Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бязьвізавая Беларусь — рацыяналізм перамагае састарэлую ідэалёгію


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

Разважаюць пра плюсы і мінусы магчымага пяцідзённага ўезду ў Беларусь. У краіне, дзе столькі гадоў пануе антызаходняя рыторыка абарончага тыпу, ніводнага мінусу я ня бачу. Зрэшты, як да канца не магу паверыць, што такое магчыма. Бо гаворка пра барацьбу інтарэсаў унутры краіны: разьвіваемся-адкрываемся, ці закрываемся-дэградуем.

А чаму б не максымальна спрасьціць ці нават адмяніць візы ў Беларусь? Бо для прыхільнікаў «дэградуем-закрываемся» спрасьціць — «даць слабіну перад Захадам», дый яшчэ горш — «адвярнуцца ад Расеі» за кошт якой толькі і можна існаваць у закрытым стане.

Зь іншага боку, набудаваныя ў мностве гатэлі стаяць пустымі, і нявыкрутку палітычнага аплёмбу і эканамічнай мэтазгоднасьці трэба неяк абыходзіць. У Беларусі абы хто будаўнічым бізнэсам не займаецца, усе так ці інакш завязаныя на топавыя пэрсоны ва ўладзе.

«Безвизовый въезд совсем не означает, что по улицам Гродно и окрестностям будут ходить толпы бесхозных туристов», — тлумачыць гарадзенскі чыноўнік ад турызму.

Ужо неўзабаве на прыкладзе Горадні і ваколіц мы зможам пабачыць, як бязьвізавы турызм можа выглядаць для ўсёй краіны.

Я спрабую ўявіць гэтую бязьвізавую, але ня «дзікую», а абавязкова арганізаваную турыстычную дзею. Праз свае фірмы ў свае гатэлі дзяржаўныя і прыдзяржаўныя людзі завабліваюць турыстаў. Пяць дзён расьпісаныя ад А да Я. «Мір — Нясьвіж — Курган Славы — Нацбібліятэка — вольны час ад 20:00, 23:00 — адбой».

З аднаго боку «партыя вайны», то бок прыхільнікі варагаваньня з Захадам, мусяць настойваць на шпіёнскай пагрозе, якая ўзьнікне зь бязьвізавымі турыстамі. Зь іншага боку, генэралам-сілавікам адкрыецца магчымасьць вычапіць дадатковыя фінансаваньні на дадатковыя захады бясьпекі.

Захадафобы мусяць настойваць на татальным прыглядзе за будучымі турыстамі. Каб з групамі ўвесь час хадзіў экскурсавод у пагонах. Каб сялілі ў вызначаных гатэлях, а там у вызначаных нумарах. Імідж краіны а-ля Паўночная Карэя? І пад такую экзотыку можна прывабіць турыстаў-экстрэмалаў, але наўрад ці багата заробіш, бо большасьць людзей ані разу не экстрэмалы.

— «Справится ли регион с большим количеством туристов, если они вдруг хлынут на территорию парка „Августовский канал“?» — пытаецца карэспандэнт у чыноўніка ад турызму.

Для таго, каб людзі «хлынулі» з-за мяжы, ім неабходныя «дзікія» ўмовы: хостэлы, невялікія недарагія кавярні наагул і прыдарожны сэрвіс у прыватнасьці, кемпінгі... Шмат чаго такога, што многія чыноўнікі розных структур хоць раз у жыцьці бачылі за мяжой, а значыць могуць уявіць, што патрэбна. Хоць як па мне, самае галоўнае — не замінаць прыватнай прадпрымальніцкай ініцыятыве. Але і тут нявыкрутка, бо хостэлы перавабяць кліентаў набудаваных пустых гатэляў.

У кожным разе, сваякі і партнэры людзей пры ўладзе, якія трымаюць гатэльны і рэстарацыйны бізнэс, кроўна зацікаўленыя ў раскрыцьці Беларусі, як мінімум, Эўропе. Ужо сёньня.

Сам факт таго, што публічна дыскутуюцца падобныя бязьвізавыя магчымасьці, ужо сьведчыць пра тое, што ўнутры каляўладных клянаў ідзе барацьба, у тым ліку за вэктар разьвіцьця краіны.

Хочацца верыць, што бязьвізавая Гарадзеншчына ў раёне Аўгустоўскага каналу — толькі пробнік. Галоўнае — стварыць прэцэдэнт. А там можна пяць дзён павялічыць да пяцідзесяці. А гэта значыць, што Беларусь адкрые сябе для кантактаў з эўрапейцамі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG