Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларусаў больш няма радыё на дроце, савецкай радыёкропкі, якая павінна была вісець ці стаяць у кожнай кватэры, кожнай установе.

Усё, больш ня будзе. Я апошні раз аплаціў рахунак за нібы карыстаньне ёю. Прыслалі за два тыдні, паколькі вяшчаньне было спыненае ў сярэдзіне месяца.

Гэта былі хоць і адносна невялікія, але даволі халяўныя грошы для ўлады. Ці шмат людзей у шматпавярховых дамах карысталася ў нашы дні архаічнай радыёкропкай? У мяне ніколі не было. Больш за трыццаць гадоў я рэгулярна плаціў за тое, чым не карыстаўся. Абавязаны быў плаціць: у блянку кватэрнай платы заўсёды выстаўляўся рахунак. Ваяваць ахвоты не было. І нават калі некалькі гадоў таму прачытаў, што нехта дамогся, каб адмянілі яму, і што гэта афіцыйна стала сапраўды магчыма — пайсьці і напісаць заяву, я, можна сказаць, паленаваўся. Хоць у мяне нават дрот ня быў праведзены ў кватэру. Бралі за радыёкропку ў пераводзе на валюту — прыблізна дваццаць цэнтаў, апошні раз — дзесяць.

Радыёкропкі зьявіліся пры Сталіне. У 1937-м іх было дваццаць пяць на тысячу жыхароў. Кропка была інструмэнтам узьдзеяньня ўлады на людзей. У той жа час на востраве Руген нацысты сталі будаваць гіганцкі санаторый на дваццаць тысяч месцаў для «арыйскіх працоўных» і партыйцаў. Даўжынёй чатыры з паловай кілямэтры! У кожны пакой была праведзена радыёкропка. Гітлер і Мусаліні таксама надавалі вялікае значэньне гэтаму інструмэнту прапаганды. Але ў Нямеччыне ды Італіі рабілася крыху інакш: насельніцтву далі магчымасьць набываць танныя прымачы. Слухаць правадыроў. Але таксама былі даступныя іншыя станцыі, замежныя ў тым ліку. У СССР гэта было ня столькі немагчыма, як небясьпечна. Прымачы мелі абмежаванае распаўсюджаньне. І можна было трапіць за краты за праслухоўваньне замежных станцый. Альбо за саму такую магчымасьць. Прыклады існавалі.

З 1964 году ва ўсіх новых жылых дамах СССР абавязкова ў кожнай кватэры было радыё на дроце. Выйшла пастанова саўміну на гэты конт. А да таго часу праграмы трансьлявалі праз вулічныя гучнагаварыльнікі. Дзеля справядлівасьці: на вёсцы гэта стала прыкметай прагрэсу. Памятаю, як у дзеда зьявілася радыёкропка, якая звычайна не выключалася цэлы дзень, і як праводзілі на вёску электрычнасьць. Была сярэдзіна 1960-х гадоў.

Па «хатнім радыё» бясконца круцілі «Течет река Волга, а мне семнадцать лет», «Ой Коля, Николаша, где мы встретимся с тобой?» А таксама балеро Равэля і танец з шаблямі Хачатурана. Усё гэта я ўзьненавідзеў. Ня кажучы пра хорам з пагрозай сьпяванае «Хотят ли русские войны?»

Аднойчы галоўным начальнікам у рэспубліцы стаў Лукашэнка. Ён гаварыў гадзінамі. Спачатку гучаў у адкрытым эфіры, затым некалькі разоў паўтаралі. Спатрэбілася радыёкропка новага тыпу. Перш для вэтэранаў, пэнсіянэраў. Яе выпусьцілі з факсіміле Лукашэнкі.

Лебядзінай песьняй радыёкропкі ў Горадні, напэўна, стала пахаваньне аднаго чыноўніка. На плошчы побач ленінскай статуі стаяў жалобны картэж. Ва ўсіх крамах і цырульнях гучаў непасрэдны рэпартаж з плошчы. Можна было пашкадаваць калегу: дзьве гадзіны не маўчаць. Гарадзенцы даведаліся і пра мора вянкоў і аб тым, што зь сябе ўяўляла труна…

Нібы савецкая эпоха працягваецца, ва ўсякім разе па-ранейшаму культывуецца ў Беларусі. Але штосьці пакрысе сыходзіць, некаторыя яе зьявы і сымбалі. Спачатку на рэанімаваным сьцягу БССР зашылі серп з молатам, засталася самотная камуністычная зорка. Дайшло да дэмантажу глушылак, прызначаных для супрацьдзеяньня замежным радыёстанцыям. Цяпер яшчэ радыёкропку спынілі. Вяшчала з 1925 году. Крыху да стагодзьдзя не дацягнула. Начальства добраахвотна занядбала адну са спраў «бацькі народаў». Але плакаць ня будзем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG