Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У час, калі заканчваецца лета зь яго адпачынкамі, курортамі, лецішчамі, пакінутымі на бабуль унукамі, калі набліжаецца навучальны год, сёй-той з нас і ня супраць, што адпачынкі сканчаюцца, бо ладна стаміўся ад неўгамоннай дзятвы. Нават у транспарце чуеш, як скардзяцца адна адной маці ці бабулі, што цяперашнія дзеці нязносна капрызьлівыя. Хто зьвяртаецца да заморскай мэдыцыны ці найноўшых мэтадаў выхаваньня, а хто ўздыхае па ўжо забытых сакрэтах гадаваньня дзяцей нашымі ўжо і не бацькамі, а прадзядулямі ды прабабулямі. Як ставіліся да падобных праблемаў у колішняй беларускай вёсцы? А мо такіх праблемаў і не ўзьнікала зусім? Гутарка з этнакультуролягам, доктарам філялягічных навук Тацянай Валодзінай.

Вячаслаў Ракіцкі: Тацяна, мо насамрэч у даўнія часы дзяцей лепей выхоўвалі? Ці дзеці тады лягчэй паддаваліся выхаваньню?

Тацяна Валодзіна: Сёньня ў экспэдыцыях самыя пажылыя інфарманткі ў гаворках пра былое выхаваньне дзятвы ўсьміхаюцца: о, нас бы даўно пазбавілі бацькоўскіх правоў. Бо і нараджалі ў полі, і кідалі тое малое на старэйшых сясьцёр ці старую бабулю, а як не было каму, прывязвалі за нагу — і рабіць. Што і казаць, умовы гадаваньня маленькіх дзетак былі надзвычай няпростыя, узровень сьмяротнасьці ў разы перавышаў цяперашні, а ўжо колькі дзіцячых адмысловых хваробаў на той час выдзялялі! Тут і зубішчы, і цеменьнік, і шарсьцінка, і крактуны, і крылішчы, і гэты шэраг можна працягваць. І лекавалі тыя хваробы, ясна ж, не дактары, а вясковыя шаптухі. Дарэчы, бальшыня тагачасных жанчын сама валодала найпрасьцейшымі навыкамі замаўляньня ды народнай мэдыцыны.

Вячаслаў Ракіцкі і Тацяна Валодзіна

Вячаслаў Ракіцкі і Тацяна Валодзіна

Ракіцкі: Падаецца, што тагачасныя мамулі на капрызы сваіх дзяцей і ўвагі не зьвярталі. Бо праблемы бывалі значна больш сур’ёзныя, і дзіця нярэдка апыналася на мяжы паміж жыцьцём і сьмерцю.

Як гэта ні падаецца дзіўным, капрызы ў беларускай вёсцы здаўна і да сёньня разумеюцца як хвароба, наўпрост не зьвязаная з асаблівасьцямі характару або выхаваньня.

Валодзіна: Як гэта ні падаецца дзіўным, капрызы ў беларускай вёсцы здаўна і да сёньня разумеюцца як хвароба, наўпрост не зьвязаная з асаблівасьцямі характару або выхаваньня. Нават проста ў дыялектнай гаворцы ня рэдкасьць пачуць: «Дзіцёнак хварэе ўпірымі».

Сучасная літаратура па псыхалёгіі вызначае капрызы як пазбаўленыя разумных падставаў дзеяньні, накіраваныя галоўным чынам на тое, каб аказаць супраціўленьне патрабаваньням старэйшых і настойваць на сваіх уласных жаданьнях. Як правіла, яны суправаджаюцца адмоўнымі эмацыйнымі рэакцыямі (крык, плач) і ўзбуджэньнем. У мэдычных даведніках асобнага артыкула з такой назвай проста няма, а самі капрызы ўзгадваюцца толькі як факультатыўныя сымптомы пры розных дзіцячых захворваньнях. Нашы ж продкі выносілі адназначны дыягназ: капрызы, урагі, карады.

Ракіцкі: Дык гэтая, як вы кажаце, хвароба мае яшчэ і некалькі назваў?

Валодзіна: Так, ці ня кожны куточак Беларусі захоўвае сваё найменьне. Найбольш распаўсюджаныя азначэньні гэтай немачы ў беларусаў — капрызы, наравы, упіры ці ўпоры, урагі, карады ці карадуны, жуды і нуды, натуркі. Калі ў шырэйшым разуменьні гэтыя тэрміны могуць прымяняцца і да апісаньня паводзінаў дарослых, то як хвароба капрызы вызначаюцца толькі ў дачыненьні да дзіцяці — зыходзячы з сучасных клясыфікацыяў — дашкольнага ўзросту. У народным маўленьні слова капрызны мае шырокі спэктар адценьняў значэньня, сярод якіх — «сьпешчаны», «гарэзьлівы», «празьмерна рухомы», «непаслухмяны» і г.д. Аб’яднаць іх можа толькі паказаньне на пэўныя ненарматыўныя, адрозныя ад звычайных паводзіны, перш за ўсё дзіцяці. А ў традыцыйным сьветаразуменьні любое адхіленьне ад нормы, як у абліччы, так і ў паводзінах, кваліфікуецца як рэпліка засьветаў, дысгармонія, якая прыводзіць да агульнага расстройства арганізму і ўспрымаецца як паталягічны, хваравіты стан.

Ракіцкі: У наш час прычынаў капрызаў безьліч — і машынку не купілі, і кампутар выключылі, і цукерку не далі. А тады?

Валодзіна: Яно і зразумела, што капрызілі перадусім ад недастатковага догляду, адсутнасьці належнай увагі. Нашы продкі любую хваробу тлумачылі ў рэчышчы агульнага правіла: чалавек хварэе тады, калі ў яго цела пранікае штосьці варожае, дэманічнае, сурочлівае. Так і капрызы часта тлумачыліся засяленьнем у цельца дзіцяці нейкіх шкодных істотаў, якія і выклікалі ў дзіцяці неадэкватныя паводзіны — плач, гнеў. На Лепельшчыне захоўваецца абазначэньне хваробы словам урáг, адпаведна ўрáгаваць — капрызьнічаць, урáглівы — капрызны. Можна параўнаць са словам вораг. У лекавых практыках — «Буду ўрагі палаць, каб іх век ня знаць!» — гэтае слова актуалізуе ідэю гвалтоўнага і шкоднага пранікненьня ў цела.

Ракіцкі: І як жа лекавалі колішнія беларусы сваіх хворых на капрызы дзяцей?

Пазбаўленьне ад капрызаў у рэчышчы ўспрыманьня іх як хваробы прадугледжвала не выхаваўчыя мерапрыемствы і ўжо тым больш не маралізатарства, а радыкальныя мэдычныя працэдуры. Этыялёгія немачы, якая часта зводзілася да зьяўленьня ў целе ледзь не чарцянятаў, дыктавала іх выдаленьне і выгнаньне.

Валодзіна: Пазбаўленьне ад капрызаў у рэчышчы ўспрыманьня іх як хваробы прадугледжвала не выхаваўчыя мерапрыемствы і ўжо тым больш не маралізатарства, а радыкальныя мэдычныя працэдуры. Этыялёгія немачы, якая часта зводзілася да зьяўленьня ў целе ледзь не чарцянятаў, дыктавала іх выдаленьне і выгнаньне. Адсюль і слова выгнаць у тэрміналягічна ўстойлівых абазначэньнях мэдычных маніпуляцыяў:

«Бяруць дубец тонкі, аджаруць, аджаруць, тыя наравы выганяюць» (Лепельскі раён); «Есьлі капрызны рабёнак, то капрызы нада выганяць. Адлупіў і кінуў тую розачку» (Бешанковіцкі раён).

З гэтых словаў чытаецца і агульны матыў народнага лекаваньня — біцьцё, сьцёбаньне.

Ракіцкі: Выходзіць, каб вылечыць капрызы, дзіця трэба проста адлупцаваць?

Валодзіна: Ну, ня проста і не адлупцаваць! Але пасьцёбаць, так. Народны тэрапэўтычны рытуал пазбаўленьня ад капрызаў у найбольш агульным выглядзе можна прадставіць наступным чынам: хворае дзіця зьмяшчалі на парог і зьлёгку сьцёбалі спэцыяльна падрыхтаванымі прыладамі. Магічны эфэкт працэдуры ўзмацняе той факт, што рытуальнае дзеяньне разгортваецца каля парога хаты. Каб высьцебаць тых дэманічных узбуджальнікаў хваробы на вуліцу. Ну, а, так бы мовіць, інструмэнт лекаваньня зусім просты і надзвычай устойлівы, як па гарызанталі (у арэальным пашырэньні), так і ў вэртыкальным (часавым) аспэкце. Гэта вядомая ўсюды і да гэтага часу лазінка, найбольш вядомая прылада ўзьдзеяньня на маленькага чалавека. У абсалютнай большасьці запісаў гэта адмыслова падрыхтаваная лазінка: абвіслая галінка бярозы, часам падкрэсьлена — праз вуліцу.

«Ад упіроў, вот вісіць бяроза цераз вуліцу, церазь сцежку. Нада от той пасьцібаць, што абвісшая. Іду, вісіць, я прыду, ні слова, і па рабятах, па рабятах. А яны крычаць» (Ушацкі р-н).

Гэта магла быць і галінка, якая вісіць, надломленая, на кустах побач з дарогай. Або тая вярбінка, якую сьвянцілі ў Вербную нядзелю.

«Як парюцца ў бані венік, нада той венік разабраць і найці такую ветачку, катора трі, штоб трі сучкі было, і етым нада сьцебануць і раз, і другі, разікі трі. Больна, не, а сьцебаеш» (Гарадоцкі раён).

Дарэчы, такая лазінка, у народных поглядах, усё адно як убірала хваробу ў сябе. Пасьля працэдуры яе абавязкова спальвалі або выкідалі. Але часта кажуць, што і затыкалі пад бэлькаю ў хаце, каб дзіця яе бачыла.

Ракіцкі: А словы нейкія прамаўлялі ў гэты час?

Валодзіна: У Астравецкім раёне маглі сказаць: «Вітка б’ець, а касьцей ня ўломіць, а злосьць успакоіць».

А ў Докшыцкім раёне наогул разгортваўся цэлы дыялёг між маці дзіцёнка і шаптухай: «Каго б’еш?» — «Урага б’ю». — «Бі не яго (г. зн. дзіця), але ўрага!» — адказваюць на гэта тройчы.

На самым усходзе Магілёўшчыны капрызы вымяталі старым дзеркачом. Дзіця ляжала на парозе хаты, а сьмецьце перамяталася празь яго, каб паляцела зь ветрам. Дзіця ж пасьцёбвалі зьлёгку тым дзеркачом са словамі:

«Хіра ў лес, здароўе ў косьці!»

У Бярэзінскім раёне бабуля ў гэты час замаўляла:

«Ляцеў воран з чужых сторан, прыляцеў на Віцькаў двор. Забраў Віцькіны жуды і нуды, крыксы і плаксы, крэкты і стогны. І панёс у чыста поле, дзе пеўні не пяюць, дзе тапарамі не сякуць, дзе званы ня звоняць, туды дажа людзі не заходзяць».

Ракіцкі: Выходзіць, толькі сьцёбаць і нічога больш?

Валодзіна: У запісах — адсоткаў на 90. Ёсьць і яшчэ звычаі, таксама празрыстыя ў пляне магічнага значэньня — капрызы выганяліся і з хаты, і зь дзіцяці.

«Эта называецца упіры. Упіры. Ну дык гавораць, будта бы ад парога начынаюць этага дзіцёнка да абразоў во так во галавой куляць. Эта ўпіры» (Жлобінскі раён).

У Чэрвеньскім, Бярэзінскім, Крупскім раёнах капрызы ў зусім малога, яшчэ немаўляці, называюцца супор, супоры. І прычына ў іх даволі адметная, і лекаваньне:

«Есьлі матка дзяржыць рабёнка на руках і сцапіліся з мужыком ругацца. Лепі палажы дзіцёнка на краваць, а зь ім хочаш біся, хочаш ругайся, но толька не чэраз дзіця. Эта і ёсь супоры. Тады нада, каб мужык і з жонкай за рукі ўзяліся, а хто-та трэцьці церазь іхнія рукі дзіця перанімаў. Ад супор. Плачыць, крычыць, яму везьдзе коле, плоха яму» (вёска Глухі Ток).

Ракіцкі: І ўсё ж, капрызы ў традыцыі прыпісваліся толькі малым дзеткам? Бывае ж, што і дарослы, а як пачне ўпарціцца, дык таму малому вельмі далёка. Ці тады гэта іншая немач?

Сустрэлася і вельмі цікавае паведамленьне, што ў неадэкватных, наравістых паводзінах і чалавека, і жывёліны можа быць нечаканая прычына — на целе, але нашмат часьцей на бровах вырастаюць нейкія адмысловыя валаскі, што і называюцца дужа паказальна — чартапуды.

Валодзіна: Пра капрызы ў дарослых у мэдычным пляне гаворка не ідзе. Але сустрэлася і вельмі цікавае паведамленьне, што ў неадэкватных, наравістых паводзінах і чалавека, і жывёліны можа быць нечаканая прычына — на целе, але нашмат часьцей на бровах вырастаюць нейкія адмысловыя валаскі, што і называюцца дужа паказальна — чартапуды. У Старадароскім раёне мне расказалі:

«Эта як бровы. Кажуць, чартапуд у цябе, дык зразаюць, ці карове, ці чалавеку. Кажуць, волас вырвем табе, у цябе чартапуд расьце. Як злосны чалавек, капрызны, кажуць, эта чартапуды. Дык у каня ў нас быў, сто працэнтаў, увераваласа я, дзе бровы, чартапуды парасьлі, такі дурны быў конь. Сколькі яго ні бі, усёрна ня пойдзе рабіць то, што не захоча. — <І ў чалавека бываюць такія чартапуды?> — І ў чалавека. Кажуць, ну што, чартапуды напалі».

Пры ўсёй нечаканасьці гэты запіс дазваляе яшчэ раз падкрэсьліць уяўленьне пра дэманічную прыроду самога захворваньня, рытуальная тэрапія якога зь неабходнасьцю прадугледжвала выдаленьне чужога зь цела і вяртаньне першапачатковай цэласнасьці і гармоніі.

Ракіцкі: Што могуць даць нам, людзям ужо ХХІ стагодзьдзя, веды пра гэтыя, як многім падасца, забабоны?

Аднесенасьць капрызаў да сфэры дзяцінства ўзмацняе ідэю пераходнасьці, калі пераадоленьне падобнай немачы станавілася яшчэ адной прыступкай на шляху сталеньня маленькага чалавека.

Валодзіна: Дасьледаваньне этнакультурнага тэксту капрызаў дазваляе яшчэ раз удакладніць канцэпцыю хваробы ў традыцыйным сьветаразуменьні беларусаў, калі паводзіны ненарматыўныя, асацыяльныя, якія суправаджаюцца неадэкватнымі эмацыйнымі ўсплёскамі, успрымаюцца як паталёгія ўсяго арганізму і прыпісваюцца перш за ўсё ўзьдзеяньню дэмана. Адпаведна, суб’екта, які дазваляе сабе такія паводзіны, трэба лекаваць. Яго стан павінен быць рытуальна адкарэктаваны і падпарадкаваны сацыяльным нарматыўным рэгулятарам. Аднесенасьць капрызаў да сфэры дзяцінства ўзмацняе ідэю пераходнасьці, калі пераадоленьне падобнай немачы станавілася яшчэ адной прыступкай на шляху сталеньня маленькага чалавека.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG