Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму лётчыкі ня лазяць у фантаны


Былыя дэсантнікі ў выключаным фантане, што пад капытамі Пэгаса на франтоне драматычнага тэатру
Былыя дэсантнікі ў выключаным фантане, што пад капытамі Пэгаса на франтоне драматычнага тэатру

Дзень авіятара прамінуў, кажаце, незаўважна? П’яныя хеўры па вуліцах ня швэндаліся? У фантаны ня лазілі? А чаму? Чым лётчыкі горшыя ад дэсантнікаў? Што, у арміі служылі інакш? Ці «кішка танка»?

Тым і адрозьніваюцца, што не такія. А ўся гэтая анархія ў барэтах – плябейскае блазенства. Дазволю сабе сказаць – «шутовство», паколькі пайшло з маскоўскіх вуліц, з Волагды ды Сызрані.

Уласна кажучы, у нас гэта называецца расейшчынай. Бо й адзначаюцца сьвяты савецкай, а сёньня расейскай арміі. Так, узброеныя сілы РБ наогул ня маюць сваіх, а толькі расейскія, сьвяткуюць іх цалкам афіцыйна.

Лякалізую праблему: якія адносіны тыя дэсантнікі маюць да Горадні? Ніякага. Зусім. Іх тут ніколі не было. А лётчыкі – маюць, гелікоптэры стаялі. І фуражкі мелі аднолькавага колеру з дэсантнікамі. Чаму ж тым, хто служыў у авіяцыі, не выходзіць маршам па гарадзенскай Савецкай? Мне скажуць: яны не элітныя. Але што ў нашым разуменьні эліта? Якая яе пастава? У пытаньні – адказ. На вуліцу выходзяць ня ўсе дэсантнікі. Ня выключана, тыя, хто любіў дзедаўшчыну, для каго дэмбэльскі альбом быў несусьветна важнай справай.

У Горадні больш за дваццаць гадоў гэтыя анархічныя, заўважу – несанкцыянаваныя, шэсьці традыцыйна пачынаюцца «пагранцамі». Горад, не сакрэт, памежны. Яны вялі рэй. Некалі, памятаецца, такая калёна, хто ў чым, рухалася па вуліцы, а наперадзе – міліцэйская машына. Піетэт! Апошнім разам кампанія са сьцягам абагнула фантан у парку, палохаючы мам зь дзецьмі.

Марш былых пагранцоў вакол фантана ў парку імя Жана Эмануэля Жылібэра
Марш былых пагранцоў вакол фантана ў парку імя Жана Эмануэля Жылібэра

Рэч відавочная: вы ня ўбачыце сярод іх афіцэраў, людзей, якія маюць годнасьць.

На вуліцу выходзяць таксама маракі. У дзень ваеннамарскога флёту Расеі. Тут ужо чаго дзівіцца: Беларусь свайго мора ня мае. Маракі якраз выклікаюць пачуцьці хутчэй прыхільныя. Яны зарэгістравалі свой саюз. І першы раз, наколькі памятаю, прайшлі па гораду ў 2008-м. Да вечнага агню ў парку. Дзе бацюшка ім уручыў абраз сьвятога Мікалая, заступніка маракоў.

Усё было прыстойна, людзі былі ў форме. Праўда, гэта прыядаецца. Апошнім разам сабраліся, але пачалі неўзабаве разыходзіцца па адным, па два ў розныя бакі. Я запытаўся ў сталага мужчыны, што меў на кашулі толькі марацкі каўнер, чаму? Ды нешта сёлета як вараныя нашы, адказаў. З арганізацыяй ня вельмі, а некалі, калі было весялей з цэнамі, наймалі цеплаход. Плавалі па Нёмане на Аўгустоўскі канал? Не плавалі, а хадзілі, удакладніў ён. На тым і разьвіталіся.

Некаторыя, што праўда, выглядалі ня лепш за дэсантнікаў: барэтка на галаве, цяльняшка, сам пузаты. Вылучаліся некалькі марскіх пехацінцаў: цалкам у форме, з аксэльбантамі. Можна было пазайздросьціць. І марскія афіцэры, як заўсёды, былі пры парадзе. Ну хіба палезе капітан трэцяга рангу ў фантан? Хаця вада – стыхія зусім не дэсантнікаў. Праўда, аднойчы бачыў: сядзіць на лаўцы марскі афіцэр, у форме, і ледзь ня падае, так перабраў. Рука пацягнулася пстрыкнуць. Але ня стаў. Чалавек выглядаў неблагім, адно што на разьлічыў дозы. Ну й потым сьвята марское сярод лета, гарэлка даецца ў знакі.

Адразу за маракамі на вуліцу выйшлі тыя дэсантнікі. Нехта напісаў: першы раз у фантаны ня лазілі. Але мне ў кадар трапіліся. Проста быў аўторак, фантаны былі выключаныя. Аднак каля драмтэатру гэтыя былыя дэмбэлі, параіўшыся з двума амонаўцамі, залезьлі ў фантан, выказваючы радасьць. Амонаўцы назіралі з ухвальнай усьмешкай.

А наогул Горадня – горад танкістаў. Тут столькі танкаў было і цяпер яшчэ засталіся, ня кажучы аб пастаўленых на п’едэсталах і аб бранятанкавай музэйнай калёне каля мясцовага кургану славы. Мне здаецца, каб танкісты выйшлі ў шлемах, выглядалі б нічым ня горш за тых дэсантнікаў. Але танкісты не выходзяць. І авіятары. А шакаваць горад працягваюць салдаты былых элітных падразьдзяленьняў.

Якая краіна – такая «эліта». Таму й лагодна ставяцца ў нас да рэгулярнай анархіі каляровых барэтаў. «Свае хлопцы».

І так будзе заўсёды, пакуль будзе існаваць пустая савецкая традыцыя адзначаць дні пагранца, артылерыі, кавалерыі і гэтак далей. У самастойнай нацыянальнай арміі сьвяты могуць быць толькі свае: Дзень стварэньня першага беларускага палка ў Горадні, напрыклад, Дзень Грунвальдзкай бітвы і гэтак далей.

Мне трапіліся ў горадзе тры такія постэры, думаю, іх больш. Пытаньне: дык роднай зямлі адданыя ці фантану?
Мне трапіліся ў горадзе тры такія постэры, думаю, іх больш. Пытаньне: дык роднай зямлі адданыя ці фантану?

У палякаў Дзень войска польскага – гэта дзень паразы бальшавікоў пад Варшавай. Дзе разьбілі іх легіёны Пілсудзкага. Во дзе патрыятычныя пачуцьці выклікае сьвята, гонар за свае ўзброеныя сілы! А не жаданьне залезьці ў выключаны фантан.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG