Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прачытаў навіну, што прэзыдэнт Зымбабвэ Робэрт Мугабэ арыштаваў проста каля трапа самалёта ўсю алімпійскую нацыянальную дэлегацыю.

Незадаволены вынікамі атлетаў, лепшы зь якіх на Гульнях заняў восьмае месца ў сваім відзе, Мугабэ назваў спартоўцаў гультаямі.

– Калі ваша задача зводзіцца да таго, каб пранесьці сьцяг краіны й прасьпяваць гімн, то лепш бы мы для гэтых мэтаў паслалі на гульні маладых і прыгожых навучэнцаў унівэрсытэту, – зазначыў былы змагар з апартэідам.

Крутаватыя мэтады, што й казаць.

У нас да гэтага не дайшло. Беларусь пакуль усё ж не Зымбабвэ, але пэўная напружанасьць што да мэдалёвых алімпійскіх вынікаў назіралася.

Пасьля невялікай паўзы вынікі Алімпіяды са словаў віцэ-прэзыдэнта НАК Максіма Рыжанкова, кіраўніцтвам краіны былі прызнаныя годнымі.

Можа, хто й чакаў іншага, але трэба пагадзіцца, што месца Беларусі ў мэдалёвым алімпійскім заліку ня надта кепскае.

Пра гэта адзін з аматараў алімпійскага спорту ў сацыяльных сетках:

Alex Volkov: На Алімпіядзе ў Рыё Беларусь набрала ў 9 разоў больш мэдалёў, чым Аўстрыя. ВУП Аўстрыі на душу насельніцтва ў 9 разоў большы, чым у Беларусі. Трэба выбіраць, чым ганарыцца.

І сапраўды, трэба выбіраць. Да таго ж, каб не правальвацца на спаборніцтвах такога рангу ў будучыні, трэба рэальна ацэньваць свае сілы й адпавядаць сучасным тэндэнцыям у спорце, але адпавядаць не безаглядна.

Тое, што адна з тэндэнцый ляжыць у рэчышчы адмаўленьня ад монанацыянальнай нацыянальнай каманды – рэч відавочная.

Сёньня які-кольвек пэрспэктыўны атлет з таго самага Зымбабвэ можа апынуцца дзе заўгодна, у тым ліку й выступаць за нашу нацыянальную каманду. Былі б жаданьне й грошы.

Спартовая нацыянальная прыналежнасьць стала аб’ектам гандлю й уласнага выбару спартоўца.

Мне асабіста гэткая схема ня надта даспадобы, таму што прыўносіць збольшага сіюмінутны эфэкт і прымушае спартовае чынавенства й трэнэраў шукаць найбольш лёгкія шляхі для дасягненьня выніку. Тым самым разбураючы напрацаваную сыстэму падрыхтоўкі ўласных кадраў у спартовай галіне, як у асяродку спартоўцаў, гэтак і трэнэраў.

Але нават у тым выпадку, калі вынік ёсьць, скажам як у дужаньні, дзе каўкасцы вольнік Ібрагім Саітаў і грэка-рымлянін Джавід Гамзатаў здабылі бронзавыя мэдалі, застаюцца пытаньні па ўзроўні й разьвіцьці айчынных школ дужаньня, якія, што ў вольнікаў, што ў грэка-рымлян раней мелі вялікія традыцыі. Але цяпер сярод вольнікаў у Рыё не апынулася ніводнага барца, які б быў выгадаваны ў Беларусі.

Захапленьне павальным імпартам іншаземных спартоўцаў можа сьведчыць толькі аб адным – для кагосьці такія каналы пастаўкі спартоўцаў робяцца прыбытковым бізнэсам.

Але ці спрыяе гэткая схема падрыхтоўкі разьвіцьцю айчыннага спорту?

Яшчэ адна праблема – арганізацыя працы спартовае галіны й колькасьць бюджэтных грошай, якія выдзяляюцца на алімпійскія віды.

У спартовай жаночай гімнастыцы, дзе адно творчы даробак Вольгі Корбут і яе трэнэра Рэнальда Кныша, а таксама Сьвятланы Багінскай і яе трэнэра Любові Міраманавай вартыя бясконцага вывучэньня, становішча абсалютнае дэградацыі.

Сваіх ужо няма ні трэнэраў, ні гімнастак. Заяўленыя за Беларусь амэрыканкі займаюць апошнія месцы, а Багінская й Корбут працуюць на карысьць спорту ЗША.

Нераўназначны абмен атрымліваецца.

Ня лепей сытуацыя і ў гімнастыцы мужчынскай, дзе нашыя трэнэры высокай кваліфікацыі працуюць па ўсім сьвеце, але не для Беларусі.

Такая праблема ў многіх іншых алімпійскіх відах, дзе на разьвіцьцё й нармальную працу папросту не стае бюджэтных грошай. Пра якія мэдалі мусіць ісьці размова, калі ладны кавалак спартовага бюджэту зьядае хакей, які не прынёс пакуль і наўрад ці прынясе ў агляднай будучыні хоць які мэдаль. Ці то на Алімпіядзе, ці то ў КХЛ.

Сытуацыя настолькі відавочная, што ацэньваючы вынікі Алімпіяды ў Рыё, не стрымаўся ўсё той жа віцэ-прэзыдэнт НАК Максім Рыжанкоў, прыводзячы ў прыклад арганізацыю справы ў Вугоршчыне й заявіўшы ў інтэрвію «Прэсболу» наступнае:

«Даведаўся, што ў год яны (вугорцы) вылучаюць фэдэрацыям каля 70 мільёнаў даляраў па лініі дзяржпадтрымкі. Прычым грошы разьмяркоўваюцца не па прынцыпу, скажам, «у нас любімы від футбол». А ў залежнасьці ад колькасьці заваяваных на Алімпіядзе ўзнагарод. І як вы думаеце, чаму вугорцам былі так важныя ўдарныя вынікі ў веславаньні на байдарках і каноэ?

Ды таму што мясцовая фэдэрацыя гэтага віду спорту адхапіла, напэўна, чвэрць агульнага пірага. І заўтра ня толькі захавае, але і сур'ёзна памножыць дасягненьні.

А ў нас ільвіная доля грошай сыходзіць на футбол і хакей, дзе вынікі далёкія ад алімпійскіх. Што мы тады хочам ад індывідуальных відаў?

Хутка прыйдзе алімпійскі сход. Думаю, падрыхтуем прапанову кіраўніку дзяржавы, якраз у такім рэчышчы. Таму што на ўсе індывідуальныя віды спорту ідзе толькі каля дваццаці працэнтаў ад агульнага фінансаваньня спорту. І мы потым чакаем пятнаццаць-дваццаць мэдалёў на Гульнях. Напэўна, гэта нонсэнс».

Рыжанкоў слушна разумее, што сытуацыю ў беларускім спорце трэба тэрмінова выпраўляць, бо мы не Зымбабвэ, пакуль у нас ёсьць хоць які вынік.

Лукашэнка надта нэрвуецца з-за адсутнасьці мэдалёў.

Пакуль алімпійскі выступ, хоць і з рыпеньнем прызнаны годным, але хто дасьць гарантыі, тым самым чыноўнікам і спартоўцам, што яны праз чатыры гады не падзеляць лёс зымбабвійскай алімпійскай дэлегацыі, калі вернуцца на радзіму зусім без мэдалёў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG