Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 28 жніўня: Генадзю Бураўкіну споўнілася б 80 гадоў


Генадзь Бураўкін
Генадзь Бураўкін

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

«Жывыя бібліятэкі» пачынаюць сваю дзейнасьць пасьля летняга адпачынку і запрашаюць на выставу «Межы Іншага», якую арганізуе CityDog. Ва ўтульнай абстаноўцы за кубачкам гарбаты можна паразмаўляць з цікавымі людзьмі, адкрыць для сябе новае і часам нават атрымаць слушную параду. Месца правядзеньня — ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая, 16.). Пачатак у 15.00.

У «ARENAcity» на праспэкце Пераможцаў, 84 пройдзе фэстываль-кірмаш вырабаў ручной работы і экапрадуктаў «Таямніцы Майстэрства». Кожны з гасьцей зможа пазнаёміцца з рамесьнікамі, майстрамі ручной працы, дызайнэрамі, творчымі майстэрнямі альбо прыняць удзел у майстар-клясах або прыходзіць паслухаць выступленьні маладых выканаўцаў, якія робяць свае першыя крокі на сцэне.

У гісторыі:

1514 — Літоўска-польскае войска рушыла вярнуць Смаленск і трапіла пад напад з боку арміі Масквы. Перастрэлку паміж жаўнерамі выйгралі сілы караля.

1919 — У Вільні адбылося ўрачыстае адкрыцьцё ўнівэрсытэту Стэфана Баторыя, які быў створаны на месцы былога Віленскага ўнівэрсытэту.

1749 — нарадзіўся нямецкі пісьменьнік і мысьліцель Ёган Вольфганг Гётэ.

1936 — нарадзіўся беларускі паэт Генадзь Бураўкін.

1972 — нарадзіўся беларускі журналіст, тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі.

У памяці:

430 — памёр прапаведнік хрысьціянства і палітык каталіцкай царквы Аўгусьцін Аўрэлій.

1640 — памёр Рафал Корсак, уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай.

1744 — памёр Васіль Вашчыла, кіраўнік узброенага сялянскага паўстаньня ў Крычаўскім старостве ў 40-х гадах XVIII стагодзьдзя.

1937 — памёр Аляксандар Каваленя, беларускі археоляг.

1979 — памёр Канстанцін Сіманаў, расейскі пісьменьнік. Паводле запавету, ягоны попел разьвеяны на Буйніцкім полі каля Магілёву.

Цытата:

Штурхалі нас і расьпіналі
На дыбах, плахах і крыжах.
Мы зь нежывых уваскрасалі
Зь вялікай помстаю ў вачах.
На рубяжах сьвятла і ценяў,
На пакалечанай зямлі
Мы паднімаліся з каленяў,
He паміралі —
Мы жылі.
Сьпявалі, галасілі ўголас
Сярод пустэч,
Сярод балот.
Нібы прыбіты градам колас,
Да сонца браўся мой народ.
Адкуль у нас такая сіла,
Магутная, як крыгалом:
Нас і палолі, і касілі,
Цапамі войнаў малацілі,
А мы расьцём,
А мы жывём!

Генадзь Бураўкін, верш «Беларусы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG