Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Джона Сільвера могуць прызнаць палітвязьнем, — праваабаронца


Эдуард Пальчыс, вядомы як Jhon Silver, стваральнік блога 1863x

Эдуард Пальчыс, вядомы як Jhon Silver, стваральнік блога 1863x

Сьледзтва па крымінальнай справе ў дачыненьні да блогера Эдуарда Пальчыса завершанае, справу перадалі з пракуратуры ў Менскі гарадзкі суд, каб прызначыць працэс.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказалі ў прэсавай службе Вярхоўнага суду Беларусі. Дзень пачатку працэсу яшчэ не прызначаны, сказалі ў Менскім гарадзкім судзе.

Праваабаронцы працягваюць уважліва сачыць за справай Эдуарда Пальчыса, якую лічаць палітычна матываванай. Юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Наста Лойка не выключае, што Эдуарда Пальчыса прызнаюць палітвязьнем:

Наста Лойка

Наста Лойка

«25 жніўня „судзілі“ матэрыялы з сайта 1863х.com, які вёў Эдуард Пальчыс. А працэс над самім блогерам можа пачацца хоць праз 10 дзён, а можа — і больш як празь месяц. Закон гэта дазваляе. Справа „Джона Сільвера“ ўяўляе вялікі грамадзкі інтарэс, і ўжо відавочна, што яна мае яўныя палітычныя прычыны. Гэта пацьвердзіў і суд над матэрыяламі сайта, які ў закрытым рэжыме прызнаў 9 артыкулаў экстрэмісцкімі. Гэтае рашэньне адвакат Пальчыса абскардзіць. Але варта адзначыць, што гэтак робіцца база для будучага суду над самім блогерам».

Ці прызнаюць Пальчыса палітвязьнем, калі яго асудзяць за распаўсюд матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі? Гэта будзе залежаць ад розных акалічнасьцяў.

«У тым ліку ад інфармацыі па справе, якой пакуль недастаткова. Але шмат залежыць і ад таго, ці будзе працэс адкрыты, ці яго таксама закрыюць, фармальна спаслаўшыся на таямніцу. Будзем глядзець і экспэртызы па справе Пальчыса, наколькі яны будуць адкрытыя і аб’ектыўныя», — сказал Свабодзе Наста Лойка.

Эдуарда Пальчыса абвінавачваюць у «распальваньні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці або розьні» (ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэксу) і «распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў» (ч.2 арт. 343). За «распальваньне варожасьці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да шасьці месяцаў ці абмежаваньне волі на тэрмін да пяці гадоў, а за «распаўсюд парнаграфіі» — пазбаўленьне волі на тэрмін ад 2 да 4 гадоў.

Паводле праваабаронцы, Эдуарда Пальчыса ўтрымліваюць у сьледчым ізалятары ў Жодзіне.

«Ён не разгубіўся, захоўвае баявы дух і трымаецца, хаця ўмовы там даволі жорсткія і на яго ўвесь час чыніцца ціск. За 7 месяцаў, што Пальчыса ўтрымліваюць пад вартай, яму ніводнага разу не дазволілі сустрэцца з жонкай, і толькі раз ён змог пабачыць маці. Але, мяркуючы па лістах ад яго, ліставацца ўсё ж дазваляюць», — сказала Наста Лойка.

Абараняць Эдуарда Пальчыса ў судзе зьбіраецца адвакатка Ганна Бахціна.

Блогер Эдуард Пальчыс, вядомы ў інтэрнэце пад імем «Джон Сільвер», зьмяшчаў на сайце 1863х.com, сярод іншага, матэрыялы, у якіх даваліся крытычныя ацэнкі палітыцы Расеі адносна Беларусі і Ўкраіны. На пачатку году Эдуард Пальчыс быў арыштаваны ў Расеі і выдадзены Беларусі.

XS
SM
MD
LG