Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«ДНР» адкрыла сваё першае «прадстаўніцтва» у Эўразьвязе


Адкрыцьцё прадстаўніцкага цэнтра самаабвешчанай «ДНР» у Астраве 1 верасьня суправаджалася акцыямі пратэсту.

Улады самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» у чацьвер абвясьцілі аб адкрыцьці свайго «прадстаўніцтва» у Эўразьвязе. Так званае «консульства ДНР» было вырашана адкрыць у горадзе Астрава ў Чэхіі. Яго супрацоўнікі сьцьвярджаюць, што цэнтар будзе «распаўсюджваць у Эўропе праўдзівую інфармацыю аб пакуль непрызнанай краіне», паведамляе Чэскае радыё.

Міністэрства замежных справаў Чэхіі выступіла супраць адкрыцьця «прадстаўніцтва», заявіўшы, што так званая ДНР не зьяўляецца субʼектам міжнароднага права і ня можа мець консульстваў на тэрыторыі іншых краін. Чэскія дыпляматы адзначылі, што цэнтар зарэгістраваны як некамэрцыйная арганізацыя. У чацьвер МЗС паведаміў, што зьвернецца ў Краявы суд Астравы з патрабаваньнем аб скасаваньні юрыдычнай асобы, якая называе сябе «прадстаўніцкім цэнтрам» ДНР.

Ля астраўскага гатэлю Mercure, дзе прайшла прэс-канфэрэнцыя з нагоды адкрыцьця прадстаўніцтва «ДНР», адбылася акцыя пратэсту. Каля дзесяці пратэстоўцаў трымалі ў руках пакаты з лёзунгамі «Мы ня хочам тэрарыстычную арганізацыю ДНР у Чэхіі» і іншыя.

Так званая «Данецкая народная рэспубліка» была ўтворана прарасейскімі сэпаратыстамі на паўднёвым усходзе Ўкраіны вясной 2014 году. Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ў тым, што яна аказвае падтрымку сэпаратыстам на ўсходзе Ўкраіны, накіроўваючы туды вайскоўцаў і зброю. Крэмль абвяргае гэтыя абвінавачваньні. Незалежнасьць самаабвешчанай рэспублікі прызнала толькі Паўднёвая Асэтыя, якая сама зьяўляецца непрызнанай дзяржавай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG