Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Ташкент: Карымаў у крытычным стане. Reuters: Памёр


Іслам Карымаў

Іслам Карымаў

Агенцтва Reuters, спасылаючыся на тры дыпляматычныя крыніцы, паведаміла пра сьмерць прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава.

Пасьля некалькіх дзён афіцыйнага маўчаньня, узбэцкі кабінэт міністраў абвясьціў, што прэзыдэнт Іслам Карымаў у крытычным стане пасьля перанесенага кровазьліцьця ў мозг, аднак агенцтва Reuters цытуе дыпляматычныя крыніцы, паводле якіх 78-гадовы аўтарытарны кіраўнік Узбэкістану памёр.

Узбэцкія ўлады пакуль што не пракамэнтавалі паведамленьне Reuters, якое зьявілася 2 верасьня празь некалькі гадзінаў пасьля ўрадавай заявы, апублікаванай ў афіцыйнай дзяржаўнай газэце «Халк сузі» (Слова народу).

У заяве сказана, што Карымаў быў шпіталізаваны 27 жніўня і што за апошнія 24 гадзіны ягоны стан «значна пагоршыўся і лічыцца дактарамі крытычным».

Гэта была першая афіцыйная заява пра здароўе Карымава ад часу паведамленьня ўраду 28 жніўня, што ён быў шпіталізаваны — бяз згадкі пра прычыну. Дачка Карымава на другі дзень напісала ў Інстаграме, што ён перанёс «кровазьліцьцё ў мозг».

Узбэкістан 1 верасьня адзначыў Дзень Незалежнасьці без Карымава. Доўгае афіцыйная маўчаньне стварыла глебу для спэкуляцыяў, што гэты адзіны за постсавецкую гісторыю кіраўнік самай населенай краіны Сярэдняй Азіі памёр.

Reuters не назваў свае дыпляматычныя крыніцы. «Так, ён памёр», — працытавала агенцтва аднаго з сваіх суразмоўцаў.

Падрыхтоўка да пахаваньня?

Заява ўраду і паведамленьне Reuters зьявіліся на фоне інфармацыі, што ва Ўзбэкістане, магчыма, рыхтуюцца да пахаваньня Карымава.

Узбэцкая служба Радыё Свабода паведаміла, што кіраўнікам мясцовых органаў улады і іншым дзяржаўным службоўцам было загадана 2 верасьня выйсьці на працу ў белых кашулях і чорных гарнітурах.

Гэтыя інструкцыі былі дадзеныя ўвечары 1 верасьня, тымчасам, як у родным горадзе Карымава Самаркандзе адбывалася падрыхтоўка да нейкай важнай падзеі — цэнтральныя вуліцы гораду былі заблякаваныя, праводзіліся будаўнічыя і прыборачныя працы.

На гістарычнай плошчы Рэгістан быў расьсьцелены вялікі чырвоны дыван, усталяваныя дынамікі.

Актыўнасьць назіралася ў Самаркандзе і вакол мячэці Чораха, бюджэтных работнікаў і студэнтаў звозяць аўтобусамі ў гарадзкі аэрапорт.

Reuters тасксама паведамляе, што прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў перапыніць свой кароткі візыт у Кітай і прыляціць ва Ўзбэкістан 3 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG