Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра Алеся Чаркашына прадставіў адну з апошніх яго песень. АЎДЫЁ


Алесь Чаркашын, архіўнае фота

Алесь Чаркашын, архіўнае фота

На гадавіну гібелі беларуса Алеся Чаркашына ў баях на Данбасе яго сябра, сустаршыня БХД Георгій Дзьмітрук прадставіў на хрысьціянскім партале krynica.info адну з апошніх песень у выкананьні Чаркашына, «Забалела сэрца» на верш Ларысы Геніюш.

Чаркашын запісаў песьню з дапамогай Дзьмітрука за паўгады да сьмерці, але сябры вырашылі пазьней дапрацаваць запіс, бо засталіся незадаволеныя якасьцю. Цяпер Дзьмітрук вырашыў выдаць песьню «як ёсьць», бо перакананы, што атрымаўся «цікавы варыянт прачытаньня верша Ларысы Геніюш».

У той час Чаркашын працаваў зь Дзьмітруком над чатырма песьнямі, яшчэ адну зь іх, «Я бачу», Дзьмітрук апублікаваў раней.

«Алесь гэта чалавек, які ўвесь час быў з гітарай, — распавядае krynica.info Дзьмітрук. — Ён так і застанецца ў нашай гісторыі чалавекам з гітарай. Дзіўна, што ў яго ніколі не было добрай гітары, але ён вельмі любіў сам інструмэнт. Яго натхняла сама якасьць гуку. Калі ён бачыў добрую гітару, у яго адразу ўзьнікала жаданьне што-небудзь напісаць. Але, на жаль, у яго было такое жыцьцё, што ў яго нават не было сваёй гітары. Ён усё жыцьцё падарожнічаў, усё жыцьцё быў у дарозе. Усё жыцьцё яго клікала рамантыка, клікалі подзьвігі. І ва ўсіх яго песьнях, якія былі напісаныя, прысутнічае прадчуваньне ахвяры, прадчуваньне подзьвігу, нават пакут. Такое адчуваньне, што ў сваіх песьнях, пэрформансах ён прадстаўляў свой жыцьцёвы шлях, які быў напісаны ў яго ў сэрцы».

Тым часам помнік на магіле Чаркашына ў Берасьці ня здолелі ўсталяваць на гадавіну: не хапае грошай. Амаль год ідзе збор ахвяраваньняў, сабрана каля трох чвэрцяў сумы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG