Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць у дзень нараджэньня. Знойдзены мёртвым расейскі журналіст


Аляксандар Шчацінін

Аляксандар Шчацінін

У Кіеве ў нядзелю ў сваёй кватэры знойдзены мёртвым расейскі журналіст, заснавальнік агенцтва «Новы рэгіён» Аляксандар Шчацінін. Зараз сьледзтва разглядае дзьве вэрсіі таго, што здарылася — забойства і самагубства, але пакуль сьхіляюцца да другой.

Як напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку начальнік аддзела камунікацыі Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве Аксана Блішчык, абставіны сьмерці Аляксандра Шчацініна высьвятляюцца.

Паведамленьне ў паліцыю паступіла каля паўночы: «Калі на месца здарэньня прыбыла сьледча-апэратыўная група, на бальконе знайшлі мужчыну з агнястрэльным раненьнем галавы». Пры аглядзе месца здарэньня праваахоўнікі канфіскавалі стрэляную гільзу, траўматычны пісталет, перадсьмяротную запіску. Дзьверы ў кватэру былі зачыненыя, абстаноўка ў доме не парушаная.

Выданьне «Кіеў аператыўны», якое публікуе крымінальную хроніку, паведаміла, што Шчацініна знайшлі мёртвым яго сябры, якія прыйшлі павіншаваць журналіста с днём нараджэньня. Ён сядзеў у крэсьле з агнястрэльным раненьнем у галаву, побач ляжаў пісталет. Напярэдадні Шчацінін адправіў аднаму з блізкіх электронны ліст, дзе ён паведамляў пра намер зьдзейсніць суіцыд.

Шчацінін заснаваў агенцтва «Новы рэгіён» амаль 20 гадоў таму, і прапрацаваў яго галоўным рэдактарам да лютага 2014 года. Свой сыход Шчацінін патлумачыў «ціскам на расейскія рэдакцыі агенцтва з боку ўладаў РФ». Тады ён быў упэўнены, што ціск і «сыгналі зьверху» зьвязаныя з танальнасьцю асьвятленьня «Новым рэгіёнам» падзей на Майдане ў Кіеве.

«Я блізка да сэрца прыняў ідэі ўкраінскай народнай рэвалюцыі, і я буду зь ёй да канца», — казаў ён. Але і пасля фармальнага сыходу з пасады галоўнага рэдактара Аляксандар Шчацінін актыўна ўдзельнічаў у працы заснаванага ім сродка масавай інфармацыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG