Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паведаміла расейская газэта «Коммерсант», Беларусь і Расея блізкія да заключэньня зьдзелкі, якая вырашае газавую спрэчку, што доўжылася з пачатку году.

Як і можна было выказаць здагадку, аднабаковая трактоўка Менскам сваіх абавязацельстваў па газавым кантракце прынятая ня будзе, запазычанасьць прыкладна ў 300 мільёнаў даляраў, якая ўтварылася з пачатку году, давядзецца ўсё ж пагасіць.

Аднак далей пачынаюцца саступкі Масквы. Цана на газ «адвязваецца» ад даляра і пачынае вылічацца ў расейскіх рублях. Гэта страхуе беларускі бок ад стратаў у выніку падзеньня курсу расейскага рубля адносна «зялёнага сябра».

Цана зьніжаецца са 132 даляраў за тысячу кубамэтраў хоць і не да 73 даляраў, якую лічыць справядлівай Менск, але да 100 даляраў, што таксама ўяўляе сабой істотны выйгрыш.

Адначасова аднаўляюцца ў ранейшым абʼёме расейскія нафтавыя пастаўкі, скарочаныя ў чэрвені за ўпартасьць Беларусі ў пытаньні газавых цэнаў.

Цэны на газ для Беларусі застаюцца вышэй за ўнутрырасейскія, але ў пагадненьні ёсьць абяцаньне расейскага боку выраўняць іх да 2025 году.

Цяперашні, жнівеньскі праект пагадненьня не ўтрымлівае ў яўным выглядзе пажаданьня ці патрабаваньня да Беларусі стварыць СП з Расеяй на базе 5 сыстэмаўтваральных беларускіх прадпрыемстваў.

«Коммерсант», паведамляючы пра дэталі праекта пагадненьня, адзначае, што Расея ў ім пайшла на большыя саступкі, чым было прадугледжана праектам ліпеньскага пагадненьня, выпрацаванага па выніках перамоваў першага віцэ-прэмʼера РБ Васіля Мацюшэўскага і віцэ-прэмʼера РФ Аркадзя Дварковіча.

Чаму? Менск у спрэчках з Масквой спасылаўся на тое, што Расея абяцала перайсьці на так званыя «роўнадаходныя цэны» на газ да 2015 году, калі быў урачыста ўтвораны Эўразійскі эканамічны саюз. Але не перайшла. Таму, маўляў, Менск перайшоў на іх явачным парадкам. Цяжка сказаць, наколькі гэты аргумэнт стаў пераканаўчым, але варта заўважыць, што яго важкасьць ніяк не зьмянілася з пачатку 2016 году. Калі Масква не прымала яго пад увагу тады, магла б не прымаць і цяпер.

Мяркуючы па ўсім, вырашальным фактарам стала ўпартасьць беларускага боку ў спалучэньні з «дыпляматыяй скандалу» і асаблівым характарам двухбаковых адносінаў. Адмова плаціць цану, абумоўленую кантрактам, была пазыцыяй запыту, якую здалі ў абмен на рэальныя саступкі.

Мяркуючы па ўсім, вырашальным фактарам стала ўпартасьць беларускага боку ў спалучэньні з «дыпляматыяй скандалу» і асаблівым характарам двухбаковых адносінаў.

Зразумела, такая тактыка наўрад ці спрацавала б, калі б яе выкарыстоўвала, напрыклад, Украіна. Але Беларусь — частка велічнага пляну стварэньня Эўразійскага саюзу, геапалітычнага цэнтру моцы, сымбаля ўставаньня Расеі з каленяў і г.д. Ну, Крым і Сырыя, вядома, таксама сымбалі, і можа больш важкія, але дэманстраваць веліч Расеі адной сілай неяк сумна. Паводле Цютчава, «но мы попробуем спаять ее любовью, и там посмотрим, чья прочней»«.

Гэта значыць, хацелася б, каб хоць нехта ды любіў. Адсюль у практычнай плашчыні вынікае не пахабная выснова, што за любоў трэба плаціць, але вынікае, што з субʼектам і абʼектам гэтай любові нельга абыходзіцца зусім ужо строга і непахісна. Гістэрыкі, угаворы, скандалы, біцьцё посуду — ды на табе на гэтую праклятую футру! Калі падумаць, то не такая яна і дарагая.

Гэтай лёгіцы сямейных адносінаў не чужая і міжнародная палітыка. Што для Расеі па вялікаму рахунку мільярд-другі? Не, шмат, вядома, але не крытычна. Чачня, Крым, Данбас, Сырыя таксама не ў 5 капеек абыходзяцца. У амэрыканцаў вось таксама падступных саюзьнікаў хапае — плацяць жа. Трэба адпавядаць. Цяжар рускага чалавека, перафразуючы Кіплінга.

Ёсьць і іншая інтэрпрэтацыя расейскай шчодрасьці, згодна зь якой Беларусь у абмен саступіла нешта, дарагое сэрцу кожнага беларуса.

Ёсьць і іншая інтэрпрэтацыя расейскай шчодрасьці, згодна зь якой Беларусь у абмен саступіла нешта, дарагое сэрцу кожнага беларуса. Такія тлумачэньні ўзьнікаюць кожны раз пры капітальных расейскіх саступках. У дадзеным выпадку яно ўяўляецца асабліва праўдападобным з улікам вострай ваенна-палітычнай сытуацыі ў рэгіёне. Згодна зь нядаўна апублікаваным дакладам беларускіх палітолягаў Юрыя Царыка і Арсенія Сівіцкага «Беларусь у кантэксьце супрацьстаяньня Расея-НАТО: Пагрозы і выклікі для сувэрэнітэту, незалежнасьці і нацыянальнай бясьпекі. Стратэгічныя высновы і рэкамэндацыі», Масква аказвае беспрэцэдэнтны ціск на Менск, «для рэалізацыі стратэгічнага пляну Масквы патрабуецца ператварэньне Рэспублікі Беларусь з донара бясьпекі і стабільнасьці ў крыніцу шматлікіх выклікаў і пагрозаў бясьпекі і стабільнасьці краінам НАТО і Ўкраіне».

Калі гіпотэза Царыка і Сівіцкага справядлівая, то ня выключана, што платай за шчодрасьць у газавай сфэры можа быць адмова Менску ад палітыкі балянсаваньня і стойка «зважай» у расейскім ваенна-палітычным шыхце. Але прыгожай схеме ня вельмі адпавядаюць факты.

Зьяўленьне ў «Коммерсанте» публікацыі пра беларуска-расейскую газаваю зьдзелку па часе амаль супала з візытам міністра замежных спраў РБ Уладзімера Макея ва Ўкраіну. Супадзеньне выпадковае — візыт быў прымеркаваны да 25-годзьдзя незалежнасьці Ўкраіны, але гэтае супадзеньне аказалася сымбалічным.

Варта нагадаць фон візыту — рэзкае абвастрэньне ўкраіна-расейскіх адносінаў, расейскія абвінавачваньні на адрас Кіева ў дывэрсіях у Крыме, адмова Пуціна ад сустрэчы ў «нармандзкім» фармаце, фактычнае зьніжэньне ўзроўню дыпляматычнай прысутнасьці Расеі ва Ўкраіне, заявы аб магчымасьці разрыву дыпляматычных адносінаў. Ну, і многае іншае.

І вось прыяжджае ў Кіеў Макей. Сустракаецца з прэзыдэнтам Парашэнкам, дорыць таму слуцкі пояс, дзякуе за спрыяньне дыялёгу паміж Беларусьсю і ЭЗ, заяўляе, што «за незалежнасьць трэба змагацца», што ў адносінах з Украінай Беларусь «будзе кіравацца толькі сваімі нацыянальнымі інтарэсамі», адзначае, што «паміж Беларусьсю і Ўкраінай няма нявырашаных праблемаў».

Гэта значыць, Пуцін абвінавачвае ўкраінскія ўлады ў тэрарызме, не жадае сустракацца і наогул мець зносіны з украінскім кіраўніцтвам, а ў Беларусі з гэтым самым кіраўніцтвам нават няма нявырашаных праблемаў? Гэта значыць, балянсаваньне Ўкраіны на мяжы поўнамаштабнай вайны з бліжэйшым саюзьнікам Беларусі — гэта не праблема для Беларусі. Як жа так? А вось неяк так.

Жэст Менску ў дачыненьні да Кіева хутчэй абвяргае меркаваньне, што за газавую зьдзелку давялося заплаціць капітальнымі саступкамі ў ваенна-палітычнай сфэры.

Справа нават не ў ацэнках заяваў Макея, зробленых у Кіеве: у прыхільнікаў непарушнага братэрства Беларусі і Расеі яны, напэўна, спародзяць сум, людзей іншых палітычных поглядаў — пацешаць. Справа ў тым, што пасьля іх будзе палітычна і псыхалягічна цяжка ажыцьцявіць паварот на 180 градусаў, пра які пішуць у сваім дакладзе Царык і Сівіцкі. Гэты паварот і сам па сабе быў бы спалучаны з ладнай стратай твару, а пасьля візыту Макея ў Кіеў і зробленых ім там заяваў — удвая.

Калі б зьбіраліся паварочваць, калі б гэта было часткай узгодненай газавай угоды, у Кіеў паслалі б трэцяразраднага клерка з МЗС ці проста стрыманае віншаваньне прэзыдэнта.

Аматары кансьпіралёгіі могуць, вядома, угледзець у візыце кіраўніка беларускай дыпляматыі вытанчаную бізантыйскую хітрасьць — сёньня падараваць слуцкі пояс, а заўтра ўсадзіць нож у сьпіну. Ну, бывае і такое. Да таго ж добра пашытую тэорыю немагчыма абвергнуць ніякімі фактамі.

Але ўсё ж калі ад прыхільнасьці да ўлюбёных тэорыяў адмовіцца, то жэст Менску ў дачыненьні да Кіева хутчэй абвяргае меркаваньне, што за газавую зьдзелку давялося заплаціць капітальнымі саступкамі ў ваенна-палітычнай сфэры.

Можа, да іх Масква калі-небудзь Беларусь і прымусіць, але не цяпер і не ў абмен на танны газ.

Перадрук з парталу TUT.BY

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG