Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Раней перад выбарамі хоць плякаты і ўлёткі віселі на кожным слупе. А цяпер і гэтага няма...»


Праз два тыдні ў Беларусі павінен зьявіцца абноўлены склад Палаты прадстаўнікоў: на 11 верасьня прызначаны асноўны дзень галасаваньня. Выбарчая кампанія ў краіне набліжаецца да фіналу, аднак праяваў яе на вуліцах беларускіх гарадоў і вёсак надзвычай мала.

Пра гэта паведамляюць у сваіх лістах і слухачы Свабоды. Пачну сёньняшнюю размову з аднаго такога допісу. Разважаючы пра адметнасьці сёлетніх выбараў, Сяргей Шамко з Клецку піша:

Пры такім падыходзе да справы Беларусь можа ўвогуле застацца без дэпутатаў: хто ж іх выбера, калі мы пра іх нічога ня ведаем?

«Кажуць, у Беларусі нібыта ў разгары выбарчая кампанія... Але ж пра яе мала хто ведае. Я дык увогуле не заўважаю: ні агітацыі ў нас, ні палітычных дыскусіяў, ні мітынгаў. Раней хоць плякаты і ўлёткі віселі на кожным слупе. А цяпер і гэтага няма. Вельмі дзіўна. Пры такім падыходзе да справы Беларусь можа ўвогуле застацца без дэпутатаў: хто ж іх выбера, калі мы пра іх нічога ня ведаем?».

Без дэпутатаў не застаняцеся, спадар Сяргей: тут вам турбавацца ня варта. Незалежна ад таго, ведаеце вы іх ці не, праводзілі яны агітацыю ці маўчалі і хаваліся ад людзей — дэпутацкія значкі атрымаюць усе 110 асобаў. А каб даведацца, хто канкрэтна, нават і галасаваньня чакаць ня трэба: сьпісы ўжо апублікаваныя. Усе 110 прайшлі ўзгадненьне і зацьвярджэньне ў сваіх раённых і абласных выканкамах, а потым атрымалі ўхвальныя рэзалюцыі ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Хто і як галасуе — гэта ў сёньняшніх беларускіх умовах, як паказвае досьвед апошніх 22 гадоў, ня мае надта вялікага значэньня.

Аўтар наступнага ліста, наш даўні аўтар Кастусь Сырэль з Вушачаў, свой новы ліст прысьвяціў тэме будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. Слухач піша:

«Людзі майго веку (дый крыху маладзейшыя) добра памятаюць такія неад’емныя атрыбуты жыцьця ў СССР, як „сустрэчны плян“, „падвышаныя сацыялістычныя абавязацельствы“, „пяцігодку — за чатыры гады“ (бывала, што й за тры). Яшчэ — датэрміновы ўвод розных аб’ектаў у эксплюатацыю: да 7 лістапада — дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, да 5 сьнежня — дня Сталінскай канстытуцыі, і гэтак далей.

Што, калі Лукашэнка закліча (чытай — загадае) узяць падвышаныя рынкава-сацыялістычныя абавязацельствы і здаць АЭС у заплянаваны тэрмін? А ён гэта можа. Ці не аукнецца гэта нечым страшным год праз 5–10?

Я ўспомніў пра гэтыя паўзабытыя прыклады эканамічнага шкодніцтва, калі праслухаў, а потым яшчэ і прачытаў перадачу „Трайны ўдар“ ад 12 жніўня — пра будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі — у прыватнасьці, пра тое, што замена пашкоджанага рэактара, відаць, ссуне тэрміны ўводу станцыі. Я падумаў: а што, калі ня ссуне? Што, калі Лукашэнка закліча (чытай — загадае) узяць падвышаныя рынкава-сацыялістычныя абавязацельствы і здаць АЭС у заплянаваны тэрмін? А ён гэта можа. І тут не пазьбегнуць аўральных работ і ўсяго, што з гэтым зьвязана. Ці не аукнецца гэта нечым страшным год праз 5–10?

Я не давяраю будаўнікам — ні нашым, ні расейскім. Паспрабую патлумачыць сваю пазыцыю на прыкладзе. І па гэты прыклад мне нават ня трэба выходзіць з кватэры, у якой я жыву ўжо чвэрць стагодзьдзя і якую набыла для мяне арганізацыя, у якой я тады працаваў.

У кватэры няма ніводнай прамежкавай сьцяны, якая б стаяла строга вэртыкальна. Няма ніводнага пакоя, які мае форму прастакутніка, усё нейкія трапэцыі. Няма ніводнай пляскатай сьцяны: усе «гарбатыя». Усе пліты перакрыцьцяў ляжаць у розных плоскасьцях. На вонкавую цагляную кладку страшна глядзець. Сьпіс можна працягваць бясконца, ад склепу да даху.

Карацей кажучы, каб мне зрабіць прыстойны рамонт, трэба было б разабраць дом па цагліне і скласьці нанава. І мой дом не адзіны, такіх шмат, я нават не пабаюся сказаць — усе. У тым ліку і пабудаваныя ў апошнія гады.

Вы скажаце — ну, гэта ў вас у Вушачах так, у іншых месцах па-іншаму, тым больш на АЭС.

Раскажу вам прыпавесьць. Адзін мой даўні прыяцель (царства яму нябеснае) казаў, што ў такіх выпадках дзейнічае закон, які ён называў «прынцып барака». І палягае ён у наступным: калі ў канцлягеры зьняволеныя ў адным бараку хочуць есьці, то і ў астатніх таксама.

Усе мы родам з СССР, усе мы інфікаваныя камунізмам. І даверыць нам будаўніцтва і эксплюатацыю АЭС можна будзе толькі год праз 50 пасьля таго, як мы вылечымся ад гэтай хваробы

Ня можа так быць, каб у адной краіне пры аднолькавым заканадаўстве, з больш ці менш аднародным насельніцтвам назіралася б істотная розьніца ў мэнталітэце, маралі, спажываньні алькаголю, карупцыі і г.д. І ў Расеі, і ў нас аднолькава і п’юць, і крадуць, і працуюць абы з рук. Гэтаксама і атамныя станцыі будуюць цяп-ляп.

Усе мы родам з СССР, усе мы інфікаваныя камунізмам. І даверыць нам будаўніцтва і эксплюатацыю АЭС можна будзе толькі год праз 50 пасьля таго, як мы вылечымся ад гэтай хваробы».

У савецкі час у невялікіх паселішчах будаўніцтва вялі пераважна мясцовыя ПМК — перасоўныя мэханізаваныя калёны. Наколькі я памятаю па сваім досьведзе журналіста «раёнкі», на працу ў ПМК мясцовыя мужыкі ішлі хіба толькі тады, калі болей іх нікуды ня бралі з прычыны ці то беспрабуднага п’янства, ці то папярэдніх запісаў у працоўнай кніжцы зь пералікам артыкулаў Адміністратыўнага і Крымінальнага кодэксаў. Адпаведнай была і аддача ад такіх кадраў.

У буйных гарадах якасьць будаўнічых працаў была ўсё ж вышэйшая: з прычыны лепшай тэхнічнай і тэхналягічнай базы, большай кваліфікацыі кадраў. Хоць у цэлым вы, спадар Кастусь, безумоўна, маеце рацыю. І тое, якой насамрэч была якасьць будаўніцтва савецкіх атамных станцыяў, пераканаўча паказала гісторыя Чарнобыльскай АЭС.

_________________________________________________________

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

XS
SM
MD
LG