Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскі аналітык: «У беларусаў ёсьць шанец на новы пачатак, але пры адной умове»


Анджэй Бжэзецкі

Анджэй Бжэзецкі

Галоўны рэдактар уплывовага польскага часопіса «Nowa Europa Wschodnia» Анджэй Бжэзецкі ў артыкуле з нагоды 25-годзьдзя незалежнасьці Беларусі піша пра страты й здабыткі беларускай дзяржавы за апошнюю чвэрць стагодзьдзя.

На думку Бжэзецкага, улічваючы геапалітычнае разьмяшчэньне краіны, беларусам удалося значна больш, чым яны самі бачаць.

«Беларусам, якія ўсё яшчэ жывуць траўмай ІІ сусьветнай вайны, удалося пражыць 25 гадоў у супакоі. Гэта шмат чаго каштуе й гэта самы вялікі посьпех гэтага народу. Апрача ўсяго, яны пражылі гэты пэрыяд значна багацей, чым шмат расейцаў і ўкраінцаў».

Паводле Бжэзецкага, калі б беларусы ў пачатку 90-ых узялі рашучы курс на збліжэньне з НАТО, Эўразьвязам і паспрабавалі збудаваць дэмакратычную дзяржаву, то яны б падзялілі сёньняшні лёс Украіны зь яе вайной і анэксаванай тэрыторыяй.

Калі зьменіцца сусьветная каньюнктура і ў выніку вонкавых праблем Расея, прынамсі, на імгненьне страціць кантроль у рэгіёне, гэта адчыніць вакно вялікіх магчымасьцяў для беларусаў.

«Можна сказаць, што Беларусь незалежная толькі на паперы. Яе эканоміка, войска — амаль ўсё гэта знаходзіцца пад расейскім кантролем. — піша Бжэзецкі.— Лукашэнку пакінулі невялікае поле манэўру ва ўнутранай і вонкавай палітыцы — ён не абавязаны падтрымліваць усе авантуры, у якіх бярэ ўдзел Масква. Гэта ўсё гучыць сумна. Але насамрэч гэта ня так і мала».

На думку Бжэзецкага, калі зьменіцца сусьветная каньюнктура і ў выніку вонкавых праблем Расея, прынамсі, на імгненьне страціць кантроль у рэгіёне, гэта адчыніць вакно вялікіх магчымасьцяў для беларусаў.

«Калі гэта адбудзецца, то цяперашняя беларуская дзяржаўнасьць стане добрым пачаткам, нашмат больш пасьпяховым, чым падзеі 1991 году. Але ёсьць адна ўмова: беларусы павінны самі ўзяць адказнасьць за сваю дзяржаву», — піша Анджэй Бжэзецкі.

Анджэй Бжэзецкі — галоўны рэдактар часопіса «Nowa Europa Wschodnia», публіцыст газэты «Tygodnik Powszechny». Скончыў гістарычны факультэт Ягэлёнскага ўнівэрсытэту. Аўтар кніг, між іншым, зборніка інтэрвію зь беларускамі інтэлектуаламі «Зрабаваны народ». Сябра рады Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў (Варшава).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG