Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Насуперак дыягназам: былая «нежыцьцяздольная» дзяўчынка ідзе ў школу


Іра Мамчыц ад нараджэньня мела страшны дыягназ: беларускія лекары давалі палову шанцаў, што не дажыве да двух гадоў, а калі й дажыве, дык ня зможа хадзіць, размаўляць і нават наўрад ці пазнае блізкіх. Цяпер ёй восем і яна пайшла ў школу. У звычайную менскую школу.

Іра — ужо чацьвёртае дзіця ў сям’і Інгі Дубінінай і Юрыя Мамчыца, пасьля сына і дзьвюх дачок, адна зь якіх прыёмная. Калі на позьнім тэрміне цяжарнасьці мэдыкі заўважылі праблемы — абвясьцілі будучую Іру нежыцьцяздольнай і прапісалі маці экстранную апэрацыю кесарава.

— Мы былі да гэткага не гатовыя, — кажа маці, — і не здаліся.

З малечай шмат гадзінаў штодня займалася ўся сям’я, ад дзяцей да бабулі, сама Інга Дубініна нават сышла з працы ў Нацбанку. Ад беларускіх рэабілітацыйных цэнтраў яна ў жаху, таму ўзгадваць іх ня хоча — «занадта дорага выходзіць гэткая бясплатная рэабілітацыя». Напісала просьбы дапамогі ў розныя замежныя інстытуты й клінікі — першымі адгукнуліся амэрыканцы, Інстытут Домана ў Філядэльфіі.

— На Захадзе зусім іншы падыход, — кажа Інга. — Калі ў нас бачаць, што дзіця нечага дагэтуль ня можа, — кажуць што й ня зможа, «тым больш па статыстыцы так». У Амэрыцы, у Італіі пытаюцца: «Што можа? Давайце гэта разьвіваць!» У выніку дзіця працуе й паступова авалодвае ўсё новымі навыкамі.

У Амэрыцы, у Італіі пытаюцца: «Што дзіця можа? Давайце гэта разьвіваць!» У выніку дзіця працуе й паступова авалодвае ўсё новымі навыкамі.

Цяпер Іра хай кульгае, але ходзіць, бегае, плавае, катаецца на лыжах, хай слаба, але размаўляе, чытае па-расейску й па-ангельску, з бабуляй вучыць беларускую.

— У прынцыпе, праграму першай клясы яна ўжо ведае, — запэўнівае маці. — Але школа нам патрэбная найперш для таго, каб дзіця было ў грамадзе, вучылася жыць сярод людзей.

У школу Іру ўзялі без праблем. Цяжэй было прайсьці адмысловыя камісіі. Але месяц таму дыягназ нядаўняй «нежыцьцяздольнай» аблягчылі да «лёгкай разумовай адсталасьці», што дазволіла пайсьці ў інтэграваную клясу звычайнай школы.

— У камісіяў, якія закліканыя дапамагаць дзецям, адна з функцыяў — сэпараваць іх: хто ідзе ў адну школу, хто ў другую, хто наогул застаецца дома, бо «ня можа быць нідзе». Нам удалося прайсьці ўсе этапы, але гэта ня значыць што ўсім асаблівым дзецям удаецца, многія засталіся сёньня дома.

У клясе яшчэ трое дзяцей з праблемамі разьвіцьця, але выпадак Іры найцяжэйшы. Апроч дадатковых пэдагогаў-выхавацеляў ёй пастаянна патрэбны суправаджальнік — дарослы, які будзе сачыць, падказваць, як сябе паводзіць, і нават сядзець зь ёй на ўроках.

Іра за школьнай партай разам зь т’ютарам Аляксандрай і сястрой Ілонай

Іра за школьнай партай разам зь т’ютарам Аляксандрай і сястрой Ілонай


— Гэта нечакана, вядома. Ня думала, што яшчэ раз у жыцьці пайду ў першую клясу, — кажа васемнаццацігадовая Аляксандра Амбражэйчык, пэрсанальны суправаджальнік-т’ютар Іры. — Будзе, вядома, цяжка, але мы спраўляемся.

— Задача т’ютара — абысьціся бяз т’ютара, — тлумачыць Інга Дубініна. — Мы разьлічваем, што празь нейкі час дачка зможа цалкам самастойна ўліцца ў калектыў, без дапамогі дарослага.

Зрэшты, гэтых т’ютараў рыхтуе, можна сказаць, сама Інга. У працэсе змаганьня за жыцьцё й здароўе дачкі, азнаёміўшыся з сучаснымі замежнымі мэтодыкамі разьвіцьця гэткіх дзяцей, яна стварыла цэнтар дапамогі асаблівым дзецям «Леванія». Там адаптуюць сусьветныя мэтодыкі да беларускіх рэаліяў, знаёмяць зь імі выхавацеляў і настаўнікаў, праводзяць курсы т’ютараў для ахвотных і пастаянна займаюцца з праблемнымі дзецьмі. Працуюць зь дзецьмі пэдагогі, псыхолягі й трэнэры без адмысловай спэцыялізацыі па «праблемных» дзецях — у тым ліку харэографы, спартоўцы са звычайнай пэдагагічнай адукацыяй. Напрыклад, фрыстайлістка Асоль Сьлівец, срэбная прызёрка чэмпіянату сьвету.

Трэнэры нашага цэнтру ня ўмеюць працаваць з асаблівымі дзецьмі, не разумеюць, чаго яны ня могуць, — у выніку дзеці могуць усё.

— Нашыя пэдагогі-трэнэры ня ўмеюць працаваць з асаблівымі дзецьмі, і ў гэтым іх вялікі плюс, — тлумачыць Інга. — Мы толькі знаёмім іх зь некаторымі асаблівасьцямі, а базава яны не разумеюць, чаго гэтыя дзеці ня могуць, працуюць як са здаровымі — у выніку дзеці могуць усё. Тыя ж, хто адмыслова на працу з «праблемнымі» вучыўся, прывучваюцца ставіцца да іх як да праблемы, як да «недалюдзей», якім усё супрацьпаказана і лепш нічога не рабіць.

Асоль Сьлівец займаецца з абмежаванымі дзецьмі

Так і пасьля першага школьнага дня, пасьля знаёмства з такой аднаклясьніцай сваіх дзяцей, найбольш уражаныя былі тыя бацькі, якія зьвязаныя зь дзяржаўнай мэдыцынай і рэабілітацыяй. Бацькі ж Ірыны лічаць звыклую для нашага грамадзтва «палітыку ізаляцыі» людзей з праблемамі разьвіцьця, тым больш дзяцей, заганнай і шкоднай.

Іра займаецца ў басэйне

Іра займаецца ў басэйне

— Калі звычайнага чалавека ізаляваць ад астатніх людзей, ён ператворыцца ў чалавека з абмежаванымі здольнасьцямі, — разважае бацька Іры і яшчэ трох дзяцей Юры Мамчыц. — Таму дзяцей, што ў нечым абмежаваныя, наадварот трэба ўлучаць у грамадзтва, дазваляць разьвівацца разам зь ім, каб яны падцягваліся. Бо ў ізаляцыі няма разьвіцьця.

Стандартнае пытаньне да бацькоў Іры было: «Як вы сабе ўяўляеце, што яна пойдзе ў звычайную школу?!» «Цудоўна ўяўляем, — адказвалі бацькі, — мы бачылі, як гэта бывае». Італьянскія рэабілітолягі былі ўпэўненыя, што Іра пойдзе ў школу, што ўжо час. Але там і стаўленьне да чалавека іншае, падкрэсьліваюць бацькі.

У Амэрыцы яна для ўсіх «honey» і «beauty», а тут «хворая» і «што ёй трэба?»

— У Амэрыцы, Эўропе яна для ўсіх «honey» і «beauty», — узгадваюць яны. — Яна з усімі вітаецца, зь ёй усе вітаюцца, пасьміхаюцца. Ніякіх касых позіркаў. А ў Маскве ці ў Менску перапытваюць: «Яна што, хворая?» Толькі былі вярнуліся, зайшлі ў краму, Іра па звычцы маша рукой прадаўцу: «Хай!» А ён так на яе глядзіць і пытае груба: «Што яна хоча?» Усё зразумела, мы на радзіме...

Але настроеныя бацькі аптымістычна.

— Нас жыцьцё прымусіла выехаць і ўбачыць, як бывае па-іншаму. І хоць людзі, вядома, інэртныя, і пэдагогі, мэдыкі, і проста людзі будуць паступова прывучвацца нармальна ставіцца да іншых людзей. Межы ж адкрытыя, усё бачна, увесь сьвет так робіць. Пачынаць, вядома, цяжка, але як мы здолелі падняць ляжачае дзіцё, так зможам і разьвярнуць погляд грамадзтва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG