасіць доўг за газ


Віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч

Віцэ-прэмʼер Расеі Аркадзь Дварковіч

Расея ня будзе павялічваць паставак нафты ў Беларусь да таго часу, пакуль беларускі бок не пагасіць доўг за газ. Пра гэта заявіў віцэ-прэмʼер РФ Аркадзь Дварковіч.

«У нас графік скарочаны да канца году. Але калі Беларусь заплаціць, то ён адновіцца», — цытуе Дварковіча БелаПАН з спасылкай на ТАСС.

Віцэ-прэмʼер таксама дадаў, што Расея і Беларусь пакуль не дамовіліся па формуле цаны на газ.

«Ёсьць прапановы беларускага боку, мы свае прапановы пакуль ня вылучылі», — адзначыў Дварковіч.

23 жніўня прэмʼер-міністар Андрэй Кабякоў пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам казаў, што Беларусь «блізкая да дасягненьня паразуменьня з расейскімі партнэрамі ў пытаньнях фармаваньня кошту на прыродны газ і паставак нафты».

Пра тое, што Расея і Беларусь папярэдне ўзгаднілі новую формулу разьліку кошту расейскага газу і ў іх ня будзе фігураваць даляр, а кошт на газ зьнізіцца, 26 жніўня паведаміла газэта «Камэрсант».

Знаёмыя з ходам абмеркаваньня крыніцы паведамілі газэце, што ў 2017 годзе цана на газ для Беларусі зьнізіцца зь цяперашніх 132 прыкладна да 100 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў.

Паводле «Камэрсанта», запазычанасьць Менску за газ за шэсьць месяцаў складае каля 300 мільёнаў даляраў.

Газавая спрэчка паміж Беларусьсю і Расеяй вядзецца з пачатку 2016 году. Менск настойвае на зьніжэньні кошту газу, Расея з гэтым ня згодная.

Каб стымуляваць пагашэньне доўгу, Масква ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ.

«Беларускія сябры нам, на жаль, не даплачваюць за газ, у тым ліку [гэта адбіваецца] на бюджэце, паколькі „Газпром“ зьяўляецца буйным падаткаплатнікам. Вядома, вымушаныя шукаць кампэнсацыі», — сказаў Дварковіч.

Віцэ-прэмʼер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка 30 чэрвеня падчас выступу ў парлямэнце падкрэсьліў, што Беларусь не патрабуе ад Расеі паставак таннага газу:

«Мы ставім задачу прыйсьці да цэнаў, блізкіх да ўнутрырасейскіх, — сказаў ён. — Я заўсёды сваім калегам кажу: «Нам не патрэбны танны газ ад вас, мы пайшлі ў Эўразійскі саюз для таго, каб мець газ і энэргарэсурсы па цэнах, блізкіх да вашых».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG