Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 краінаў, найзручнейшых для маладых бацькоў


Папулярны амэрыканскі сайт Business insider апублікаваў уласны рэйтынг краінаў, найбольш спрыяльных семʼям зь дзецьмі. Сярод дзяржаваў, якія ставяць дабрабыт маладых бацькоў на важнае месца ў дзяржаўнай палітыцы, апынуліся ня толькі багатыя краіны, якія традыцыйна ўзначальваюць любыя рэйтынгі дабрабыту. Чатыры краіны са сьпісу — гэта нядаўнія дзяржавы так званага сацыялістычнага лягера. Як на фоне гэтай дзясяткі выглядае Беларусь?

Фінляндыя

У Фінляндыі будучыя маці могуць пачаць свой дэкрэтны адпачынак за сем тыдняў да меркаванай даты родаў. Пасьля нараджэньня дзіцяці ўрад аплачвае 16 дадатковых тыдняў адпачынку, незалежна ад таго, ці зьяўляецца маці студэнткай, беспрацоўнай, або самазанятай. Акрамя таго, краіна прапануе восем тыдняў платнага адпачынку па доглядзе за дзіцем.

Данія

Новыя маці ў Даніі атрымліваюць у агульнай колькасьці 18 тыдняў адпачынку па цяжарнасьці і родах: за чатыры тыдні да родаў і 14 тыдняў пасьля. Яны цалкам платныя. На працягу 14-тыднёвага пэрыяду бацька таксама можа ўзяць два тыдні адпачынку. Бацькі могуць падзяліць 32 дадатковыя тыдні адпачынку так, як яны лічаць патрэбным. Яны могуць падоўжыць адпачынак яшчэ на 14 тыдняў, калі дзіця або адно з бацькоў захворвае. Па законе, урад аплачвае 52 тыдні адпачынку, хоць і не заўсёды цалкам.

Швэцыя

Новыя бацькі ў Швэцыі маюць права на 480 дзён адпачынку за 80% ад іх звычайнай заработнай платы. Гэта 18 тыдняў, зарэзэрваваных толькі для маці, пасьля чаго бацькі могуць выкарыстаць адпачынак так, як пажадаюць. Таты ў Швэцыі атрымліваюць 90 аплатных дзён.

Бэльгія

Маці ў Бэльгіі маюць права на 15 тыдняў адпачынку па цяжарнасьці — на працягу першых 30 дзён пасьля таго, як дзіця нараджаецца, яны атрымліваюць 80% свайго заробку, і 75% на астатні час. Татам даюцца 10 дзён, тры зь якіх цалкам аплачваюцца. Астатнія сем аплачваюцца на 82% заробку, калі яны выкарыстоўваюць іх цягам першых чатырох месяцаў пасьля нараджэньня дзіцяці.

Ісьляндыя

Ісьляндзкія бацькі могуць падзяліць свае дзевяць месяцаў пасьля родаў роўна напалам. Новыя маці атрымліваюць тры месяцы, новыя таты — таксама тры месяцы, а затым яны павінны самі вырашыць, як яны будуць дзяліць рэшту часу. Кожны з бацькоў у час адпачынку атрымлівае 80% ад свайго заробку.

Сэрбія

Маці маюць права на 20 тыдняў цалкам платнага адпачынку пасьля родаў. Пасьля гэтага яны атрымліваюць дадаткова цэлы год водпуску, але зь цягам часу кампэнсацыя памяншаецца Яны атрымліваюць 100% аплаты на пачатку і 30% напрыканцы адпачынку. Таты атрымліваюць адзін тыдзень цалкам аплачваемага адпачынку.

Нарвэгія

У Нарвэгіі маці могуць узяць 35 тыдняў пры поўнай аплаце або 45 тыдняў на 80% заработнай платы, а таты могуць узяць ад нуля да 10 тыдняў у залежнасьці ад даходу сваіх жонак. Разам бацькі могуць атрымаць дадатковыя 46 тыдняў пры поўнай аплаце ці 56 тыдняў на 80% ад сваіх даходаў.

Вугоршчына

Вугорскія маці атрымліваюць 24 тыдняў аплатнага водпуску, які складае 70% ад іх заработнай платы. Ён можа пачацца за чатыры тыдні да меркаванай даты родаў. Таты атрымліваюць адзін тыдзень, які аплачваецца ў поўным аб’ёме. Пасьля 24 тыдняў водпуску па цяжарнасьці, бацькі могуць узяць яшчэ 156 тыдняў, падзеленыя паміж сабой. Адпачынак аплачваецца ў 70% ад іх заработнай платы на працягу 104 тыдняў.

Эстонія

Маці ў Эстоніі атрымліваюць 140 дзён цалкам платнага водпуску па цяжарнасьці і родах, які можа пачацца за 30-70 дзён да мяркуемай даты родаў. Татам у Эстоніі даюцца два тыдні платнага водпуску. Яны таксама маюць права на некалькі вольных дзён цягам апошніх двух месяцаў да меркаванай даты родаў. Пасьля водпуску па цяжарнасьці і родах, бацькі атрымліваюць дадатковыя 435 выходных дзён з выплатай кампэнсацыі, памерам два сярэднія заробкі.

Літва

Літоўскія маці атрымліваюць 18 тыдняў цалкам платнага водпуску, новыя таты — чатыры тыдні, а разам бацькі атрымліваюць дадатковыя 156 тыдняў, якія могуць самі паміж сабой падзяліць. Бацькі самі вырашаюць, ці пайсьці на 52-тыдневы адпачынак за 100% заробку, або 70% на працягу першых 104 тыдняў (да таго часу, пакуль дзіця не дасягне 2-х гадоў).


Беларусь у агляд сайту Business insider ня трапіла. Але сацыяльныя гарантыі маладым бацькам выглядаюць у Беларусі ня так і кепска. Адпачынак па цяжарнасьці і родах жанчына атрымлівае з 30-га тыдня цяжарнасьці да родаў. Першая дзяржаўная дапамога выплачваецца жанчыне ў 30 тыдняў цяжарнасьці. Памер дапамогі разьлічваецца ў памеры 100% заробку. Да трох гадоў бацькі ў Беларусі атрымліваюць дапамогу па доглядзе за дзіцем. На першае дзіця — 35% ад заробку. На другое і наступных дзяцей — 40%. У адпачынак па догляду за дзіцем можа сысьці ня толькі маці, але таксама бацька дзіцяці або іншыя блізкія сваякі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG