Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўсходзе Ўкраіны пакуль зацішша, менская група — на відэаперамовах


Прадстаўнік Штабу апэрацыі ўкраінскага войска на ўсходзе Ўкраіны палкоўнік Андрэй Лысенка заяўляе, што ў першай палове сёньняшняга дня на Данбасе незаконныя ўзброеныя фармаваньні толькі аднойчы абстралялі пазыцыі ўкраінскіх войскаў.

«Сумеснымі намаганьнямі нам удалося прымусіць суперніка вярнуцца да выкананьня менскіх дамоўленасьцяў — за першую палову сёньняшняга дня ў раёне правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі адбыўся толькі адзін абстрэл з боку незаконных узброеных фармаваньняў», — паведаміў Андрэй Лысенка сёньня на брыфінгу ў Кіеве.

Паводле яго, напярэдадні абсалютна спакойна было амаль па ўсім луганскім кірунку, на Светладарскай дузе і ў Данецкім аэрапорце. У той жа час, Андрэй Лысенка паведаміў, што 31 жніўня ў выніку баявых дзеяньняў адзін украінскі вайсковец загінуў і адзін атрымаў раненьні.

Улады самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» таксама заявілі пра адсутнасьць абстрэлаў з боку ўкраінскіх вайскоўцаў.

Напярэдадні Ўкраіна з-за невыкананьня ўзброенымі фармаваньнямі абавязкаў па прыпыненьні агню з поўначы 31 жніўня ў сувязі з пачаткам новага навучальнага году, ініцыявала экстранную відэаканфэрэнцыю трохбаковай кантактнай групы. Як паведаміла Дарка Аліфэр, прэсавы сакратар прадстаўніка Ўкраіны на перамовах Леаніда Кучмы, яна пачалася сёньня апоўдні.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, у сваю чаргу, зноў нагадаў, што Ўкраіна настойвае на абавязковай імплемэнтацыі менскіх пагадненьняў: вывядзеньні расейскіх войскаў, вызваленьні ўсіх украінскіх закладнікаў, якія незаконна ўтрымліваюцца ў турмах Расеі і на акупаванай тэрыторыі, а таксама забесьпячэньні бесьперашкоднага доступу прадстаўнікоў спэцыяльнай маніторынгавай місіі АБСЭ.

«Ключавая ўмова забесьпячэньня міру на Данбасе — гэта 409 кілямэтраў і 300 мэтраў некантралюемай мяжы з Расейскай Фэдэрацыяй, якія павінны ўзяць пад кантроль спачатку прадстаўнікі паліцэйскай узброенай місіі АБСЭ, а затым да іх далучацца ўкраінскія сілавікі і памежнікі», — заявіў Пятро Парашэнка сёньня ў часе выступу ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце імя Ігара Сікорскага.

Дамоўленасьць аб спыненьні агню па ўсёй лініі разьмежаваньня з 00.00 гадзін 1 верасьня была дасягнутая 26 жніўня ў Менску.









*/

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG