Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візавая лібэралізацыя: Беларусь абярэ ўкраінскі ці таджыцкі падыход?


Чаму спрашчэньне візавага рэжыму таое абмежаванае? Чаму магчымае новаўвядзеньне тычыцца толькі аэрапорту? Чаму тэрмін знаходжаньня бязь візы абмежаваны пяцьцю днямі?​

Абмяркоўваюць: Валер Карбалевіч, Уладзімер Глод, Ігар Карней


Карбалевіч: Як вядома, Беларусь, у параўнаньні зь іншымі краінамі, мала наведваюць турысты. Адна з прычын — гэта дарагія візы і нязручнасьць іх атрыманьня. Міністэрства спорту і турызму, якое адказвае за турыстычную галіну, лічыць візавы рэжым перашкодай для разьвіцьця турызму і ўвесь час прапануе яго спрасьціць. Аднак працэс рухаецца павольна. Бо іншыя ведамствы маюць свае пляны наконт атрыманьня грошай ад турыстаў і больш зацікаўленыя ў захаваньні статус-кво. Напрыклад, МЗС, бо беларускія амбасады бяруць за візы валюту.

І вось, здаецца, працэс зрушыўся зь мёртвай кропкі. 23 жніўня падпісаны прэзыдэнцкі ўказ, які дазваляе замежнікам бязь візаў наведваць Аўгустоўскі канал.

29 жніўня зьявілася заява намесьніка міністра спорту і турызму Міхаіла Партнога, які абвясьціў, што бліжэйшым часам чакаецца прыняцьце яшчэ аднаго прэзыдэнцкага ўказу, які дазволіць замежным грамадзянам прыкладна з 80 «бясьпечных у міграцыйным пляне» краін (ЗША, краіны ЭЗ, Аўстралія) уяжджаць у Беларусь на 5 дзён бязь візаў пры ўмове перасячэньня мяжы ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск».

Трэба разумець, што паміж ведамствамі ідзе вострая спрэчка. Міністэрства спорту і турызму імкнецца пашырыць колькасьць краінаў, адносна якіх уводзяцца візавыя льготы, а МЗС, як можна меркаваць, наадварот, хоча іх звузіць.

І тут жа атрымаў адказ з МЗС. Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзьмітры Мірончык на брыфінгу заявіў, што дакумэнт распрацоўваюць МЗС і іншыя непасрэдна зацікаўленыя ведамствы. Цяпер дакумэнт «у досыць высокай ступені гатоўнасьці». І менавіта з гэтай прычыны ён хоча ўстрымацца ад якіх-колечы спэкуляцыяў што да колькасьці краін і іншых парамэтраў будучага рашэньня і заклікаць да гэтага іншых.

Гэта папрок на адрас намесьніка міністра спорту і турызму. Здаецца, ніколі раней прадстаўнікі двух ведамстваў з рознымі інтарэсамі не пускаліся ў публічную палеміку. Трэба разумець, што паміж ведамствамі ідзе вострая спрэчка. Міністэрства спорту і турызму імкнецца пашырыць колькасьць краінаў, адносна якіх уводзяцца візавыя льготы, а МЗС, як можна меркаваць, наадварот, хоча іх звузіць.

Таму адразу ўзьнікаюць пытаньні. Чаму толькі на 5 дзён? Чаму толькі ў аэрапорце? Бо вядома, што палёт самалётам у Менск з большасьці эўрапейскіх гарадоў нашмат даражэйшы за аналягічныя палёты ў іншыя краіны і гарады, напрыклад, у Вільню. А праезд аўтобусам ці цягніком таньнейшы часам у 5 разоў.

Але і гэта яшчэ ня ўсё. Зьявілася паведамленьне, што праект нарматыўнага акту пра бязьвізавы рэжым для рэзыдэнтаў краінаў, якія актыўна інвэстуюць у Беларусь, знаходзіцца на разглядзе ў Савеце міністраў. Праект падрыхтавала Нацыянальнае агенцтва інвэстыцыяў і прыватызацыі. Агенцтва прапануе зрабіць для рэзыдэнтаў гэтых краінаў магчымасьць знаходзіцца ў Беларусі бязь візы цягам 15 працоўных дзён.

Трэба разумець, што гэтае агенцтва нічога ня ведае пра праект указу, які рыхтуе МЗС. Бо гэтыя два дакумэнты супярэчаць адзін аднаму. Сытуацыя, калі левая рука ня ведае, што робіць правая, вельмі дзіўная. Беларускае кіраўніцтва ж хваліцца, што высокая ступень цэнтралізацыі ўлады забясьпечвае парадак. Але высьвятляецца, што ніякага парадку няма, хто ў боб, а хто ў гарох.

Карней: Гэта ўжо ня першая спроба прыцягнуць замежных турыстаў у Беларусь. У прыватнасьці, пра неабходнасьць бязьвізавага рэжыму на ўзор Украіны, якая ў аднабаковым парадку скасавала візавыя бар’еры для грамадзянаў ЗША, Эўразьвязу ды іншых сяброўскіх краінаў, даўно гаворыць кіраўніцтва Міністэрства спорту і турызму.

Не сакрэт, што адна з важных прычынаў, якія стрымліваюць уязны турызм у Беларусь, — менавіта візавыя абмежаваньні: высокі кошт, складаная працэдура атрыманьня дазволу, немагчымасьць аформіць шматразовыя візы праз турыстычныя кампаніі і г.д. Як вынік, на выхадзе статыстыка ўязнога турызму настолькі сумная, што без актыўных дзеяньняў можна атрымаць поўную ізаляцыю.

Адна з важных прычынаў, якія стрымліваюць уязны турызм у Беларусь, — менавіта візавыя абмежаваньні: высокі кошт, складаная працэдура атрыманьня дазволу, немагчымасьць аформіць шматразовыя візы праз турыстычныя кампаніі.

З гэтай прычыны ведамства чарговым разам выступіла з прапановай спрасьціць візавы рэжым для грамадзянаў дзяржаў, спрыяльных у міграцыйным пляне. Зноў заклік дазволіць турыстам уезд бязь візы хоць бы на 3–5 дзён, адмяніць спагнаньне пошлінаў для гасьцей турыстычных мерапрыемстваў, зрабіць палёгкі для тых, хто прыляцеў паветраным транспартам. Але, як можна меркаваць, нават такі ўсечаны варыянт Міністэрствам замежных спраў успрымаецца цяжка.

Днямі пабачыў такую лічбу: украінскі Львоў штогод наведваюць у сярэднім 2 мільёны турыстаў. І гэта толькі адзін горад нашай паўднёвай суседкі, ня лічачы паломніцтваў у Кіеў, Адэсу, Чаркасы ды іншыя папулярныя мясьціны. Беларускія чыноўнікі лічыць нядрэнным вынікам году, калі лічба перакрочвае за 100 тысяч. Як кажуць, адчуйце розьніцу.

Да таго ж такі стан рэчаў ніяк не адлюстроўвае шматвэктарнасьць палітыкі, якую на словах дэкляруе беларускае кіраўніцтва. Справа ў тым, што абсалютная бальшыня ў згаданай статыстыцы — расейцы, якія пасьля скарачэньня прыбыткаў у выніку абвалу свайго рубля выбіраюць вакацыі і адпачынак не на марскіх узьбярэжжах, а ў Менску ці па беларускіх аграсядзібах.

Калі накінуць на саюзьнікаў нават палову ад 100 тысяч, то прысутнасьць далёкага замежжа проста сьмеху вартая. Зноў жа, яшчэ добра, калі ад той колькасьці мэтанакіравана сюды скіроўваюцца працэнтаў 5–10, таму што большая частка — транзытнікі, якія ў складзе турыстычных групаў рушаць у Расею і на дзень-два спыняюцца на начлег, традыцыйна адхіліўшыся ў Мір і Нясьвіж.

Глод: Я ўпэўнены, што спрашчэньне візавага рэжыму — крок правільны. Але адразу ўзьнікаюць пытаньні, якія ўжо ўздымаў Валер Карбалевіч: чаму ён такі абмежаваны? Чаму магчымае новаўвядзеньне тычыцца толькі аэрапорту? Чаму тэрмін знаходжаньня бязь візы абмежаваны пяцьцю днямі?..

Таму што на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу існуюць два падыходы да гэтай праблемы. Першы — украінскі. Нашы паўднёвыя суседзі адмянілі ўязныя візы для грамадзян усіх краін, якія ўваходзяць у Шэнгенскую зону. І зрабілі гэта ня сёньня і нават ня ўчора. А яшчэ 10 год таму. Да таго ж падобнае права маюць і грамадзяне ЗША, Канады, Японіі. Прычым ва Ўкраіну замежнікі могуць дабірацца ня толькі самалётам праз аэрапорт, а ва ўсіх месцах пропуску. І знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны яны могуць не 5 дзён, а 90.

Калі ацэньваць візавыя пляны беларускіх уладаў, то выглядаюць яны нашмат больш падобнымі да таджыцкіх, а не да ўкраінскіх.

Другі падыход — таджыцкі. У гэтай краіне іншая практыка. Тут віза выдаецца ў адзіным міжнародным аэрапорце. Выдаецца без праблем усім, хто прылятае з пашпартам «багатых» краін. Прычым самі таджыкі кажуць, што ня бралі б візавы збор зусім, калі б іхнай краіне так моцна не была б патрэбная валюта.

Таму, калі ацэньваць візавыя пляны беларускіх уладаў, то выглядаюць яны нашмат больш падобнымі да таджыцкіх, а не да ўкраінскіх. І зноў жа таму, што беларусы, як заўжды, хочуць схітраваць. Параўнаньне коштаў візы для замежнікаў, якія едуць у Беларусь, і замежнай візы для беларусаў, якія зьбіраюцца ў іншую краіну, — заўжды на карысьць беларускіх уладаў. Напрыклад, да адмены візавага рэжыму ізраільская віза для грамадзяніна Беларусі каштавала 21 даляр, а беларуская віза для грамадзяніна Ізраіля — 60 эўра. Такі няроўны падыход дапамагаў прытоку валюты ў беларускую дзяржаўную скарбонку. Ня ведаю, як цяпер, але яшчэ некалькі год таму МЗС Беларусі меў плян ад Саўміну па напаўненьні бюджэту валютай. А за кошт чаго міністэрства можа атрымліваць валюту? Зразумела, найперш за кошт продажу ўязных візаў.

Падобна, што ў сьпіс краін з 5-дзённым бязьвізавым рэжымам трапяць нашы суседзі — Літва ці Польшча. Але ці скарыстаюцца яны такой магчымасьцю? Думаю, толькі ў самых тэрміновых выпадках. Бо для таго, каб трапіць у Беларусь бязь візы, ім прыйдзецца плаціць за даволі дарагія пералёты, замест таго каб сесьці на аўтобус ці цягнік, які таньнейшы ў некалькі разоў.

І калі казаць пра зручнасьць і эканамічны эфэкт для беларусаў, то галоўнае для нас — гэта пабудова бязьвізавай прасторы з краінамі Эўрапейскага Зьвязу. Але пакуль улады Беларусі хочуць атрымліваць толькі эканамічную выгаду і супрацоўнічаць толькі на сваіх умовах. А гэта ня ўмовы цывілізаваных дачыненьняў.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG