Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што паказваюць выступы і дыскусіі кандыдатаў у дэпутаты?

Абмяркоўваюць: Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч.


Цыганкоў: Сярод апазыцыйных кандыдатаў толькі кандыдаты ад БНФ даволі часта і пасьлядоўна ставяць на парадак дня тое, што называецца пытаньні геапалітычнага выбару. Гэта актыўна прысутнічае і ў іх праграме, і ў заявах, і ў выступах. І ў гэтым сэнсе паказальная была дыскусія Аляксея Янукевіча, лідэра БНФ, з праўладным кандыдатам. Калі Янукевіч казаў пра эўрапейскі выбар, то кандыдат ад улады пачаў пярэчыць у тым сэнсе, што «няўжо вы хочаце, каб да нас з Эўропы прыйшлі ўсе тыя нэгатыўныя зьявы, якія там ёсьць, мігранты і ўсё астатняе».

Што да кандыдатаў ад правацэнтрысцкай кааліцыі, то яны відавочна больш канцэнтруюцца на ўнутрыпалітычных пытаньнях, не пэдалюючы тэму «вы за Расею альбо за Эўропу». Самымі папулярнымі тэмамі становяцца пэнсіі, адукацыя, заробкі, беспрацоўе, новыя працоўныя месцы.

Сярод апазыцыйных кандыдатаў толькі кандыдаты ад БНФ даволі часта і пасьлядоўна ставяць на парадак дня тое, што называецца пытаньні геапалітычнага выбару.

Але, вядома, не забываюць і пра палітычныя пытаньні, перш за ўсё — пра праблему адсутнасьці сапраўдных выбараў. Як мне здаецца, найбольш востра гэтую тэму ставілі прадстаўнікі БХД, напрыклад, Марына Хоміч і Вольга Кавалькова.

Праўладныя кандыдаты традыцыйна акцэнтуюць увагу на стабільнасьці, на тым, што цяперашнія цяжкасьці — часовыя, а сам стратэгічны курс абраны правільны. Часам заклікаюць глядзець ня толькі на тое, што адбываецца апошнія гады (крызыс), а на ўсе 20 гадоў — маўляў, зь якой ямы мы ўзьняліся. Таксама заўважна, што праўладныя кандыдаты нават у дробязях не рызыкуюць крытыкаваць уладу — і ў дэбатах займаюць пераважна абарончую пазыцыю.

Трайны ўдар

Тры пытаньні для трох аналітыкаў. Штодзень тры аглядальнікі Свабоды абмяркоўваюць тры тэмы, якія сёньня падаюцца ім найбольш важнымі, актуальнымі і цікавымі. Апэратыўны аналіз бягучых падзеяў і тэндэнцыяў, улада і апазыцыя, вайна і мір, Расея і Захад, Беларусь і Эўропа.

Што яшчэ асабіста мне кінулася ў вочы — як слаба выглядалі некаторыя кандыдаты ад «Гавары Праўду». У той час, як выступы Андрэя Дзьмітрыева і Тацьцяны Караткевіч былі арганізаваныя і праведзеныя на самым высокім прафэсійным узроўні, шэраговыя кандыдаты ад гэтай каманды выглядалі даволі блякла.

Напрыклад, кандыдат Яраслаў Журык падчас дэбатаў проста ня мог трымацца перад тэлекамэрай. Ён літаральна задыхаўся, ня мог закончыць фразу, сфармуляваць сваю думку. Вядома, чалавек хваляваўся, відавочна, ён, магчыма, упершыню працуе перад тэлекамэрай, і адпаведнага досьведу і трэніроўкі ў яго няма. Другая кандыдатка ад ГП, Іна Кушнер, гаварыла падчас дэбатаў больш упэўнена, але на ўзроўні «чалавека з вуліцы», непераканаўча і дробязна.

Такое ўражаньне, што «Гавары Праўду» проста ўзяла палітычна актыўных людзей без адпаведных якасьцяў і падрыхтоўкі і зрабіла іх кандыдатамі. З гэтага пункту гледжаньня выступы больш вопытных палітыкаў з БНФ, Руху «За Свабоду», АГП, БХД выглядалі значна больш прафэсійнымі і пераканаўчымі.

Дракахруст: Я б засяродзіў увагу на выступе толькі аднаго кандыдата — кандыдата ад партыі БНФ, які паставіў пытаньне аб палітычнай культуры беларусаў, аб палітычным успрыняцьці беларусаў. Я маю на ўвазе філёзафа Ўладзімера Падгола. Ён зьявіўся на тэлеэкране ў бронекамізэльцы, у касцы, з цаглінай, і яго выступ быў вытрыманы ў постмадэрнісцкім стылі. Ён правакаваў гледачоў, кідаў рэзкія парадаксальныя, вельмі спрэчныя, зразумела, формулы.

Падчас дыскусіі наконт выступу Падгола выказвалася думка, што беларусы, у адрозьненьне ад суседзяў — украінцаў, расейцаў — не ўспрымаюць сьцёб, іронію, сарказм у палітыцы. Прычым незалежна ад поглядаў.

Я ня ведаю, як успрыняла гэты выступ шырокая публіка, але ў Фэйсбуку гэты выступ выклікаў хіба ня самую гарачую палеміку. Прычым яна тычылася ня толькі самога выступу Ўладзімера Падгола, але ўвогуле стылістыкі палітычнай рэклямы. І шмат хто, у тым ліку і зь людзей дэмакратычных поглядаў, абураліся, маўляў, якога дурня выпусьцілі на экран і няўжо беларусы гэта зьядуць.

Гэтыя людзі прыгадвалі, што такія постмадэрнісцкія трукі шырока ўжывала падчас выбараў 2010 году кампанія «Гавары праўду» — можна прыгадаць, напрыклад, падпісаньне дамовы паміж Някляевым і коцікам.

Здаецца, тады гэта ня надта спрацавала. Падчас дыскусіі наконт выступу Падгола выказвалася думка, што беларусы, у адрозьненьне ад суседзяў — украінцаў, расейцаў — не ўспрымаюць сьцёб, іронію, сарказм у палітыцы. Прычым незалежна ад поглядаў.

Хоць ня выключана, што такі правакатыўны стыль прынамсі запамінаецца. Усё ж выступ Падгола, хай і з масай крытычных ацэнак, абмяркоўваўся значна больш, чым выступы іншых кандыдатаў разам узятых.

Карбалевіч: Магчыма, тут проста пытаньне вобразу і іміджу. Калі б так выступаў артыст камэдыйнага жанру Яўген Крыжаноўскі, гэта б і ня выклікала нэгатыўнай рэакцыі. А ў Падгола ўсё ж такі іншы імідж.

Цыганкоў: Ён ужо сваімі пікетамі і дзеяньнямі якраз такі імідж зрабіў. Для мяне такі яго выступ на тэлебачаньні ня быў нечаканым.

Карбалевіч: Ну, гэта для тых, хто, мусіць, уважліва сочыць за ўсімі палітычнымі працэсамі і пікетамі.

Уражаньне ад выступаў і дыскусіяў вельмі цяжкае. Галоўныя сыстэмныя праблемы Беларусі застаюцца па-за ўвагай кандыдатаў. Пануе драбяза і дробнатэмʼе. Дыскусіі ідуць паводле ўстаноўкі, дадзенай Ярмошынай, якая заявіла, што задача кандыдата абмяркоўваць не праблемы вялікай палітыкі, а бытавыя праблемы сваёй акругі. І нават калі кандыдаты гавораць пра агульнанацыянальныя праблемы, то цяжка адрозьніць апазыцыянэра ад прыхільніка ўлады.

Пры прапарцыйнай сыстэме дыскусіі праводзілі б лідэры партый. І яны прапаноўвалі б нейкія агульнанацыянальныя праекты будучага разьвіцьця краіны. А мажарытарныя выбары сьпіхваюць дыскусію на ўзровень стану дарог, рамонту жыльля, транспартных пытаньняў.

Дарэчы, гэта адна з прычынаў, чаму ўлады ня хочуць пераходзіць на прапарцыйную сыстэму выбараў. Бо пры прапарцыйнай сыстэме дыскусіі праводзілі б лідэры партый. І яны прапаноўвалі б нейкія агульнанацыянальныя праекты будучага разьвіцьця краіны. А мажарытарныя выбары сьпіхваюць дыскусію на ўзровень стану дарог, рамонту жыльля, транспартных пытаньняў.

Па-першае, такі ўзровень дэбатаў ня моцна палітызуе грамадзтва, што якраз і патрэбна рэжыму. Па-другое, на такім узроўні кандыдаты ўлады заўсёды маюць перавагу перад апазыцыяй. Бо кандыдаты ад улады — гэта амаль заўсёды нейкія начальнікі, хоць часам і невялікія. Але ўсё ж у іх ёсьць нейкія ўладныя рэсурсы, якія яны могуць выкарыстаць для вырашэньня мясцовых сацыяльна-бытавых праблем. А апазыцыйныя кандыдаты — альбо беспрацоўныя, альбо пэнсіянэры, альбо чальцы грамадзкіх арганізацый. І калі ўсё зводзіцца да пытаньня, у каго больш шанцаў адрамантаваць дарогу, то абывацель, зразумела схіляецца да прадстаўнікоў улады.

Увогуле, адчуваньне, што ўсе кандыдаты ўдзельнічаюць у нейкім спэктаклі, што цяперашнія выбары — гэта нешта несапраўднае. Таму няма сапраўдных жарсьцяў. Усе вельмі ветлівыя, па-беларуску талерантныя. І няма сапраўдных палітыкаў, якія б запальвалі людзей сваімі выступамі. Калі няма публічнай палітыкі, то няма і палітыкаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG