Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За 25 гадоў у Зэльве я бачыў толькі аднаго кандыдата — Пазьняка. Ён цікавіўся нашым жыцьцём»


На «Ганьненскім кірмашы» ў Зэльве

На «Ганьненскім кірмашы» ў Зэльве

У Зэльве пад бел-чырвона-белым сьцягам агітуюць за Івана Шэгу. Дзейная дэпутатка Ала Сопікава сама агітуе за сябе. У горадзе адбываецца «Ганьненскі кірмаш». Але вялікай цікавасьці ў мясцовых жыхароў да гэтых падзеяў няма.

Бел-чырвона-белы сьцяг узвышаецца перад уваходам у зэльвенскі гарадзкі рынак. Кіраўнік выбарчага штабу Івана Шэгі Віктар Марчык кажа, што першымі пачалі агітацыю. За гадзіну раздалі большасьць агітацыйнай прадукцыі: праграму Івана Шэгі, газэту «Народная воля» і кнігу Івана Шэгі.

Віктар Марчык агітуе за Івана Шэгу

Віктар Марчык агітуе за Івана Шэгу

«Заўважаю, што сёньня да нас пераважна падыходзяць людзі, якія яўна нас падтрымліваюць, бо першае пра што кажуць — бел-чырвона-белы сьцяг. І на беларускай мове гавораць, людзі, як правіла, дасьведчаныя. А наагул відаць, што большасьці людзей тут выбары нецікавыя», — кажа Марчык.

Мужчына бярэ газэту «Народная воля», дзякуе па-беларуску. Яму прапануюць праграму кандыдата Івана Шэгі, ён бярэ, кажа, што цікава будзе пазнаёміцца, але адразу дадае, што на выбары ўжо даўно ня ходзіць.

На «Ганьненскім кірмашы» ў Зэльве

На «Ганьненскім кірмашы» ў Зэльве

«Я арыентуюся ў тым, што адбываецца, бо сачу за выбарамі ў інтэрнэце. А галасаваць не хаджу па адной прычыне: няма сэнсу, у нас няма выбараў. І пасьля выбараў дэпутаты і наагул улады намі не цікавяцца, і нашае жыцьцё ім таксама нецікавае. Мы тут выжываем, як умеем. Ведаеце, за 25 год толькі адзін дэпутат прыяжджаў да нас, ладзіў сустрэчу і па-сапраўднаму цікавіўся нашым жыцьцём і нашымі праблемамі, раіўся, якія зьмены патрэбныя людзям. Гэта быў Зянон Пазьняк. І ўсё пасьля гэтага...»

Да размовы далучаецца яшчэ адзін мясцовы жыхар і таксама скептычна гаворыць пра выбары.

«За каго і за што галасаваць. У нас за 20 гадоў у Зэльве не стварылі ніводнага працоўнага месца, а тыя арганізацыі, якія былі, развальваюцца, нават будаўніком нідзе не ўладкуесься. Больш за два мільёны не заробіш. А выбары не даюць ніякіх вынікаў. У нас нават пра іх нічога не чуваць — калі не чытаеш інтэрнэт, то можаш і ня ведаць, што яны адбываюцца».

На рынку размаўляю з гандлярамі, скардзяцца на тое, што гандлю амаль няма. Адна жанчына паказвае на пусты пляц і кажа, што раней тут паўсюль стаялі шапікі, а цяпер палова людзей з рынку сышла, бо не маглі заплаціць за месца і падаткі. А пра выбары наагул гаварыць адмаўляецца.

«З гэтых выбараў нічога не выходзіць, я наагул ня ведаю ніводнага дэпутата ў Беларусі і нават не разумею, што робіць той парлямэнт, — іх і не паказваюць ніколі».

Яшчэ адна гандлярка кажа, што практычна ўся моладзь зьехала з Зэльвы на заробкі, бо працы няма:

«Жывём адным днём, ніякіх пэрспэктываў. Але ж такое жыцьцё ня толькі ў нас, па ўсёй краіне. Я хоць тут яшчэ трымаю сьвіней і курэй, то ёсьць чым дзяцей карміць, а што робяць у Менску людзі — не ўяўляю».

З плошчы даносіцца музыка, і я цікаўлюся, ці пойдуць жанчыны на «Ганьненскі кірмаш» паглядзець канцэрты, нешта набыць на кірмашы? Тыя ў адказ толькі ўсьміхаюцца.

«Вы бачылі, як мала людзей на кірмашы. Па-першае, ужо трэці год запар адбываецца адно і тое ж. А там, дзе калгасы прадаюць гародніну, нават адзін і той самы сабачка сядзіць каля будачкі — яго аднекуль прывозяць кожны раз для забавы. А, па-другое, калі сур’ёзна казаць, то з чым на той кірмаш хадзіць, калі за душой у людзей — ні капейкі. Вось у мяне за дзень, калі бывае адзін-два пакупнікі, то я ўжо цешуся з гэтага», — кажа гандлярка.

Ала Сопікава, дзейная дэпутатка парлямэнту, сама раздае ўлёткі і спрабуе размаўляць зь людзьмі, але да яе асобы вялікай цікавасьці таксама няма. Пытаюся ў спадарыні Сопікавай, як яна ацэньвае сёлетнюю выбарчую кампанію? Для яе асабіста гэтая кампанія больш складаная, чым папярэднія, бо трэба адказваць за тое, што зроблена. Але жанчына сьмела прапаноўвае выбарнікам улётку зь пералікам добрых справаў, зробленых за час дэпутацкай кадэнцыі.

Дэпутат дзейнага парлямэнту Ала Сопікава

Дэпутат дзейнага парлямэнту Ала Сопікава

«Я працавала рэзультатыўна, ёсьць вынікі маёй перадвыбарчай праграмы. А людзі цяпер мне часта задаюць пытаньні пра ўласныя праблемы, зь якімі раней не зьвярталіся да мяне. Таму я як дзейны дэпутат запрашаю, каб прыходзілі да мяне на прыём — усё будзем вырашаць».

Цікаўлюся ў дэпутаткі, якія законы ў парлямэнце ініцыявала яна асабіста? На гэта спадарыня Сопікава адказвае, што ня важна колькі законаў дэпутат ініцыюе асабіста, галоўнае, каб тыя, якія прымаюцца, не праходзілі безь ягонай увагі.

Пацікавіўся ў спадарыні Шопікавай, чаму так рэдка ў парлямэнце гучыць беларуская мова, ці плянуюцца нейкія зьмены ў гэтым кірунку? З гэтым Сопікава не пагадзілася, сказала, што мова гучыць, і нават некаторыя законы камісіі па адукацыі, культуры і навуцы, у распрацоўцы якіх яна брала ўдзел, пісаліся па-беларуску:

«Захады для пашырэньня ўжытку беларускай мовы будуць рабіцца надалей, а некаторыя ўжо нават і зробленыя: у школах паступова ўводзіцца аднолькавая колькасьць гадзінаў вывучэньня беларускай і расейскай мовы. Гэты крок я лічу вельмі важным».

У Зэльве цэлы дзень гучыць музыка, але вясёлыя твары сустракаюцца ня так і часта.

XS
SM
MD
LG