Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кінафэстываль «Лістапад» пад пагрозай зрыву: у фінансавай дапамозе адмовілі 65 беларускіх кампаній


Дырэкцыя Менскага міжнароднага кінафэстывалю «Лістапад» мае сурʼёзныя фінансавыя цяжкасьці і тэрмінова шукае спонсараў, паведаміла БелаПАН кіраўнік Цэнтру візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» дырэктар кінафэстывалю Анжаліка Крашэўская.

Паводле яе, каб забясьпечыць паўнавартасную арганізацыю чарговага, 23-га, кінафэстывалю, не хапае 300 тысяч рублёў (каля 150 тысяч даляраў). Крашэўская ня ўпэўненая, ці зможа фэстываль адбыцца сёлета нават ва ўрэзаным фармаце ў тым выпадку, калі дырэкцыя ня знойдзе неабходную суму грошай.

Цяжкасьці зь фінансаваньнем кінафэстывалю ўзьнікаюць ледзь не штогод, падкрэсьліла кіраўнік «АРТ Карпарэйшн». Аднак у мінулыя гады дырэкцыі заўсёды ўдавалася адшукаць неабходныя 60% пазабюджэтных сродкаў для правядзеньня «Лістапада», астатнія 40% бюджэту выдзялялі заснавальнікі гэтага кінафоруму — Міністэрства культуры і Менгарвыканкам.

Нам кожны год дапамагалі: хтосьці спансаваў дастаўку гасьцей, хтосьці — пракат кінастужак.

«Акрамя таго, нам кожны год дапамагалі: хтосьці спансаваў дастаўку гасьцей, хтосьці — пракат кінастужак. Калі б ня гэтая дапамога, мы павінны былі б знаходзіць не 60%, а ўсе 80% пазабюджэтных сродкаў», — сказала яна.

Сёлета фінансавая сытуацыя ў краіне прымусіла ранейшых спонсараў перагледзець пытаньне аб дапамозе кінафэстывалю. Дырэкцыі «Лістапада» ужо адмовілі 65 беларускіх кампаній і арганізацый, а зьвяртацца да міжнародных фондаў і замежных калег, на думку Крашэўскай, беспэрспэктыўна.

Менскі міжнародны кінафэстываль «Лістапад» — самы вядомы ў Беларусі кінафорум — праводзіцца з 1994 году. Фэстываль заснаваны Міністэрствам культуры і Менгарвыканкамам пры ўдзеле Белтэлерадыёкампаніі, кінастудыі «Беларусьфільм» і Беларускага саюзу кінэматаграфістаў. Арганізатарам фэстывалю традыцыйна выступае Цэнтар візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн».

Фэстываль досыць высока каціруецца ў асяродзьдзі кінэматаграфістаў. У розныя гады гасьцямі «Лістапада» станавіліся польскі рэжысёр, сцэнарыст і прадусар Кшыштаф Занусі, француская сцэнарыстка і рэжысёр Клер Дэні, вядомы сэрбскі рэжысёр Эмір Кустурыца, украінская актрыса, сцэнарыст і рэжысэр Кіра Муратава, італьянская актрыса Арнэла Муці, расейскія кінарэжысёры Андрэй Зьвягінцаў і Аляксандр Сакураў, а таксама многія іншыя.

Міжнародная фэдэрацыя асацыяцый кінапрадусараў акрэдытавала «Лістапад» як спэцыялізаваны конкурсны фэстываль фільмаў краін Балтыі, Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, а таксама Цэнтральнай Азіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG