Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СБУ абвяргае існаваньне сакрэтных турмаў ва Ўкраіне. Але дадаткова праверыць


Старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак
Старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак

Старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак абвяргае наяўнасьць у падначаленым ведамстве сакрэтных турмаў, у якіх нібыта ўтрымліваюцца незаконна затрыманыя асобы.

«У нас няма ніякіх сакрэтных турмаў. У нас ёсьць аддзел забесьпячэньня дасудовага сьледзтва ў Кіеве, у нас ёсьць сэктар забесьпячэньня дасудовага сьледзтва ў некалькіх абласьцях Украіны, абласных цэнтрах, у тым ліку і ў горадзе Харкаве», — сказаў Васіль Грыцак сёньня на брыфінгу ў Харкаве.

Старшыня СБУ прапанаваў журналістам наведаць такі аддзел у Харкаве. Разам з тым, Васіль Грыцак паведаміў, што даручыў правесьці дадатковую праверку інфармацыі, абнародаванай міжнароднымі праваабаронцамі.

«Я не выключаю, што я магу нечага не ведаць, але я зараз прапанаваў вам — заехаць і паглядзець тую турму, пра якую ўсе так шмат гавораць. Я не выключаю, што ў гэтых памяшканьнях з затрыманымі маглі працаваць для вызначэньня іх працэсуальнага статусу — не выключаю такой магчымасьці, але ня больш таго. Мне невядома, што там нехта кагосьці ўтрымліваў», — падкрэсьліў ён.

У той жа час Васіль Грыцак пакуль не вызначыўся наконт магчымага звароту да суду на праваабаронцаў за распаўсюджаньне непраўдзівай інфармацыі. «Мы спачатку правядзем праверку, а потым будзем вызначацца, што з гэтым рабіць. У нас пакуль няма падстаў для хваляваньня», — адзначыў кіраўнік СБУ.

Паводле яго, Служба бясьпекі Ўкраіны падпісала шэраг дакумэнтаў пра супрацу з праваабарончымі арганізацыямі. «Калі я не памыляюся, у гэтым сьпісе 13 прадстаўнікоў замежных арганізацый, у першую чаргу з камітэту ААН па правах чалавека, якія будуць дапушчаныя на ўсе без выключэньня аб’екты Службы бясьпекі, але допуск будзе ажыцьцяўляцца адпаведна да патрабаваньняў нацыянальнага заканадаўства. Мы гатовыя прыняць гэтую дэлегацыю, якая мае прыбыць ва Ўкраіну 5 верасьня», — паведаміў Васіль Грыцак.

Кіраўнік СБУ таксама зьвярнуўся да ўкраінскіх журналістаў: «Паважаныя сябры, не ліце ваду на жорны ворагаў. Дагэтуль мы вызвалілі 3080 чалавек. Лепш спытайце ў іх, у якіх умовах яны ўтрымліваліся!».

29 жніўня міжнародныя праваабарончыя арганізацыі Amnesty International і Human RightsWatch абвінавацілі Службу бясьпекі Ўкраіны (СБУ) у незаконных затрыманьнях людзей і іх таемным утрыманьні пад вартай. У іх супольным лісьце на імя галоўнага вайсковага пракурора Ўкраіны паведамляліся зьвесткі аб тым, што як найменей 5 чалавек працягваюць таемна ўтрымлівацца пад вартай у Харкаўскай управе СБУ, трое зь якіх утрымліваюцца пад вартай больш як год.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, яшчэ 13 чалавек, гэтак сама таемна — без рашэньня суду — утрыманых Службай бясьпекі Ўкраіны раней, былі вызваленыя пасьля публікацыі 21 ліпеня дакладу Amnesty International і Human Rights Watch, у якім гаварылася пра «сакрэтныя турмы» СБУ ў шэрагу ўкраінскіх гарадоў. Як адзначаюць праваабаронцы, ні факт затрыманьня, ні факт вызваленьня гэтых людзей так і не былі прызнаныя ўладамі.

Праваабаронцы ў дакладзе ад 21 ліпеня таксама абвінавачвалі ў масавых парушэньнях правоў чалавека, у тым ліку катаваньнях і гвалтоўным незаконным утрыманьні людзей, сэпаратыстаў з самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG