Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеўскі дэмарш Уладзімера Макея


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Што азначаюць кіеўскія заявы міністра замежных справаў Беларусі?

Абмяркоўваюць: Юры Дракахруст, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.


Дракахруст: На мінулым тыдні Ўкраіну наведаў міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей. Яго паездка была прымеркаваная да адзначэньня 25-годзьдзя незалежнасьці Ўкраіны.

Макей узяў удзел ва ўрачыстым адкрыцьці новай рэзыдэнцыі пасла Беларусі ва Ўкраіне, сустрэўся са сваім калегам Паўлам Клімкіным, а таксама з прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам.

На ўрачыстым адкрыцьці новай пасольскай рэзыдэнцыі беларускі міністар заявіў, што «ў адносінах з Украінай Беларусь будзе кіравацца толькі сваімі нацыянальнымі інтарэсамі», адзначыў, што «паміж Беларусьсю і Ўкраінай няма нявырашаных праблемаў». У іншым выступе ён павіншаваў суседні народ з гадавінай і адзначыў, што «за незалежнасьць трэба змагацца». Нарэшце, падчас сустрэчы з Парашэнкам ён падараваў прэзыдэнту Ўкраіны слуцкі пояс і падзякаваў за спрыяньне дыялёгу паміж Беларусьсю і ЭЗ.

У перамовах Макея ў Кіеве былі і іншыя сюжэты, скажам, тэма новага ўкраінскага пасла ў Беларусі і крымінальны перасьлед былога, але я прапаную спыніцца на гэтых.

І ў самым візыце, і ў заявах міністра, якія прагучалі ў Кіеве, не было б нічога экстраардынарнага, калі б не кантэкст. А прыгадаем яго: рэзкае абвастрэньне ўкраіна-расейскіх адносінаў, расейскія абвінавачваньні на адрас Кіева ў дывэрсіях у Крыме, адмова Пуціна ад сустрэчы ў «нармандзкім» фармаце, заявы аб магчымасьці разрыву дыпляматычных адносінаў паміж Расеяй і Ўкраінай.

Пуцін абвінавачвае ўкраінскія ўлады ў тэрарызьме, не жадае сустракацца і наогул мець зносіны з украінскім кіраўніцтвам, а ў Беларусі, паводле Макея, з гэтым самым кіраўніцтвам нават няма нявырашаных праблемаў.

Як бачым, Пуцін абвінавачвае ўкраінскія ўлады ў тэрарызьме, не жадае сустракацца і наогул мець зносіны з украінскім кіраўніцтвам, а ў Беларусі, паводле Макея, з гэтым самым кіраўніцтвам нават няма нявырашаных праблемаў.

На мой погляд, візыт Макея ў Кіеў — выразная дэманстрацыя для Расеі і для Захаду. Расеі дэманструецца, што Беларусь не зьбіраецца адмаўляцца ад курсу на геапалітычнае балянсаваньне, не зьбіраецца цалкам станавіцца ў расейскі ваенна-палітычны шыхт. Сытуацыя крыху нагадвае тую, якая склалася ў адносінах паміж Беларусьсю, Расеяй і Турэччынай пасьля зьбіцьця самалёта: Пуцін гаварыў «пра нож у сьпіну», Менск — пра «братэрскую Расею» і «сяброўскую Турэччыну». Гэтак жа і цяпер — і расейцы браты, але і ўкраінцы — браты.

Гэта і такі своеасаблівы спосаб страхаваньня сваёй пазыцыі: пасьля такіх візытаў і заяваў удзельнічаць у нейкіх антыўкраінскіх акцыях — гэта згубіць твар. Гэта нават расейцы могуць зразумець і не дамагацца ад Беларусі надта ўжо крутога павароту.

Хаця раздражненьне ў Маскве падобныя жэсты і заявы, безумоўна, выклічуць, ня выключаная і новая мэдыйная атака на Макея. Хаця насамрэч не ў Макеі справа — зразумела, што гэта палітыка Лукашэнкі.

Іншы адрасат жэсту — Захад. І выбары ў Беларусі такія, якія ёсьць, і палітвязьні новыя, здаецца, хутка зьявяцца. Але, магчыма, і слуцкі пояс Парашэнку нечага каштуе. Асабліва з улікам таго, што палітыка Менску магла б быць значна менш спрыяльнай для Кіева. Што вельмі ўзрадавала б Маскву і стварыла б дадатковыя праблемы і для Ўкраіны, і для Захаду.

Ну, а так прапануецца разьмен — беларускія ўлады дома робяць горш, чым хацеў бы Захад, але ў міжнароднай палітыцы робяць лепш, чым маглі б. Атрымліваецца абмен — так на так. Ня ў тым справа, што Захад за гэта на радасьцях адваліць мільярды, але пагаршэньня стасункаў ня будзе, і на працягу збліжэньня з Захадам можна будзе гуляць з Масквой, эксплёатуючы яе рэўнасьць.

Цыганкоў: Крымскі інцыдэнт, на фоне якога адбываюцца ўсе падзеі ў нашым рэгіёне, гэта такі прадвесьнік магчымага крызысу Менскага працэсу. Тут можна сказаць, што апошнім часам з абодвух бакоў, і з Расеі — гэта часьцей — але нават і з Украіны гучаць галасы пра тое, што бакі не выконваюць пагадненьні.

Фактычна замірэньня не адбываецца, мы бачым паведамленьні з Данбасу, што там нават узмацніліся ваенныя дзеяньні, і, паводле некаторых зьвестак, ахвяраў у ліпені стала ці ня больш за ўсе астатнія месяцы гэтага канфлікту. Так што дэ-юрэ Менскі працэс дзейнічае, дэ-факта — ужо не.

Калі Менскі працэс цалкам спыніцца, рэгіянальная і міжнародная вага Беларусі зьменшыцца. Аляксандар Лукашэнка, афіцыйны Менск страцяць сваю міратворчую ролю, пазыцыю перамоўнай пляцоўкі.

І калі ён цалкам спыніцца, рэгіянальная і міжнародная вага Беларусі зьменшыцца. Аляксандар Лукашэнка, афіцыйны Менск страцяць сваю міратворчую ролю, пазыцыю перамоўнай пляцоўкі. Як бы зь іроніяй ні ставіліся да таго, што Беларусь была толькі пляцоўкай для перамоваў, але на самай справе гэта немалаважна, і гэта ці ня самае галоўнае дыпляматычнае дасягненьне афіцыйнага Менску за апошнія гады.

Таму Лукашэнка безумоўна зацікаўлены працягваць граць гэтую ролю міратворца, і развалу гэтай канструкцыі яму вельмі не хацелася б. Можна пагадзіцца з тым, што візыт Макея — гэта працяг той жа самай палітыкі ківача, арэляў, якую традыцыйна праводзіць афіцыйны Менск, імкнучыся ня стаць адназначна ў шыхт нейкага аднаго з бакоў.

Афіцыйны Менск як бы задае пытаньне Захаду — што для вас больш важна? Адзін палітык выразіў гэтак так: зараз Захад выбірае незалежнасьць, а не дэмакратыю ў Беларусі ў якасьці прыярытэту. І з гэтым можна пагадзіцца, паколькі менавіта зьнешнепалітычныя дзеяньні Беларусі, яе дыстанцыя ад Расеі ў рэгіянальных канфліктах, напэўна, для Захаду зараз больш важныя, чым нейкія дасягненьні ў дэмакратызацыі.

Гэтым можна і патлумачыць апошнія даволі рэзкія і для многіх нечаканыя дзеяньні ўладаў — такія, як зьяўленьне новых палітвязьняў і не асабліва лібэральны фармат правядзеньня сёлетняй выбарчай кампаніі.

Карбалевіч: Я б расставіў акцэнты крыху інакш. Фармальнай падставай для візыту Макея ва Ўкраіну было адкрыцьцё жылога комплексу беларускай амбасады ў Кіеве. Беларускі міністар наведвае Ўкраіну рэгулярна, прыкладна раз на год.

Хачу нагадаць, што ў жніўні мінулага году Макей зладзіў візыт ва Ўкраіну на цэлых пяць дзён, ён езьдзіў у Адэсу, каб сустрэцца з тамтэйшым губэрнатарам Міхаілам Саакашвілі. І там нават адбылася трохбаковая сустрэча міністраў замежных справаў Беларусі, Украіны і Літвы.

Калі казаць пра магчымыя рэальныя, а не фармальныя мэты гэтага візыту, то, думаю, іх было дзьве. Першая — гэта рэанімацыя Менскага працэсу, імкненьне захаваць Менск у якасьці галоўнай пляцоўкі ўрэгуляваньня ўкраінскага крызысу.

Калі казаць пра магчымыя рэальныя, а не фармальныя мэты гэтага візыту, то, думаю, іх было дзьве. Першая — гэта рэанімацыя Менскага працэсу, імкненьне захаваць Менск у якасьці галоўнай пляцоўкі ўрэгуляваньня ўкраінскага крызысу. Другая задача — захаваць Украіну як галоўны рынак для беларускіх нафтапрадуктаў.

Другая задача — захаваць Украіну як галоўны рынак для беларускіх нафтапрадуктаў. Гэтым годам пастаўкі беларускага маторнага паліва ва Ўкраіну ў фізычным абʼёме вырасьлі на 64%. Важна замацаваць гэтую тэндэнцыю.

Ну, і як паложана, усяму візыту спадарожнічала адпаведная сытуацыі рыторыка. На сустрэчы ў МЗС Макей падкрэсьліў, што, выбудоўваючы двухбаковыя ўзаемаадносіны з Украінай, Беларусь «будзе кіравацца толькі сваімі нацыянальнымі інтарэсамі». Усім зразумела, пра што гаворка.

Шмат зьвяртаецца ўвагі на словы Макея, які падзякаваў прэзыдэнту Ўкраіны за спрыяньне канструктыўнаму дыялёгу Беларусі з ЭЗ. На мой погляд, гэта проста неабходны рытуал.

Я ня веру ў эфэктыўнасьць такога пасярэдніцтва. Бо любыя пасярэднікі ў такой справе — лішняе, часам нават шкоднае зьвяно. Да таго ж цяпер Менск мае магчымасьць наўпрост весьці перамовы і з Брусэлем, і зь іншымі эўрапейскімі сталіцамі. У самой Украіны адносіны з ЭЗ не заўсёды простыя, ёсьць шмат узаемных прэтэнзіяў. Ім бы разабрацца з сваімі праблемамі, ім не да Беларусі.

Яшчэ адзін цікавы сюжэт — наконт вышуку былога пасла Ўкраіны ў Беларусі Міхайла Ежаля. На просьбу журналістаў пацьвердзіць ягонае знаходжаньне ў Менску, Уладзімер Макей адказаў: «Я ня маю інфармацыі пра ягонае месцазнаходжаньне». Цікава тое, што і амбасада Ўкраіны ў Беларусі робіць такі ж «фінт вушамі», робіць выгляд, што нічога ня ведае пра Ежаля. Між тым былы ўкраінскі амбасадар ні ад каго не хаваецца, захоўвае статус публічнай асобы, рэгулярна ходзіць на дыпляматычныя прыёмы ў Менску. Я сам бачыў яго там неаднаразова. Усе гуляюць у такую дзіўную гульню. Кіеў робіць выгляд, што шукае Ежаля, Менск робіць выгляд, што нічога ня ведае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG