Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Калюмбіі ўступіла ў сілу замірэньне ўладаў з ФАРК


Дамова аб замірэньні паміж урадам Калюмбіі і баевікамі леварадыкальнай групоўкі ФАРК уступіла ў сілу ў панядзелак.

Замірэньне афіцыйна пачалося апоўначы паводле калюмбійскага часу, яму папярэднічалі чатыры гады перамоваў у сталіцы Кубы Гаване, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Канчатковы варыянт дамовы аб замірэньні меўся быць падпісаны ў кастрычніку па выніках агульнанароднага галасаваньня.

Лідэр ФАРК Радрыга Ландона (таксама вядомы як Тымалеон Хімэнэс або Цімашэнка) аддаў распараджэньне аб спыненьні агню.

«Ніколі больш бацькі ня будуць хаваць сваіх сыноў і дачок, якія загінулі ў часе вайны. Уся варожасьць і крыўда застанецца ў мінулым», — заявіў ён.

Прэзыдэнт Калюмбіі Хуан Мануэль Сантас назваў замірэньне гістарычным крокам і заявіў, што адзін з самых сумных эпізодаў у гісторыі краіны падыходзіць да канца.

Вайна калюмбійскіх уладаў і ФАРК працягвалася больш за 52 гады. Канфлікт забраў жыцьці 260 тысяч чалавек, каля 45 тысяч застаюцца прапалымі бязь вестак, а прыкладна 6,9 млн чалавек засталіся без жытла.

XS
SM
MD
LG