Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітыкі і экспэрты Цэнтральнай Азіі вылучаюць вэрсіі пра будучыню Ўзбэкістану


Палітыкі і экспэрты Цэнтральнай Азіі факусуюцца на будучыні Ўзбэкістану — самай буйной па колькасьці насельніцтва рэспублікі рэгіёну. Галоўнае пытаньне — хто мог бы зьмяніць Карымава на пасадзе кіраўніка дзяржавы. Віртуальнае, як мінімум, «суперніцтва» ідзе галоўным чынам паміж прэмʼер-міністрам Шаўкатам Мірзіяевым і віцэ-прэмʼерам Рустамам Азімавым.

На думку экспэрта па Цэнтральнай Азіі Аркадзя Дубнова, «больш за ўсё шанцаў заняць ташкенцкі „трон“ у другой асобы ў афіцыйнай узбэцкай герархіі, 59-гадовага прэмʼер-міністра Ўзбэкістану Шаўката Мірзіяева, які ўзначальвае ўрад з 2003 году». Такога меркаваньня прытрымліваецца і галоўны рэдактар інфармацыйнага агенцтва „Фергана.ру“ Данііл Кіслоў, адзін з самых дасьведчаных людзей аб усім, што адбываецца ва Ўзбэкістане. Апаратная вага Мірзіяева, акрамя таго, вызначаецца яго блізкасьцю да прэзыдэнцкай сямʼі, а таксама падтрымкай усёмагутнага шэфа Службы нацыянальнай бясьпекі Узбэкістану (СНБ) 72-гадовага Рустама Інаятава.

Аднак самым важным застаецца пытаньне — якім стане Узбэкістан пасьля Карымава.

Калі ўлада дастанецца ў спадчыну Мірзіяеву, то, хутчэй за ўсё, Ташкенту не пазьбегнуць сурʼёзнага ўзмацненьня расейскага ўплыву, што зусім не азначае новага вяртаньня Ўзбэкістану ва ўлоньне АДКБ або яго ўступленьня ў ЕАЭС. Гэта будзе адпавядаць, хутчэй, інтарэсам прагматычным, чым палітычным, спадчыньнікам Карымава патрэбная будзе рэальная падтрымка, і ў Маскве на яе не паскупяцца, цана пытаньня вельмі вялікая.

Палітоляг Аркадзь Дубноў
Палітоляг Аркадзь Дубноў

Празаходні ўхіл новага пакаленьня ўзбэцкай эліты пры гэтым зусім ня выключаны, але рэзкія павароты ў настроях неўласьцівыя палітыцы Ташкенту — гэта можа стаць справай будучыні.

Але больш за ўсё будуць чакаць сыгналаў, якія ўкажуць на новы курс Ташкенту, у суседніх сталіцах — Душанбэ, Бішкеку і Астане, прычым, дзе-нідзе, хутчэй, з асьцярогай, чым з надзеяй.

У самым 32-мільённым Узбэкістане, тым ня менш, адны спадзяюцца на адлігу, як у 1953-м, пасьля Сталіна. Іншых страшыць прыход да ўлады ісламскіх радыкалаў: лічылася ж, што толькі Карымаў быў ім перашкодай».

Што тычыцца верагоднасьці прыходу да ўлады якога-небудзь апазыцыянэра, то, як адзначыў Аркадзь Дубноў у інтэрвію «Бізнэс-ФМ», «у палітычнай апазыцыі сёньня ва Ўзбэкістане ніхто не назіраецца. Яе ўжо даўно няма. У гэтым якраз і заключаецца характар узбэцкага рэжыму, які палітычную апазыцыю вд самага пачатку трываў вельмі нядоўга. Усіх узбэцкіх апазыцыянэраў — яшчэ з былых дэпутатаў зьезду СССР — ужо альбо няма з намі, альбо яны даўно ў эміграцыі. Адзін ёсьць: самы вядомы апазыцыянэр Карымава Мухамад Саліх — вядомы ўзбэцкі паэт, які ў 1991 годзе быў канкурэнтам Карымава на прэзыдэнцкіх выбарах і атрымаў тады 13 адсоткаў галасоў. Ён узначальваў партыю „Эрк“, якая сьцьвярджае, што і сёньня ўнутры Ўзбэкістану шмат яе прыхільнікаў. Асьцерагацца ўлады можна толькі, вядома, ісламісцкай, радыкальнай, якая ў пэўнай ступені знаходзіцца ў падпольлі... Тым ня менш, трэба глядзець з розных бакоў на сытуацыю, бо менавіта Карымаў успрымаецца вельмі многімі, у тым ліку вельмі многімі ўзбэкамі, як гарант стабільнасьці. І гэта таксама праўда ».

Андрэй Грозін
Андрэй Грозін

Загадчык аддзелу Сярэдняй Азіі і Казахстану Інстытуту краін СНД Андрэй Грозін упэўнены, што пераемнік будзе «зь людзей, якія займаюць цяпер непасрэдна вядучыя пазыцыі, тых людзей, якія ўваходзяць у найбліжэйшае атачэньне прэзыдэнта, як мінімум, на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя. Такіх людзей няшмат, часьцей за ўсё называюць тры прозьвішчы. Гэта, па-першае, шматгадовы кіраўнік Службы нацыянальнай бясьпекі Ўзбэкістану Рустам Інаятаў. Гэта цяперашні, таксама ўжо шматгадовы прэмʼер-міністар Рэспублікі Ўзбэкістан Мірзіяеў. І гэта яго першы намесьнік, віцэ-прэмʼер і адначасова чалавек, які курыруе ўсе асноўныя фінансавыя пытаньні Ўзбэкістану і зьнешнеэканамічную палітыку краіны Рустам Азімаў.

Узбэцкія эліты для таго, каб захаваць палітычную сыстэму, якая склалася пры Карымаве, і сябе ў гэтай палітычнай сыстэме, захаваць свае групы, свой бізнэс, свой кантроль, я думаю, здолеюць неяк дамовіцца і не даводзіць справу да сурʼёзных унутраных канфліктаў, бо ва ўмовах Узбэкістану сытуацыя будзе нашмат горшай, чым у гады таджыцкай грамадзянскай вайны або ў ходзе кіргіскіх зьмен улады. Нягледзячы на тое, што ўсе сыстэмы ўлады пакуль функцыянуюць больш-менш нармальна, але на самой справе ўсё трымаецца па большай частцы шмат у чым на постаці самога Карымава, ён — галоўны судзьдзя ў спрэчках паміж гэтымі групамі, паміж гэтымі ўплывовымі вялікім людзьмі. Калі яго выцягнуць з гэтай сыстэмы, гэта можа апынуцца раўнасільна таму, як выдзіраюць стрыжань зь нейкай канструкцыі, яна ўся разбураецца. Можа зьявіцца элемэнт хаосу, які цяпер пралічыць немагчыма. Ніводзін адказны экспэрт вам цяпер ня скажа ні ў Маскве, ні ў Астане, ні, тым больш, у самым Ташкенце, як наогул усё гэта можа адбывацца, што ў выніку можа атрымацца».

На думку былога дырэктара Казахстанскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Булата Султанава, «зьнешняя палітыка Ўзбэкістану ня можа зьведаць ніякіх зьменаў, таму што Ўзбэкістан гэтак жа, як і краіны Цэнтральнай Азіі, знаходзіцца ўнутры трохкутніка, трыма галоўнымі бакамі якіх зьяўляюцца Расея, Кітай і ісламскі сьвет. Нейкія тактычныя зьмены могуць быць, а стратэгічныя зьмены вызначаюцца нашымі геаграфічнымі ўмовамі», — мяркуе Султанаў.

Падрыхтавана па матэрыялах Fergananews.com і сацыяльнай сеткі Facebook.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG