Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва ўсіх кінатэатрах Гомельшчыны пакажуць фільмы, зьнятыя паводле твораў беларускіх пісьменьнікаў


«Гомелькінавідэапракат» з 1 па 4 верасьня правядзе кінаакцыю «Песьняры беларускай зямлі», прымеркаваную да Дня беларускага пісьменства, які пройдзе 4 верасьня ў Рагачове.

Падчас акцыі ва ўсіх кінатэатрах Гомельскай вобласьці пройдуць паказы мастацкіх фільмаў, зьнятых паводле твораў беларускіх пісьменьнікаў, паведаміла БелаПАН вядучы рэдактар КУП «Гомелькінавідэапракат» Сьвятлана Тарасенка.

Сярод фільмаў, якія будуць паказаныя — «Дзікае паляваньне караля Стаха» паводле аднайменнай аповесьці Уладзіміра Караткевіча, «Вазьму твой боль» паводле рамана Івана Шамякіна, «Цуда-востраў, або Палескія рабінзоны» паводле аповесьці Янкі Маўра «Палескія рабінзоны».

Будуць таксама дэманстравацца хроніка-дакумэнтальныя фільмы пра беларускіх паэтаў і празаікаў. Стужка «І кружыцца плянэта Куляшова» раскажа пра жыцьцё і творчасьць народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова, «Пясьняр з Нарачанскага краю» — Максіма Танка, «Я — дзяўчынка на шары» — Раісы Баравіковай.

2 верасьня ў кінатэатры «Прамень» Рагачова заплянаваная творчая сустрэча з адным зь вядучых рэжысэраў-мультыплікатараў «Беларусьфільма» Аляксандрам Ленкіным.

Завершыцца паказ дэманстрацыяй мультфільмаў, зьнятых паводле беларускіх казак.

XS
SM
MD
LG