Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыйны суд Ніцы адмяніў забарону на нашэньне буркіні


Пасьля таго як мэры шэрагу францускіх гарадоў адмовіліся выконваць пастанову Найвышэйшага адміністрацыйнага суду Францыі, якая забараняе нашэньне буркіні на пляжах, суд Ніцы адмяніў гэтую забарону, бо не ўдалося даказаць, што ісламскія купальнікі ўяўляюць пагрозу для грамадзкага парадку, паведамляе Al Jazeera.

Адвакат мэрыі Ніцы сьцьвярджала, што горад быў «ледзь не на мяжы грамадзянскай вайны». Аднак адміністрацыйны суд у чацьвер, 1 верасьня, пастанавіў, што буркіні ня пагражаюць «гігіене, правілам прыстойнасьці ці бясьпекі пры плаваньні», таму «няма дастатковых падставаў, каб юрыдычна апраўдаць аспрэчваную забарону».

Ніца стала адным зь першых гарадоў, дзе кансэрватыўны мусульманскі купальнік трапіў у няласку. Забарона на буркіні была ўведзеная ў 30 гарадах, у асноўным на паўднёвым усходзе Францыі. Тэракт 14 ліпеня на францускай Рывіеры, на думку Найвышэйшага адміністрацыйнага суду Францыі, даў дастатковыя падставы для такой забароны. Яго аспрэчылі француская Ліга правоў чалавека і Камітэт супраць ісламафобіі.

Раней на гэтым тыдні Ўправа ААН па правах чалавека ў Жэнэве абвясьціла, што забароны зьяўляюцца сур’ёзным парушэньнем асноўных свабодаў і «неразумнай рэакцыяй» на нядаўнія тэракты. Прадстаўнік управы Рупэрт Колвіл заявіў, што гэткія захады не павышаюць бясьпеку, а «толькі ўзмацняюць рэлігійную нецярпімасьць і стыгматызацыю мусульман» і «павялічваюць напружанасьць». Нельга вінаваціць людзей у гвалтоўных ці варожых дзеяньнях у адносінах да іншых людзей на той падставе, што яны носяць буркіні або любую іншую вопратку, заявіў ён. Раней калегія з трох судзьдзяў адмяніла рашэньні адміністрацыйнага суду Ніцы і суду Вільнёў-Любэ, якія забаранілі зьяўляцца на грамадзкіх пляжах у рэлігійнай вопратцы. З крытыкай забаронаў выступілі мэр Парыжу Ан Ідальго і мэр Лёндану Садык Хан.

У красавіку 2011 году ў Францыі была ўведзена забарона на нашэньне мусульманскага адзеньня, якое цалкам закрывае твар. Францускі закон забараняе знаходзіцца ў такой вопратцы ў грамадзкіх месцах. Пры гэтым яе можна насіць дома, у гатэльных нумарах, у памяшканьнях зачыненых асацыяцый і на прадпрыемствах, а таксама ў культавых месцах і побач зь імі. Эўрапейскі суд па правах чалавека летам 2014 году палічыў гэты закон правамерным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG